Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіму дыктатара разам зь пісьменьнікам Мудровым


Альбанія, від з вострава Корфу. Здымак Сяргея Астраўцова

Пабываў днямі ў менскім выдавецтве Андрэя Янушкевіча, цяпер маю ў сябе ў Горадні дзьве кніжкі: «Помнік літары Ў» Вінцэся Мудрова і «Хроніку ў камені» Ісмаіля Кадарэ. «Хроніка ў камені» — пераклад Мудрова-малодшага — Максіма.

Новы зборнік прозы Вінцэся — гэта нібы альбанская гісторыя, загорнутая ў беларускія апавяданьні. Самае значнае памерам я пакінуў прачытаць «пад заслону». І яно пакінула наймацнейшы «прысмак». Няхай і пэўная штучнасьць у ім прысутнічае. Называецца «Альбанскае танга». Напачатку 1990-х дальнабойшчык Мікола з Гомеля трапляе ў Альбанію, яшчэ нядаўна самую закрытую краіну Эўропы, яе «Паўночную Карэю».

У дыктатараў усе пад падазрэньнем

Тэкст пачынаецца з Охрыдзкага возера. Мікола Мудрова выяжджае на Тырану. Начуе ў гатэлі на дзясятым паверсе: горад як на далоні. Выпадковае знаёмства: адзін мясцовы вучыўся некалі ў Гомелі на чыгуначніка, закахаўся, але быў адкліканы на радзіму і трапіў за краты як магчымы «савецкі шпіён». У дыктатараў усе пад падазрэньнем. Імя, магчыма, прызабытае, але некалі вельмі вядомае — Энвэр Ходжа. Альбанскі Сталін альбо, можна таксама сказаць, Кім Ір Сэн. Рэзка разарваў адносіны з галоўным другам — СССР. І са злосьці адпомсьціў тым, хто там вучыўся, каго сам паслаў, каму сам дазволіў. Дыктатары — яны такія. «Я наогул лічу, што нармальны чалавек ніколі ва ўладу не палезе», — кажа знаёмец і цікавіцца — хто ў беларусаў за прэзыдэнта? «Пакуль няма. Але будзе Шушкевіч. Больш няма каму», — адказвае дальнабойшчык.

Гэта альбанская гісторыя зь беларускім прысмакам. У Міколы няма сваёй гісторыі. Аўтару патрэбныя яго вучы і вочы, каб слухаць і бачыць.

Падарожжа дальнабойшчыка з новым знаёмцам заканчваецца ў Гіракастры. Гэты горад даў народу ягонага дыктатара і самага вядомага альбанскага пісьменьніка Ісмаіла Кадарэ. Таго, хто стане пазьней першым узнагароджаным міжнароднай літаратурнай прэміяй «Букер».

У мяне міжволі ўзьнікае пытаньне: да каго можа быць накіраваны гэты твор? Зразумела: пісьменьнік піша аб тым, што яму цікава, што турбуе. Яго думкі і пачуцьці могуць супадаць з зацікаўленьнямі чытача, а могуць і не супадаць. Канечне, магу памыліцца, але чытач малады, які ня брыдзіцца беларускай кніжкай, ён абазнаны ў тым, што такое «біткойн» і хто такія хобіты, але за сьпінай за пэўнай гістарычнай рысай для яго можа быць суцэльны цёмны лес. І нейкая Альбанія зь яе дыктатарам там менавіта знаходзіцца, засыпаная вульканічным попелам часу. Так што навэла Мудрова можа быць цікавай пераважна тым, хто яшчэ памятае, што сапраўды існавала ў Эўропе закрытая камуністычная дыктатура і быў у ёй нязьменны гаспадар, Энвэр Халіл Ходжа, які сорак год трымаў сваю краіну жалезнай рукой. Хто яшчэ не забыўся, як на радыёхвалях раптоўна ўзьнікала сталінісцкае Радыё Тырана, якое ў СССР глушылася нароўні з Голасам Амэрыкі.

У сваёй навэле Мудроў робіць два экскурсы ў мінулы час. На ўзроўні дыктатара і на ўзроўні звычайнага маладога альбанца, студэнта.

Ходжу крыўдна, што госьці не пытаюцца ягонай думкі

Першая гісторыя такая. На віле гаспадара Альбаніі ў прыморскай Влёры выпіваюць Хрушчоў з міністрам абароны Маліноўскім. З адаволена разглядаюць у бінокль казармы савецкіх маракоў. І мараць, што базу на дванаццаць падводных лодак можна будзе разбудаваць, каб ледзь не кантраляваць цэлае Міжземнае мора. Ходжу крыўдна, што госьці адчуваюць сябе самаўпэўнена, не пытаюцца ягонай думкі.

1961 год. Намячаецца партыйны зьезд у Маскве. Пасьля якога, як вядома, Сталіна вынесуць зь ленінскага маўзалею і закапаюць. Запрошаныя дэлегацыі васьмідзесяці замежных партый камуністычнай накіраванасьці. Ходжу заманулася выступіць з крытычным дакладам, разьбіць «рэвізіяністаў» на чале з Хрушчовым.

Што было потым? Страх за сваё жыцьцё і ад’езд раней часу — на цягніку заходняга накірунку цераз БССР.

А затым будзе рэзкі разрыў адносінаў з СССР. Уласна кажучы, Ходжа зьменіць учорашніх замежных гаспадароў на новых — на кітайцаў.

Малады чытач можа міжволі прасякнуцца сымпатыяй да Ходжы

Малады чытач можа міжволі прасякнуцца сымпатыяй да Ходжы. Ня ведаю, ці гэта выпадковы эфэкт, ці пісьменьнік так задумаў: перадаць падзеі вачыма Ходжы як проста чалавека, якому ўласьціва перажываць душэўныя пакуты і крыўды нароўні з усімі. І гэта нечакана: у навэле ён менавіта ранімы і літаральна — сумленны чалавек. Аднак чытач больш сталы ня можа трапіцца на кручок. Яму вядома, што праблема Ходжы была толькі ў тым, што ён быў загартаваным сталіністам. Упарта заставаўся ім, хаця эпоха сталінская прамінула.

Ну раз ты пятнаццаць год кормісься з рукі Масквы, то чаго казырыцца? Чаго ты вучыш «вучоных» — што такое камунізм? Калі Альбанія па плошчы толькі крыху большая за Гарадзенскую вобласьць, навошта ў рожкі з Крамлём? Замяніць цябе, па чутках, Хрушчоў надумаў? Але паміж камуністамі заўсёды можна дамовіцца, варта толькі быць дыпляматычна хітрэйшым, згаворлівым, не трымаць бюст Сталіна за пазухай. Табе грошы даюць, а ты іх куды? Замест дамоў, школ, заводаў — бункеры будуеш? (Як вядома, Ходжа пачаў будаваць бэтонныя бункеры, пачынаючы з 1950-га. Каб заставіць імі ўсю Альбанію — 750 тысяч штук).

Альбанія, від з вострава Корфу. Здымак Сяргея Астраўцова
Альбанія, від з вострава Корфу. Здымак Сяргея Астраўцова

У СССР стаўленьне да тых, з кім палаяліся, было падазроным

Другая гісторыя — кароткачасовае каханьне паміж бялявай Надзяй і Петрытам… Ён сьпявае са сцэны альбанскія песьні, яна абвяшчае нумары. Шчасьця не атрымалася. Яго тэрмінова адклікаюць па загаду Ходжы. Ён ніколі ня вернецца. Яна — даволі хутка загіне. Перапіска была немагчымай. У СССР стаўленьне да тых, з кім палаяліся, было па-ранейшаму падазроным, у духу якраз сталінскіх часоў. Зрэшты, такім, як у самой Альбаніі.

Чаму кніга Мудрова называецца «Помнік літары Ў»? Здавалася б, ніякага сакрэту: у ягоным Полацку існуе такі менавіта помнік. Які аднойчы пашкодзілі хуліганы, і ў начальства ніяк не знаходзілася грошай на рамонт. У апавяданьні іншая гісторыя, хаця й полацкая ўзгадваецца.

Хлопец забірае «ў» і робіць на вясковай вуліцы «помнік»

На невялікай чыгуначнай станцыі вырашана ў духу новых часоў замяніць шыльду: беларуская начальству перастала падабацца. Што ж: зрэзалі «балгаркай». Хлопец забірае «ў» і робіць на вясковай вуліцы «помнік» — прыбівае да абцятага камля дрэва. Аднак лёс літары і тут ня лепшы — падшыванцы камянямі зьбіваюць яе.

Зь іншых апавяданьняў адзначу яшчэ «Шпега». Студэнт «на бульбе». Кватаруе ў хаце Кірпіча, грубага мужыка, жонку якога зваць Сабіна. Усе начуюць у адным пакоі. Уначы прылятае шар, зачапіўшыся за плот, б’ецца аб край страхі. Кірпіч выходзіць пабойваецца, жонка настойвае. «Шпіён!» — выгукае той, заляцеўшы ў хату. Гэта прыляцеў радыёзонд, тлумачыць студэнт. Радыёзонд з бляшанай скрынкай.

Кірпічу ўзгадалася, як у дзяцінстве праявіў пільнасьць, здаў памежнікам падазронага чалавека, што прыйшоў з польскага боку, гаварыў па-беларуску.

Кароткі твор, а столькі ў ім усяго

Псыхалягічна тонка Мудроў перадае лучнасьць, што ўзьнікла паміж жонкай гаспадара і студэнтам. Яна паказала яму вачыма на печ і «стоена шапятнула: — Заўтра». Кароткі твор, а столькі ў ім усяго, здаецца.

А зараз аб тым, што мне, як чытачу, пэўным чынам перашкаджала. Мова пра мову ці, дакладней, пра паасобныя словы. Перш — пра лішнія. Калі мне трапляецца фраза «у цясьніне плыла нейкая рака», я адчуваю, што «нейкая» — слова лішняе. І такое трапляецца ня раз.

Другое: стылістычная афарбоўка слоў. Аўтар ня піша «ежа», а заўсёды толькі «едзіва». Як на мяне, яго ўжываць варта толькі абмежавана, у якасьці сыноніму. Вы ня ўбачыце слова «лоб» і нават «чало», а толькі

Калі нехта ідзе «на цырлах», мне робіцца няёмка

кожны раз — «лабешнік», «лабаціна». Калі нехта ідзе «на цырлах», мне робіцца няёмка праз уласную недасьведчанасьць — як гэта? У кнізе няма слова «хлопец», а толькі — «нябож». «Казеліць вокам» на кагосьці — нібы гучыць адметна, але я разгублена шукаю ў галаве нэўтральнага адпаведніка. Слова «кагадзе» калісьці прыцягнула ўвагу ў прозе Чорнага хіба што канца 1920-х. Але ў сучаснай яно выглядае не зусім да месца, наогул цьмяна.

Ня радуюць мяне неабавязковыя палянізмы — «мігдаловы», «адцінак», «канапкі». Каб гэта было ў тэксьце пра польскія рэаліі — то яшчэ няхай…

Праясьню: я не магу даваць моўныя парады масьцітаму аўтару, я проста зазначаю, што сам бы хутчэй пазьбягаў такіх словаў, калі б напісаў «Альбанскае танга».

Пры канцы я задаю сам сабе пытаньне: ці буду вяртацца да новай кнігі Вінцэся Мудрова? Думаю, што да альбанскай навэлы — дакладна.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG