Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп раскрытыкаваў рэстаран, які адмовіўся абслугоўваць яго прэсавую сакратарку


Сара Хакабі-Сандэрс
Сара Хакабі-Сандэрс

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў панядзелак крытычна выказаўся пра рэстаран у Вірджыніі, адкуль яго прэсавую сакратарку Сару Хакабі-Сандэрс папрасілі сысьці, паколькі яна працуе на яго адміністрацыю.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Дональд Трамп
Дональд Трамп

У панядзелак раніцай Трамп напісаў у Твітары, што рэстарану The Red Hen у горадзе Лэксінгтон «варта было б надаваць больш увагі чысьціні сваіх брудных падстрэшкаў, дзьвярэй і вокнаў (якія даўно пара пафарбаваць), замест таго, каб адмаўляць у паслугах такому годнаму чалавеку, як Сары Хакабі-Сандэрс».

«У мяне заўсёды было правіла: калі ў рэстаране брудна звонку, то брудна і ўнутры» — дадаў Трамп, які аддае перавагу харчаваньню ў сеткавых установах фастфуду, паколькі больш ім давярае.

Мяркуючы па фатаграфіях рэстарана ў інтэрнэце, ніякіх сур’ёзных праблем з чысьцінёй там няма: падстрэшкі і дзьверы на выгляд чыстыя.

Сандэрс у выходныя напісала ў Твітэры, што ў пятніцу ўвечары яе папрасілі пакінуць рэстаран, паколькі яна працуе на Трампа. Прэсавая сакратарка дадала, што «ветліва сышла» і што дзеяньні ўладальніцы рэстарана «характарызуюць хутчэй яе, чым мяне».

Саўладальніца рэстарану Стэфані Уілкінсан распавяла газэце The Washington Post, што яе рашэньне было збольшага абумоўлена непакоем за супрацоўнікаў, частка зь якіх — геі. Сандэрс ня раз выступала ў абарону заклікаў Трампа забараніць трансгендэрам служыць у войску.

Яшчэ некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі Трампа, у тым ліку міністарка ўнутранай бясьпекі Кірстэн Нілсэн, у апошнія дні сутыкаліся з пратэстамі грамадзкасьці на фоне абурэньня з нагоды палітыкі адміністрацыі ў дачыненьні да нелегальных імігрантаў.

На мінулым тыдні дэманстранты перапынілі вячэру Нілс у мэксіканскім рэстаране з крыкамі «ганьба», у выніку чаго ёй давялося сысьці. Дарадцу Трампа Стывэна Мілера ў іншым мэксіканскім рэстаране назвалі «фашыстам», паведамляе New York Post.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG