У 2016 годзе Ўкраіна забараніла Тамашу Мацейчуку ўезд на 5 гадоў.
Тамаш Мацейчук быў частым госьцем расейскіх ток-шоў. У лютым 2018 Мацейчука затрымалі ў Мыцішчах, дзе ён здымаў кватэру. Яго западозрылі ў прадстаўленьні непраўдзівых зьвестак пры пастаноўцы на міграцыйны ўлік. Аднак суд адпусьціў яго, аштрафаваўшы на 5 тысяч рублёў.
3 мая 28-гадовы Тамаш Мацейчук быў затрыманы ФСБ у аэрапорце Дамадзедава і дэпартаваны з Расеі, пры гэтым яму забаранілі ўяжджаць у краіну на 30 гадоў. Мацейчук лічыць, што гэта «загад зьверху».
Ёсьць меркаваньні, што дэпартацыя Мацейчука — спэцапэрацыя расейсіх спэцслужбаў з мэтай ускладніць стасункі паміж Украінай і Польшчай.
Рэпутацыя Тамаша Майцейчука неадназначная.
«Расейскія ток-шоў — гэта ад пачатку да канца дакладна пастаўленыя спэктаклі. Там усё знаходзіцца пад кантролем, выпадковых людзей туды не запрашаюць. Майцечук упісваецца ў амплюа „паляка-фашыста“ ці „паляка-русафоба“. Ягоная роля — высоўваць спрэчныя тэзысы, ганьбіць гістарычную памяць Расеі і такім чынам замацоўваць той вобраз, які малюе Крэмль», — патлумачыў кіраўнік варшаўскага Цэнтра вывучэньня прапаганды і дэзынфармацыі Адам Лелёнэк.
Тамаш Мацейчук распавёў пра тое, як працуе расейская прапаганда. Паводле яго, «у гэтых праграмах вельмі шмат усялякіх маніпуляцый фактамі, лічбамі, не даюць магчымасьць гэтыя лічбы, гэтыя факты аспрэчваць».
Мацейчук адмовіўся абмяркоўваць пытаньне пра тое, колькі грошай плаціць расейскае ТБ за ўдзел у падобных праграмах замежнікам.