Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскі аятала Ахмэд Хатамі прыгразіў разбурыць Тэль-Авіў і Хайфу


Вайсковыя аб'екты Ірану ў Сырыі, якія сёньня ноччу былі атакаваныя Ізраілем.

Паводле Хатамі, гэта будзе зроблена, «калі Ізраіль будзе паводзіць сябе безразважна».

Паводле «Нямецкай хвалі», настаяцель Тэгеранскай агульнапятнічнай малітвы зрабіў гэтую заяву 11 траўня падчас набажэнствы, якое трансьлявалася па іранскім дзяржаўным тэлебачаньні.

Хатамі таксама абяцаў, што Іран, насуперак ціску з боку Захаду, толькі павялічыць сваю ракетную моц.

Напярэдадні Ізраіль заявіў, што ён правёў апэрацыю, у выніку якой была зьнішчана амаль уся іранская вайсковая інфраструктура ў Сірыі. Раней байцы Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, паводле Ізраілю, абстралялі ракетамі з тэрыторыі Сырыі ізраільскія вайсковыя базы на анэксаваных Ізраілем у Сырыі Галанскіх вышынях.

Пратэсты на мяжы Газы

Тым часам у самім Ізраілі працягваецца напружанасьць, зьвязаная з пратэстамі палестынцаў Газы.

Як перадае агенцтва Reuters, сёньня ізраільскія войскі забілі аднаго палестынца і паранілі прынамсі 170 дэманстрантаў у сэктары Газы. Паводле палестынскіх мэдыкаў, лік забітых у выніку шасьці тыдняў пратэстаў на мяжы паміж сэктарам Газы і Ізраілем дасягнуў 44.

Арганізатары палестынскай акцыі пратэсту, якая называецца «Вялікі Сакавік вяртаньня» чакаюць кульмінацыю пратэстаў 15 траўня — у дзень, які палестынцы называюць «Nakba» або «катастрофы», адзначаючы выгнаньне сотняў тысяч арабаў Палестыны падчас канфлікту вакол стварэньня Ізраілю у 1948 годзе.

Ізраіль зазнае крытыку з боку праваабарончых груп за сьмертаносны адказ на пратэсты. Ізраільскія вайскоўцы заявілі ў пятніцу, што яны абараняюць мяжу і нікому не дазволяць разбураць памежную інфраструктуру.

Сэктарам Газы, дзе жыве 2 мільёны чалавек, кіруе ісламісцкая групоўка ХАМАС, якая правяла тры вайны супраць Ізраілю за апошнія 10 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG