За бясьпекай на іракскіх выбарчых участках сочаць дзясяткі тысяч праваахоўнікаў. Першыя вынікі чакаюцца ўжо ўвечары 12 траўня.
У Іраку ў суботу, 12 траўня, пачаліся парлямэнцкія выбары. Яны сталі першымі з тых часоў, як у канцы 2017 году прэм’ер-міністар краіны Хайдэр аль-Абадзі абвясьціў пра перамогу над тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». У галасаваньні могуць прыняць удзел каля 24,5 мільёна жыхароў Іраку, паведамляе DW.
На 329 месцаў у парлямэнце прэтэндуюць амаль 7 тысяч чалавек, уключаныя ў 87 партыйных сьпісаў. Пры гэтым прыкладна 2 тысячы кандыдатаў — жанчыны. Дзякуючы новай электроннай сыстэме галасаваньня, першыя ягоныя вынікі стануць вядомыя ўжо ўвечары 12 траўня.
Для гарантаваньня бясьпекі на выбарчых участках задзейнічаныя дзясяткі тысяч праваахоўнікаў. Высокі ўзровень бясьпекі зьвязаны, у прыватнасьці, з пагрозамі тэрактаў у дзень выбараў, якія паступалі раней ад баевікоў «Ісламскай дзяржавы».
«Ірак перажывае важную фазу»
У сьнежні 2017 году года іракскі прэм’ер-міністар Аль-Абадзі абвясьціў аб заканчэньні вайны супраць тэрарыстаў-сунітаў з «Ісламскай дзяржавы», якія захапілі буйныя часткі тэрыторыі Іраку ў 2014 годзе.
Пасьля гэтай перамогі Ірак перажывае важную фазу, бо гаворка ідзе пра будучыню краіны, адзначыла ў інтэрвію інфармагенцтву DPA кіраўнік аддзяленьня Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа ў Іраку Катарына Рытц. Міжнародная супольнасьць не павінна пакідаць Багдад без увагі, лічыць яна.