Генэральны пракурор Грузіі Іраклі Шатадзэ падаў у адстаўку пасьля таго, як 31 траўня каля тысячы людзей сабраліся ў Тбілісі на пратэст супраць несправядлівага, на іх думку, расьсьледаваньня забойства ў сьнежні 2017 году двух хлопчыкаў-падлеткаў.
«Я пакідаю сваю пасаду і спадзяюся, што справядлівасьць пераможа», — адзначыў Шатадзэ ў паведамленьні на сайце генэральнага пракурора. Пасьля адстаўкі Іраклі Шатадзэ некалькі тысяч пратэстоўцаў сабраліся перад парлямэнтам, патрабуючы адстаўкі ўсяго ўраду.
Прэм’ер-міністар Грузіі Гіоргі Квірыкашвілі адмовіўся ісьці у адстаўку, але загадаў правесьці новае расьсьледаваньне забойстваў.
«Я заўсёды быў і буду зь людзьмі», — сказаў ён, дадаўшы, што сустрэўся з пратэстоўцамі і гаварыў з бацькам аднаго з забітых хлопчыкаў. Квірыкашвілі дадаў, што міністар унутраных спраў ўзначаліць больш стараннае расьсьледаваньне і парлямэнт павінен правесьці спэцыяльнае паседжаньне як мага хутчэй, каб прызначыць чальцоў сьледчай камісіі.
Пратэсты ўспыхнулі 31 траўня пасьля таго, як суд у Тбілісі не назваў вінаватых у забойстве аднаго з падлеткаў і вырашыў скараціць абвінавачаньні ў дачыненьні ўдзельніка канфлікту, чый бацька раней служыў у генэральнай пракуратуры. Пратэстоўцы лічаць гэтае рашэньне суду вынікам палітычнага ўплыву падчас судовага разбору.