Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Польшчы выдзеліла 117 тысяч эўра для Крывіцкай СПТВ


Крывіцкая спэцыялізаваная лячэбна-выхаваўчая прафэсійна-тэхнічная вучэльня закрытага тыпу атрымала ў дар ад амбасады Польшчы ў Беларусі сучаснае абсталяваньне для майстэрні па рамонце аўтамабіляў на суму 117 тысяч эўра.

Навучэнцы СПТВ змогуць атрымаць цяпер запатрабаваную спэцыяльнасьць аўтамэханіка. «Формула посьпеху» — так называецца новы праект амбасады Польшчы ў Беларусі.

«Польская дапамога»: ад малых грантаў да сур’ёзных праектаў

«Формула посьпеху» — так называецца новы праект амбасады Польшчы ў Беларусі.

Цягам 10 гадоў у Беларусі працуе праграма супрацоўніцтва для разьвіцьця «Польская дапамога». Галоўны інструмэнт праграмы, які выкарыстоўвае амбасада Польшчы ў Беларусі, — сыстэма «малых грантаў», скіраваная на канкрэтных адрасатаў.

Пачыналі зь невялікіх праектаў па некалькі тысяч эўра, падтрымлівалі неабароненыя групы насельніцтва: інвалідаў, сірот, цяжка хворых. А з 2016 году «малыя гранты» паболелі.

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Міхал Хабрас падкрэсьліў, што «Польская дапамога» скіраваная на людзей, якія цярпяць нястачу, інвалідаў, дзяцей з сацыяльнымі праблемамі.

«Мы невыпадкова абралі гэтую спэцыялізаваную ўстанову, каб рэальна дапамагчы гэтым хлопцам, даць ім магчымасьць навучацца на сучасным абсталяваньні — каб ім было цікава авалодаць прафэсіяй. Спадзяюся, што з нашай дапамогай выхаванцы атрымаюць спэцыяльнасьць, якая дапаможа ім у жыцьці», — выказаў надзею спадар Хабрас.

У адрамантаванай майстэрні ўсталявалі сучасныя стэнды, макеты, трэнажоры, дыягнастычнае абсталяваньне. 27 красавіка на ўрачыстым адкрыцьці пераабсталяванай майстэрні чырвоную стужку перарэзалі намесьнік міністра адукацыі Сяргей Рудаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас.

«Кожны хлопчык марыць пра аўтамабіль, а кожны аўтамабіліст марыць быць кваліфікаваным, каб яго не «разьвялі» на СТА

У Крывіцкім СПТВ на перавыхаваньні цяпер 80 падлеткаў ад 12 да 18 гадоў. Усе яны атрымалі рэальныя тэрміны зьняволеньня за розныя злачынствы: хуліганства, крадзеж, наркотыкі. Па артыкулах, зьвязаных з наркотыкамі, сюды трапілі 58 чалавек. Некаторыя самі ўжывалі спайсы і маюць цяпер праблемы з псыхікай. Ёсьць так званыя «мінёры» — хлопцы, якія рабілі «закладкі». Кантынгент няпросты. І ўсе яны знаходзяцца ў СПТВ закрытага тыпу, пакуль не дасягнулі паўналецьця.

Хлопцы ў вучэльні абавязкова атрымліваюць базавую адукацыю — 9 клясаў. А пасьля маюць магчымасьць авалодаць прафэсіяй. Тут рыхтуюць у асноўным будаўнікоў: маляроў, тынкоўшчыкаў, плітачнікаў. Год таму ўвялі спэцыяльнасьць аўтасьлесара. На 80 выхаванцаў тут 109 пэдагогаў, выхавацеляў, майстроў вытворчага навучаньня.

Анатоль Красьневіч — псыхоляг і майстар вытворчага навучаньня. Кажа, што ад ахвотных авалодаць спэцыяльнасьцю сьлесара-аўтамэханіка няма адбою.

«Кожны хлопчык марыць пра аўтамабіль, а кожны аўтамабіліст марыць быць кваліфікаваным, ведаць, як аўтамабіль уладкаваны, як працуе, як яго адрамантаваць, каб яго не разьвялі, каб не „ўляцела ў капеечку“ на СТА.

Цяпер дзякуючы новаму абсталяваньню мы зможам наладзіць паўнавартасны працэс падрыхтоўкі сьлесараў-аўтамэханікаў. Бо адна справа — даць тэарэтычныя веды, а зусім іншая — паглыблена, на сучасных макетах, устаноўках паказаць усе мэханізмы, вузлы, дэталі аўтамабіля, разабраць усе магчымыя варыянты рамонту, наладкі. У нас навучаюцца фактычна дзеці, і ўвесь час трэба шукаць нейкія фішкі, каб ім было цікава. На такіх макетах, трэнажорах сапраўды прыемна працаваць, усё можна памацаць. Абсталяваньне праўда кляснае, я сам не магу нарадавацца», — кажа Анатоль Красьневіч.

«Дзеці аступіліся, але ім трэба даць шанец, працягнуць руку дапамогі», — мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і прэсавы сакратар ксёндз Юры Санько пастаянна апякуюцца выхаванцамі Крывіцкага спэцінтэрнату.

«Тут дзеці, падлеткі зь нялёгкім лёсам, якія аступіліся ў жыцьці, у кагосьці былі праблемы ў сям’і, хтосьці проста зазнаў уплыў нядобрага чалавека. Нельга адварочвацца ад такіх людзей. Вядома, далейшая будучыня залежыць ад іх саміх. Але гэтым падлеткам неабходна працягнуць руку дапамогі, даць магчымасьць выправіцца, даць шанец, упэўненасьць, што калі яны вернуцца да звычайнага жыцьця, яны змогуць інтэгравацца ў грамадзтва, маючы запатрабаваную спэцыяльнасьць.

Я спадзяюся, што гэты праект, які ад сёньня ўжо працуе, дапаможа хлопцам увайсьці ў новае жыцьцё ўжо падрыхтаванымі», — кажа Тадэвуш Кандрусевіч.

Усяго амбасада Польшчы ў Беларусі ажыцьцявіла больш за 70 праектаў праграмы так званых «малых грантаў» агульным коштам больш за 1 мільён эўра. Большасьць іх пайшла на дапамогу сацыяльна неабароненым групам насельніцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG