Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правабаронцы прэзэнтавалі альтэрнатыўны законапраект аб свабодзе мірных сходаў 


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

29 чэрвеня ў менскім Прэс-клюбе прадставілі альтэрнатыўны законапраект аб свабодзе мірных сходаў. Пра спэцыфіку беларускай сытуацыі расказалі юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і экспэрт АБСЭ з Малдовы Сяргей Остаф.

На пачатку чэрвеня папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» былі прынятыя ў другім чытаньні Палатай прадстаўнікоў. Пасьля галасаваньня ў Савеце рэспублікі і падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам зьмены ўступяць у сілу.

Што за «жэстачайшая лібэралізацыя» закону пра мітынгі? Тлумачым па пунктах

На перакананьне Валянціна Стэфановіча, гэтыя папраўкі не вырашаюць існуючыя праблемы з правядзеньнем у Беларусі мірных сходаў і не спрыяюць паўнавартаснай рэалізацыі грамадзянамі свайго права на ўдзел у іх.

«У той час, як некаторыя дзяржаўныя органы называюць гэтыя праўкі „прарывам і лібералізацыяй“, праваабаронцы лічаць гэта абсалютна недастатковым крокам. Асноўныя прэтэнзіі, якія ў нас былі і раней, застаюцца. Мы маем патрэбу ў прыняцьці цалкам новага закону, які б адпавядаў міжнародным стандартам і гарантаваў грамадзянам рэалізацыю права на мірныя сходы», — цытуе Валянціна Стэфановіча сайт «Вясны».

Праваабаронца пералічыў асноўныя моманты з існуючага закону, якія супярэчаць міжнародным стандартам:

  • Малая колькасьць месцаў, дзе можна праводзіць мірныя сходы,
  • Нізкая наведвальнасьць і аддаленасьць гэтых месцаў ад цэнтру горада,
  • Неадпаведнасьць стандартам блізкасьці да той аўдыторыі, якой удзельнікі сходу хочуць данесьці інфармацыю,
  • Ускладаньне абавязкаў па аплаце расходаў на арганізатараў — выдаткі па прыборцы тэрыторыі, ахове парадку і мэдабслугоўваньні ва ўсім сьвеце нясе дзяржбюджэт.

Яшчэ адным недахопам існуючага закону Стэфановіч назваў шырокія і размытыя фармулёўкі. Цяпер любая масавая дзея можа быць расцэнена як сход, які падлягае рэгуляваньню.

Сяргей Остаф.
Сяргей Остаф.

Праваабаронца з Малдовы, экспэрт АБСЭ Сяргей Остаф, які браў удзел у распрацоўцы альтэрнатыўнага законапраекту аб мірных сходах, падкрэсьліў, што імі ўлічваўся пазытыўны досьвед шэрагу краін сьвету.

«Законапраект адлюстроўвае асноўныя прынцыпы свабоды мірных сходаў, якія ўтрымліваюцца ў кіроўных прынцыпах АБСЭ. Гэтыя прынцыпы распрацоўваліся экспэртамі з розных краін на аснове тых станоўчых практык, якія існуюць у сьвеце. Прычым гэта практыкі ня толькі краін з даўняй дэмакратычнай традыцыяй, але і маладых дэмакратый, у тым ліку постсавецкіх дзяржаваў», — сказаў Сяргей Остаф.

Станоўчым момантам альтэрнатыўнага законапраекту экспэрт лічыць вызначэньне розных відаў мірных сходаў: стыхійных, адначасовых і контр-сходаў, а таксама варыянты рэгуляваньня кожнага зь іх.

Плюсам альтэрнатыўнага законапраекту малдоўскі праваабаронца лічыць і тое, што ў ім прапісаны асноўныя прынцыпы правядзеньня мірнага сходу. Гэта прэзумпцыя на карысьць яго правядзеньня (улады і сілавікі першапачаткова спрыяюць таму, каб сход адбыўся), абарона мірных сходаў (пры пагрозе яму з боку правакатараў), недыскрымінацыя (няма прыярытэтных месцаў для правядзеньня), індывідуальная адказнасьць (пры парушэньні закону асобнымі ўдзельнікамі пакараньне прымяняецца толькі ў дачыненьні да іх).

Паводле Валянціна Стэфановіча, рэкамэндацыі праваабаронцаў так і не былі пачутыя ўладамі. Аднак яны ня страцяць сваёй актуальнасьці і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Таму альтэрнатыўны законапраект можа быць выкарыстаны як бэкграўнд новага закону.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG