Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто сярод фаварытаў Канскага кінавэстывалю


У суботу на Канскім кінафэстывалі стане вядома, хто атрымае Залатую пальмавую галінку-2018. Фільм лібанскай кінэматаграфісткі Надзін Лабакі «Капэрнаум» стаў адным з фаварытаў прэсы.

Надзін Лабакі — адна з трох жанчын-кінэматаграфістак, якія сёлета ўдзельнічаюць у галоўным канскім конкурсе. Яе фільм распавядае гісторыю 12-гадовага хлопчыка Саіна, які сядзіць у турме і падае ў суд на сваіх бацькоў за тое, што яны нарадзілі яго і пусьцілі ў сьвет. Фільм распавядае пра дзяцей, якія выжываюць на вуліцах Бэйруту ў краіне, дзе чвэрць насельніцтва складаюць бежанцы. Жорсткія бацькі абыякавыя да сваіх шматлікіх дзяцей, прымушаюць іх працаваць і лічаць выгаднай угодай продаж сваёй 11-гадовай дачкі ў жонкі мясцоваму гандляру.

Моцныя бакі гэтага фільма крытыкі ўбачылі ў працы рэжысэра з акторамі-дзецьмі (і нават немаўлятамі), у падборцы актораў на галоўныя ролі. Усе яны непрафэсійныя акторы і пераважна перажылі тое, што адбываецца зь іх героямі на экране.

Многія прадказваюць гэтай стужцы Залатую пальмавую галінку.

Аднак пакуль лідэр у рэйтынгу кінакрытыкаў — драма «Палаючыя» карэйскага рэжысэра Лі Чхан-дона, адзначае сайт RFI. Гэты фільм, зьняты паводле матываў навэлы Муракамі «Спаліць хлеў», застаецца фаварытам у рэйтынгавых табліцах розных выданьняў (ЗША, Францыя, Нямеччына і інш.).

На другім месцы «Крамныя зладзюжкі» японца Хіракадзу Карээды і другая жаночая карціна конкурсу — «Шчасьлівы Лазар» італьянкі Алічэ Рорвахер.

У рэйтынгу расейскіх кінакрытыкаў лідзіруе «Лета» Кірыла Сярэбранікава, які ад леташняга жніўня знаходзіцца ў Расеі пад хатнім арыштам праз крымінальную справу аб махлярстве.

Конкурсныя паказы яшчэ не завяршыліся. Цырымонія закрыцьця 71-га Канскага фэстывалю пачнецца ў 19:15 у суботу, 19 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG