Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская сьпявачка Чычэрына заявіла пра «футболабандэраўцаў» у FIFA


Юлія Чычэрына сьпявае «На перадавой» з баевікамі Данбасу
Юлія Чычэрына сьпявае «На перадавой» з баевікамі Данбасу

Міжнародная фэдэрацыя футболу (FIFA) забараніла расейскай сьпявачцы Юліі Чычэрынай выступаць у Растове-на-Доне на фэстывалі заўзятараў чэмпіянату сьвету (ЧС-2018).

Пра гэта паведаміла сама Юлія Чычэрына, апублікаваўшы ў «Фэйсбуку» фатаздымак ліста, напісанага ад імя мэнэджара FIFA Fan Fest ў Расеі Кацярыны Саўчанкі.

У лісьце гаворыцца, што на футбольных мерапрыемствах пад эгідай FIFA забаронена закранаць палітычныя, ваенныя і рэлігійныя тэмы.

«Гэтая сьпявачка асацыюецца з ваеннай тэмай, нават калі ня будзе выконваць песьняў пра вайну на фэстывалі», — напісана ў лісьце.

Міжнародная фэдэрацыя заклапочаная магчымай нэгатыўнай рэакцыяй у СМІ і наступнымі рэпутацыйнымі рызыкамі для FIFA праз выступ Чычэрынай на ваенныя тэмы. У прыватнасьці, у лісьце дадзеная спасылка на кліп песьні «На перадавой», якую сьпявачка прысьвяціла «абаронцам Данбасу».

«Дзякуй Богу, футболабандэраўцы забаранілі мяне ў Растове-таце, за сотню кілямэтраў ад якога ў шматпакутнай Горлаўцы дзеці спяць у ваннах, каб іх уначы не пасеклі аскепкамі», — пракамэнтавала сытуацыю Чычэрына.

Прадстаўнік Юліі Чычэрынай Алег Гененфельд пацьвердзіў РБК сапраўднасьць дакумэнту. У FIFA сытуацыю пакуль не пракамэнтавалі.

У Чычэрынай ёсьць некалькі песень пра канфлікт на ўсходзе Ўкраіны, яна падтрымлівае самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР» і ня раз выступала з канцэртамі на Данбасе. У 2015 годзе Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла яе ў вышук. У 2017 годзе ёй выдалі пашпарт «ЛНР».

У Растове-на-Доне пройдуць чатыры гульні групавога этапу чэмпіянату сьвету ў футболе і матч 1/8 фіналу кубка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG