Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта ЗША адцясьняе расейскую на эўрапейскім рынку


Аб’ёмы амэрыканскай нафты, экспартаваныя ў Эўропу з пачатку году, узрасьлі ў чатыры разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась. Амэрыканская нафта пачынае складаць годную канкурэнцыю на эўрапейскім рынку нафты, якая пастаўляецца краінамі — чальцамі OPEC і Расеяй, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Reuters.

Паводле Thomson Reuters, амэрыканскія вытворцы за першыя чатыры месяцы 2018 году экспартавалі ў Эўропу каля 7 мільёнаў тон нафты. Аб’ёмы экспарту ў красавіку павінны дасягнуць 2,2 мільёна тон нафты, што зьяўляецца рэкордам. Вядучыя імпартэры — Італія, Вялікая Брытанія і Нідэрлянды. Нафтаперапрацоўчыя фірмы ў Польшчы і Нарвэгіі праводзяць тэставаньне амэрыканскай нафты.

Па словах экспэртаў, цікавасьць да імпарту амэрыканскіх энэргарэсурсаў расьце дзякуючы таннасьці амэрыканскай нафты, якая нават з улікам кошту яе транспартаваньня можа канкураваць з нафтай маркі Brent. Адначасова параўнальна высокія цэны нафты гарантуюць прыбытак амэрыканскім вытворцам сланцавай нафты, якія нарошчваюць яе здабычу. Як піша газэта «Ведомости», экспарт расейскай нафты ў Эўропу ў першыя два месяцы году ўпаў на 10 адсоткаў, у тым ліку і ў выніку зьмяншэньня попыту на яе.

Паводле афіцыйных прагнозаў, у 2018 годзе вытворчасьць нафты ў ЗША вырасьце да 620 мільёнаў тон. Прыблізна столькі ж нафты будзе здабывацца ў Расеі і Саудаўскай Арабіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG