Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка завёў краіну ў тупік, таму Расея можа віць з яго вяроўкі», — палітоляг Вусаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы 19 чэрвеня
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы 19 чэрвеня

Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозаў (Варшава) Павал Вусаў. Ён адказвае на пытаньне, чаму Лукашэнка раптам загаварыў пра пагрозу незалежнасьці, заяўляе, што кіраўніцтва Беларусі вяртаецца да стратэгіі продажу кавалкаў беларускага сувэрэнітэту, і заяўляе, што ўлада нічога ня робіць, каб абараніць краіну ад уплыву «русского мира».

«Пастка, у якой знаходзіцца Беларусь, створана Лукашэнкам і ягонымі рукамі»

— «Мы на фронце. Ня вытрымаем гэтыя гады, правалімся — значыць, трэба будзе ці ў склад якойсьці дзяржавы ісьці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі, а ня дай Бог разьвяжуць яшчэ вайну, як ва Ўкраіне». Гэтая заява прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі падчас нарады ў Шклоўскім раёне 22 чэрвеня. Да каго найперш былі зьвернутыя гэтыя словы, і што яны на самой справе азначаюць, на вашую думку?

— Такая ваяўнічая рыторыка, асабліва ў часы ўнутранага крызісу, даволі часта гучыць з вуснаў Лукашэнкі. Яна патрэбна для ўнутранай мабілізацыі, перш за ўсё чынавенства. Але і як элемэнт застрашваньня і мабілізацыі грамадзтва, адцягненьня ўвагі ад унутраных праблемаў. Увесь час Лукашэнка такой рыторыкай паказвае, што Беларусь, з аднаго боку, выспа стабільнасьці, а з другога боку — крэпасьць у аблозе, і з Усходу, і з Захаду. Таму ўсе павінны мабілізавацца і даць патрэбны адпор.

А ворагаў у Лукашэнкі пэрсанальна і ў гэтай сыстэмы шмат. Калі трэба, ворагам становіцца Захад, калі трэба — усходнія алігархі, Расея і Крэмль. Таму гэтыя абстракцыі больш патрэбны, каб уздымаць унутраны градус напружанасьці і мабілізацыі беларусаў.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

— Чаму сёньня Лукашэнку спатрэбілася «ўздымаць унутраны градус»? Можа, вынікі сустрэчы з Пуціным прымушаюць да гэтага? Можа быць, размова пайшла не зусім так, як чакаў беларускі бок?

— Беларусь знаходзіцца ў даволі цяжкай эканамічнай сытуацыі. Эканамічныя праблемы толькі пагаршаюцца. І ў гэтых умовах адзіным мэханізмам і вырашальнікам такіх праблемаў зьяўляецца Расея. Яна звычайна прапануе нейкія інвэстыцыйныя праекты альбо фінансавыя ўліваньні дзеля стабілізацыі ўнутранай эканамічнай сыстэмы Беларусі. Але мы бачым, што Расея ўжо не пагаджаецца на такія традыцыйныя мэтады саюзьніцкіх дачыненьняў. Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбылася на фоне «малочных войнаў», на фоне ўвядзеньня пэўнага мытнага і памежнага кантролю на мяжы Беларусі і Расеі, чаго ніколі не было.

Мы ведаем, чаго ад Лукашэнкі хоча Расея і чым яна яго можа шантажаваць. І перш за ўсё гэта пытаньне расейскай вайсковай базы. У сваіх гульнях з Захадам Лукашэнка пакуль адмаўляецца ад гэтай базы. Але для Расеі гэта ключавое і прынцыповае пытаньне, пры дапамозе якога будзе пастаўлена кропка ва ўмоўных спрэчках, чый Лукашэнка — ці ён расейскі, ці спрабуе гуляць з Захадам, ці ролю нэўтральнага гульца.

Тая пастка, у якой знаходзіцца Беларусь, безумоўна, створаная Лукашэнкам і ягонымі рукамі. Той факт, што Беларусь знаходзіцца ва ўсіх геапалітычных праектах з Расеяй, у тым ліку ў Эўразійскім саюзе, сьведчыць, што Лукашэнку проста няма куды ісьці. Лукашэнка завёў краіну ў тупік, таму Расея ў любы момант можа віць зь яго вяроўкі. Бо магчымасьці дывэрсыфікаваць, выйсьці з гэтай пасткі проста няма.

«Даводзіцца вяртацца да стратэгіі продажу кавалкаў беларускага сувэрэнітэту»

— Але гадамі афіцыйнаму Менску ўдавалася адбівацца ад найбольш настойлівых «просьбаў» Крамля. Напрыклад, з той самай базай. Тры гады прайшло ад расейскага патрабаваньня, а базы ўсё няма. Што, на вашую думку, зьмянілася цяпер, каб лічыць, што вынік будзе іншым?

— Пытаньне базы паўстала ў пэрыяд канфлікту ва Ўкраіне, і на такім фоне яно было для Лукашэнкі некамфортным і непрымальным. Сёньня мы бачым тэндэнцыю да забываньня таго, што адбываецца ва Ўкраіне, тэндэнцыю зьніжэньня пачуцьця бясьпекі. Беларусь апошнім часам увесь час галасуе за расейскія праекты ў любых міжнародных структурах. У той пэрыяд канфлікту Захаду і Расеі вакол Украіны для Лукашэнкі ўзьнікла цудоўная магчымасьць, прастора для манэўру. Былі зьнятыя санкцыі, Менск стаў арэнай нейкай міжнароднай актыўнасьці ў пытаньнях бясьпекі.

Паводле розных апытаньняў, Уладзімер Пуцін мае ў Беларусі даволі вялікую папулярнасьць. Ілюстрацыйнае фота
Паводле розных апытаньняў, Уладзімер Пуцін мае ў Беларусі даволі вялікую папулярнасьць. Ілюстрацыйнае фота

У гэтых умовах Лукашэнка шукаў магчымасьці атрыманьня фінансавай дапамогі ад Захаду — МВФ ды іншыя. Але гэтае пытаньне не было вырашана, залежнасьць ад Расеі толькі павялічваецца, таму даводзіцца вяртацца да стратэгіі продажу кавалкаў беларускага сувэрэнітэту. Лукашэнка актыўна таргаваўся магчымасьцямі Беларусі балянсаваць паміж Захадам і Ўсходам. Але гэтых магчымасьцяў усё меней.

Таму і вяртаецца пытаньне базы, якое становіцца ключавым і прынцыповым для Расеі, якой патрэбны новыя вонкавыя перамогі. А Беларусь — гэта даволі прыемны кавалак, пры дапамозе якога можна вырашаць пэўныя ўнутрыпалітычныя праблемы.

«Улада не рабіла нічога сур’ёзнага дзеля абмежаваньня ўплыву расейскага сьвету на беларускае грамадзтва»

— Такімі сваімі выказваньнямі Лукашэнка хоча даць знак толькі сваім чыноўнікам ці ўсяму беларускаму грамадзтву — маўляў, незалежнасьць пад пагрозай? І якой рэакцыі ад грамадзтва ён чакае — каб яно згуртавалася вакол улады дзеля абароны незалежнасьці? З другога боку, ён жа ня можа выдаць указ альбо даць цыркуляр сваёй вэртыкалі — «Расея нам ужо не браты, а небясьпека»?

— Трэба нагадаць кантэкст гэтай прамовы. Яна адбылася ня толькі пасьля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, але таксама пасьля форуму «Менскага дыялёгу». Таму гэтыя словы — элемэнт гандлю з Захадам. Ён ня толькі хоча аб’яднаць пэўныя колы грамадзтва вакол ідэі сувэрэнітэту, на чале якога стаіць ягоны гарант Лукашэнка, але і даць сыгнал Захаду, што вы павінны больш актыўна фінансава і эканамічна падтрымліваць Беларусь. Бо тут можа пачацца нібыта новая вайна і новая канфрантацыя — чаго Захад вельмі моцна баіцца.

Так што гэта элемэнт мабілізацыі беларускага грамадзтва, але і застрашваньня Захаду. Казаць жа пра нейкія «дырэктывы» вэртыкалі немагчыма, бо нічога ж не адбываецца. І пытаньне пагрозы беларускаму сувэрэнітэту ўзьнікла ня сёньня, а шмат гадоў таму, калі пачаліся працэсы эўразійскай інтэграцыі. І ад самога пачатку было зразумела, што гэта нэаімпэрскі праект Расеі. Тым ня менш Лукашэнка бег туды вельмі актыўна і сам сябе завёў у тую пастку.

Пасьля канфрантацыі ва Ўкраіне беларускай уладай не рабілася нічога сур’ёзнага і маштабнага дзеля абмежаваньня ўплыву расейскага сьвету на беларускае грамадзтва. І на сёньняшні дзень прарасейскія арыентацыі ў беларускім грамадзтве даволі вялікія. Паводле апытаньняў, праведзеных сярод інтэрнэт-карыстальнікаў, Пуцін займае 5-е месца ў беларускай моладзі. І там няма ніводнага беларускага аўтарытэту для маладых беларусаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG