Сьледчыя высьвятляюць абставіны пажару, які адбыўся ўначы 27 траўня ў двухпакаёвай кватэры на восьмым паверсе дома па бульвары Прыбярэзінскім у Бабруйску. У пажары загінулі двое шасьцігадовых дзяцей (хлопчык і дзяўчынка), паведамляе Сьледчы камітэт.
40-гадовая маці загінулых дзяцей, якой разам са старэйшым 11-гадовым сынам падчас пажару не было дома, затрыманая і дае паказаньні. Паводле дадзеных сьледзтва, сям’я не стаяла на ўліку сярод тых, хто знаходзiцца ў сацыяльна небясьпечным становiшчы.
Сьледча-апэратыўная група папярэдне ўстанавіла, што ачаг узгараньня знаходзіўся на канапе, якая стаяла ў залі. Для высьвятленьня ўсіх абставінаў здарэньня прызначаныя судова-мэдычная і пажарна-тэхнічная экспэртызы, праводзяцца допыты суседзяў, работнікаў дзяржаўных органаў і іншых службаў.
Бабруйскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 144 Крымінальнага кодэксу Беларусі (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасці двух асобам).
Больш за 30 дзяцей загінулі ў Беларусі ў студзені-красавіку з-за недагляду дарослых
У Беларусі ў студзені-красавіку 2018 году 32 дзіцяці памерлі ад зьнешніх прычынаў, і адказнасьць за гэта ляжыць на дарослых, паведаміла 28 траўня галоўны спэцыяліст аддзела мэдыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Валянціна Ваўчок, паведамляе БЕЛТА.
«Паводле папярэдніх дадзеных, за чатыры месяцы ў Беларусі памерлі 162 дзіцяці, зь іх 32 — ад зьнешніх прычынаў», — сказала Валянціна Ваўчок.