Міністэрства абароны ЗША не выключае павелічэньня свайго вайсковага кантынгенту ў Польшчы. Пра гэта заявіў кіраўнік Пэнтагона Джэймс Мэтыс падчас сустрэчы з польскім міністрам абароны Марыюшам Блашчакам.
Мэтыс адзначыў, што Польшча зьяўляецца саюзьнікам Злучаных Штатаў па NATO. Кіраўнік Мінабароны ЗША падкрэсьліў, што Вашынгтон заўсёды разьмяшчае войскі ў краінах-сябрах ваеннага саюза ў адпаведнасьці з патрэбамі ў забесьпячэньні бясьпекі.
Раней паведамлялася аб занепакоенасьці Польшчы прысутнасьцю расейскіх вайскоўцаў на сваіх межах. У мінулым годзе NATO разьмясьціла чатыры міжнародных батальёна ў Польшчы, Латвіі, Літве і Эстоніі. У сакавіку 2018 года Варшава закупіла ў ЗША супрацьракетныя комплексы Patriot. Сума дамовы склала амаль пяць мільярдаў даляраў. Узбраеньне будзе дастаўлена ў Польшчу ў 2022 годзе.