Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства спорту прапаноўвае павялічыць тэрмін бязьвізу да 21 дня


Ілюстрацыйнае фота. Менскі аэрапорт
Ілюстрацыйнае фота. Менскі аэрапорт

Міністэрства спорту і турызму выступае за павелічэньне тэрміну бязьвізавага ўезду і знаходжаньня замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі да 21 дня, заявіў міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук 29 чэрвеня дэпутаты ў Палаце прадстаўнікоў, паведамляе БелаПАН.

Сяргей Кавальчук
Сяргей Кавальчук

«Чакаем рашэньня пакуль. Рашэньне ўжо было прынята, ужо адпраўлена (на зацьвярджэньне кіраўніка дзяржавы. — БелаПАН), цяпер вярнулі назад на дапрацоўку, — сказаў Кавальчук. — Стаіць пытаньне аб павелічэньні тэрміну звыш 10 дзён. Можа, 15 дзён будзе, а можа, яшчэ больш, пакуль я не магу сказаць».

Паводле яго, Мінспорту выступае за максымальна магчымае павелічэньне тэрміну бязьвізу, бо гэта дазволіць іншаземцам прыяжджаць на лячэньне ў беларускія санаторыі.

«Мы зможам аказваць і мэдыцынскія паслугі людзям. У нас дастатковая колькасьць санаторыяў, — сказаў Кавальчук. — Можна прыяжджаць на 20-21 дзень або хаця б на 15. Напрыклад, пяць дзён дыягностыка, 10 дзён можна рабіць лячэньне, працэдуры. Таму мы выступаем за павелічэньне».

Кавальчук паведаміў, што адначасова з пытаньнем аб павелічэньні тэрміну бязьвізу абмяркоўваецца і магчымасьць пашырэньня сьпісу краін, грамадзяне якіх змогуць прыяжджаць у Беларусь бязь візы.

Паводле яго, пакуль не плянуецца пашыраць бязьвізавы ўезд на тых іншаземцаў, якія прыбываюць у Беларусь наземным транспартам.

«Мэханізм застанецца той жа — праз аэрапорты. Нам трэба свае аэрапорты разьвіваць, у тым ліку рэгіянальныя», — сказаў Кавальчук.

Ён адзначыў, што абмеркаваньне прапанаваных зьменаў адбудзецца неўзабаве.

«Напэўна, больш за ўсё пытаньняў будзе з боку сілавых структур, таму што вельмі тонкае пытаньне, трэба прапрацаваць вялікі аб’ём інфармацыі, нейкі мэханізм адпрацаваць, — сказаў Кавальчук. — Але я думаю, што пры разумным правільным падыходзе ўсё магчыма».

З 1 студзеня 2018 году на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнай зоны «Берасьце» і на тэрыторыі парку «Аўгустоўскі канал» для іншаземцаў дзейнічае бязьвізавы рэжым да 10 дзён. Колькасьць бязьвізавых дзён для замежнікаў, якія прыбываюць у Беларусь праз аэрапорт Менск, — пяць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG