Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь закрые амбасады ў Аўстраліі і Кеніі, адкрые — у Этыёпіі


Амбасада Беларусі ў Канбэры (Аўстралія)

Амбасада Беларусі ў Аўстраліі і па сумяшчальніцтве ў Новай Зэляндыі закрыецца цягам некалькіх бліжэйшых месяцаў. Пра гэта Свабодзе 20 красавіка сказаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

«Гэта адзін з элемэнтаў аптымізацыі нашага міністэрства. Мы ўжо афіцыйна паведамілі пра закрыцьцё амбасады аўстралійскаму боку. Таксама пра гэта праінфармаваныя беларускія грамадзяне», — сказаў прадстаўнік МЗС.

Ён дадаў, што ў рэгіёне застаюцца дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі, якія будуць займацца вырашэньнем консульскіх пытаньняў. Так, беларусы, якія пражываюць у Аўстраліі, змогуць надалей зьвяртацца пры неабходнасьці ў амбасаду Беларусі ў Джакарце (Інданэзія).

Тым часам грамадзянін Беларусі Андрэй Фёдараў, які некалькі разоў карыстаўся паслугамі консульскай службы беларускай амбасады ў Аўстраліі, у Фэйсбуку прапанаваў «усім суайчыньнікам, якія пражываюць у Аўстраліі і Новай Зэляндыі, напісаць зварот альбо зрабіць званок у МЗС Беларусі з просьбай не закрываць амбасаду ці хаця б пакінуць тут консульства, якое б аказвала падтрымку грамадзянам Беларусі з гэтага рэгіёну». Ён таксама стварыў пэтыцыю на сайце Change.org.

МЗС не называе краіны, якія закране працэс аптымізацыі

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі таксама сказаў, што міністэрства адмыслова не называе публічна краіны, якія закране працэс аптымізацыі.

«Адпаведная інфармацыя накіроўваецца нашым замежным партнэрам з улікам пэўных чыньнікаў, у прыватнасьці графікаў двухбаковых кантактаў, графікаў закрыцьця саміх устаноў. Бо гэта праца не аднамомантавая. Ня робіцца так, што раптам зачыняюцца дзьверы і ўсе супрацоўнікі адначасова зьяжджаюць», — патлумачыў Мірончык.

Разам з тым стала вядома, што ўрад Беларусі днямі вырашыў закрыць амбасаду Беларусі ў Кеніі і адкрыць — у Этыёпіі.

«Гэта зроблена з улікам аналізу пэрспэктыў, стану двухбаковых дачыненьняў, рэгіянальных фактараў і шэрагу іншых чыньнікаў», — сказаў Дзьмітры Мірончык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG