Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кітайска-беларускім парку «Вялікі камень» усяго 35 рэзыдэнтаў


Такую інфармацыю агучыў кіраўнік адміністрацыі парку Аляксандр Ярашэвіч падчас візыту ў парк намесьніка старшыні Кітайскай народнай рэспублікі Ван Цішаня.

«У канцы 2016 году ў нас было 8 рэзыдэнтаў, 26 траўня мы прынялі 35-га рэзыдэнта. Сярод іх 19 рэзыдэнтаў з КНР, 9 — зь Беларусі, астатнія — зь іншых краінаў сьвету», — так апісвае Аляксандар Ярашэвіч дынаміку разьвіцьця парку «Вялікі Камень».

Будаўніцтва парку пачалося ў 2014 годзе.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА паведамляе, што падчас візыту Беларусь прапанавала стварыць адмысловы рэжым гандлю паміж паркам «Вялікі камень» і Кітаем. Таксама была агучаная прапанова стварыць «зялёны» транспартны калідор паміж Кітаем, Расеяй, Беларусьсю і Эўропай.

«Мы б хацелі, каб транспарт рухаўся ў гэтым кірунку не даўжэй за 4-5 дзён», — выказаў пажаданьне кіраўнік адміністрацыі парку.

Ідэя індустрыяльнага парку ўзьнікла ў 2010 годзе, пачалі яго закладаць у 2012-м на падставе міжурадавага пагадненьня паміж Кітаем і Беларусьсю. Праект ажыцьцяўляецца за 25 кілямэтраў ад Менску і за 15 кілямэтраў ад Смалявічаў, у пэрспэктыве зойме плошчу звыш 100 квадратных кілямэтраў. Фактычна на мапе краіны ўзьнікне новы горад, параўнальны з 200-тысячным Бабруйскам.

Прыярытэтнымі кірункамі разьвіцьця абвяшчаліся нанатэхналёгіі, электроніка, біямэдыцына, фармацэўтыка, тонкая хімія, оптыка, машынабудаваньне. Прадукцыя, як плянавалася, будзе пастаўляцца ў краіны СНД і Эўразьвязу. Пазьней Аляксандар Лукашэнка ня выключыў стварэньня тут прадпрыемстваў сыстэмы вайскова-прамысловага комплексу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG