Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэсе ЗША прапанавалі ануляваць дамову 1987 году аб раззбраеньні


Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган падпісваюць Дамову 1987 году.

Камітэт па справах узброеных сіл Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША выступіў за ануляваньне амэрыкана-савецкай Дамовы 1987 году аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці (РСМД) у выпадку, калі Расея ня будзе яго выконваць.

У рэзалюцыі камітэту, прынятай большасьцю галасоў, якая належыць Рэспубліканскай фракцыі, гаворыцца, што Злучаныя Штаты не павінны лічыць сябе зьвязанымі дамовай, калі прэзыдэнт Трамп не пацьвердзіць поўнае яго выкананьне расейскім бокам.

Дэмакраты — члены камітэта выказваюцца за прымяненьне эканамічных санкцый да Расеі за парушэньне Дамовы аб РСМД, але супраць яе дэнансацыi.

Дамова аб РСМД даўно зьяўляецца прадметам спрэчкі паміж тымі, хто лічыць неабходным захаваць пагадненьні, заключаныя паміж звышдзяржавамі ў эпоху халоднай вайны, і пры неабходнасьці мадэрнізаваць іх, і тымі, хто прапануе скасаваць іх як анахранізм, што замінае Амэрыцы абнавіць свае ўзбраеньні.

«Выхад з Дамовы РСМД дазволіць Злучаным Штатам ўкласьці сродкі ў распрацоўку новага пакаленьня крылатых ракет наземнага базаваньня, якія будуць служыць процівагай кітайскай ракетнай зброі, не ахопленай ніякімі дамоўленасьцямі аб раззбраеньні», — заявіў на слуханьнях у Кангрэсе камандуючы ўзброенымі сіламі ЗША на Ціхім акіяне адмірал Філ Дэвідсан.

Дамова аб РСМД была заключаная ў канцы 1987 году ўпадчас візыту Міхаіла Гарбачова ў ЗША і разглядалася ў той час як важны крок да ядзернага раззбраеньня і паляпшэньня адносін паміж СССР і Злучанымі Штатамі. Апошнім часам ЗША неаднаразова абвінавачвалі Расею ў парушэньні палажэньняў дамовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG