Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цьвёрды як сталь. Чысты як золата». Каму належаў іржавы пярсьцёнак у залатым скарбе з Горадні?


Скарб, які знайшлі ў старым доме ў Горадні 14 красавіка.

У Горадні толькі і размоваў пра скарб, знойдзены ў старым доме 14 красавіка. Кошт знойдзенага можа сягнуць ажно да 30 тысяч даляраў, а самую каштоўную рэч калісьці насіў слуга імпэратара.

Падрабязна пра залатыя знаходкі Свабодзе распавёў гісторык і калекцыянэр Ян Лялевіч.

Знайшоў будаўнік мэдычнага цэнтру

Скарб знайшлі на паддашшы мураванкі на тэрыторыі былога габрэйскага гета (2-я Працоўная вул., № 3). Гэта цэнтар гораду. Цяпер дом рэканструююць пад мэдычны цэнтар.

Будаўнік Уладзімер Страковіч разьбіраў дах і пад цэглай знайшоў мэталічную скрыню ад тытуню з надпісам «Tytuń fajkowy specjalny», хутчэй за ўсё варшаўскага вырабу.

Будаўнік Уладзімер Страковіч, які знайшоў скарб падчас працы
Будаўнік Уладзімер Страковіч, які знайшоў скарб падчас працы

Унутры ляжалі 23 залатыя манэты, 11 пярсьцёнкаў, ланцужкі, завушніца, абрэзаны мэдаль, зьліткі золата, зубныя плёмбы. Зьверху ўсё было прыкрытае паперкамі для ўшчыльненьня. Агульная вага скарбу болей за 400 грамаў.

Дом № 3 на 2-й Працоўнай вуліцы ў Горадні, дзе на паддашшы будаўнікі знайшлі скарб
Дом № 3 на 2-й Працоўнай вуліцы ў Горадні, дзе на паддашшы будаўнікі знайшлі скарб

Двудукат, польская дзесяцізлатоўка і аўстрыйская крона

Найстарэйшая манэта датаваная пачаткам XVIII стагодзьдзя, найноўшая — 1925 годам. Найбольш каштоўныя манэты: двудукат XVIII стагодзьдзя, тры дукаты, польская дзесяцізлатоўка міжваеннага часу з выявай першага польскага князя Мешкі І (князя можна ўбачыць на сучаснай банкноце ў 10 польскіх злотых), крона Аўстрыйскай імпэрыі. Рэшта — расейскія рублі, сярод якіх пяць досыць рэдкіх 15-рублёвікаў.

Залаты скарб важыць больш за 400 грамаў
Залаты скарб важыць больш за 400 грамаў

​Пярсьцёнак важыць як чатыры сучасныя

Пярсьцёнкі пераважна стандартныя, большасьць — заручальныя. Але вага некаторых сягае 16 грамаў (для параўнаньня: сёньняшнія заручальныя пярсьцёнкі ў сярэднім важаць 3-4 грамы). На іх няма надпісаў, як, да прыкладу, у папярэдне знойдзеным у Горадні скарбе. Яны мала адрозьніваюцца ад савецкіх пярсьцёнкаў, толькі стаіць царскае кляймо.

«Mon Dieu, mon roi, ma dame»

У скрыні з золатам з агульнай масы выбіваўся ржавы пярсьцёнак. Навошта жалеза ў каштоўным скарбе? Аказалася, гэта адна з найцікавейшых і, магчыма, найдаражэйшых рэчаў са скрыні. Пярсьцёнак некалі насіў выпускнік корпусу пажоў, які існаваў у Пецярбурзе з 1802 па 1918 год. У гэтай вайскова-адукацыйнай установе рыхтавалі да службы імпэратару. Пажоў было вельмі абмежаванае кола.

Золата захоўвалі ў мэталічнай скрыні ад тытуню. На першым пляне добра відаць іржавы пярсьцёнак корпусу пажоў
Золата захоўвалі ў мэталічнай скрыні ад тытуню. На першым пляне добра відаць іржавы пярсьцёнак корпусу пажоў

«Пярсьцёнак іржавы толькі звонку, а ўнутры залаты. Такі незвычайны склад, бо дэвіз пажоў быў: „Цьвёрды як сталь. Чысты як золата“. Надпіс на пярсьцёнку па-француску: „Mon Dieu, mon roi, ma dame“ „Мой Бог, мой кароль, мая дама“. Гэта старадаўні рыцарскі дэвіз. Таксама відаць выява мальтыйскага крыжа (крыж, які раней выкарыстоўвалі як свой сымбаль рыцары)», — тлумачыць малодшы навуковы супрацоўнік Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю Ян Лялевіч.

Гісторык і калекцыянэр Ян Лялевіч
Гісторык і калекцыянэр Ян Лялевіч

Адзін толькі пярсьцёнак з корпусу пажоў можа каштаваць некалькі тысяч даляраў.

Як ён трапіў у Горадню, цяпер цяжка сказаць, хіба што гэта высьветліцца выпадкова. Але наўрад ці сам паж жыў у горадзе.

Мэдаль падразалі ў чорныя дні

Сваёй формай вылучаецца мэдаль у форме няправільнай трапэцыі з рэльефным малюнкам. Гэта памятны мэдальён да трохсотгодзьдзя зьезду ў нямецкім горадзе Шпаэры ў 1829 годзе, дзе прадстаўнікі лютэранскіх нямецкіх княстваў выказалі пратэст супраць анты-рэфармацыйнай рэзалюцыі.

Мэдаль у выглядзе трапэцыі гаспадар, відаць, проста абразаў і прадаваў, калі былі патрэбныя грошы
Мэдаль у выглядзе трапэцыі гаспадар, відаць, проста абразаў і прадаваў, калі былі патрэбныя грошы

«Там відаць дата рымскімі лічбамі — 1529. Гэта памятны настольны медаль, які, імаверна, проста абразалі і здавалі кавалкі, калі ва ўласьніка заканчваліся грошы. Калі б ён застаўся цэлы, яго можна было б значна даражэй ацаніць пры экспэртызе», — распавядае гісторык.

Іншыя складнікі скарбу — залатыя зьліткі да 150 грамаў у выглядзе кулек і пласьцінаў. Апошнія, мажліва, былі ювэлірнымі нарыхтоўкамі, зь якіх плянавалі ствараць вырабы.

«Ня ведаю, ці нехта скуб чыесьці зубы»

У асобнай круглай скрыначцы з-пад пудры ляжалі палядыевыя зубныя пратэзы і стружка.

«Я не хачу ўваходзіць у дэталі, якая стружка і зь якіх зубоў. Ня ведаю, ці нехта скуб чыесьці зубы. Але каронкі тады рабілі з палядыевага сплаву. Палядый каштуе дастаткова дорага. Ён толькі ўдвая таньнейшы за золата», — кажа Ян Лялевіч.

Кошт можа дайсьці да 30 тысяч даляраў

Найменш скарб можна ацаніць у 15 тысяч даляраў, калі проста здаць золата на вагу, як лом. Але з улікам гістарычнай каштоўнасьці прадметаў кошт можа павысіцца нават удвая.

«Дарагія будуць дукаты, пятнаццацірублёўкі. Увогуле манэты дарагія. Пярсьцёнкі звычайна ня надта [высока ацэньваюць], толькі пажаўскі», — разважае калекцыянэр.

Чыё золата?

Золата ў Горадні ўжо назвалі габрэйскім. Хаця сказаць дакладна, чыё яно, наўрад ці нехта зможа.

«На 90% можна казаць, што гэта габрэйскае золата, бо яно знаходзілася на тэрыторыі гета. Чалавек, які яго схаваў, зь нейкіх прычын ня змог па яго вярнуцца. Думаю, ён зрабіў бы ўсё магчымае, каб яго забраць. Ты не прыехаў бы па 15 тысячаў даляраў? Гэта для нас скарб, а тады гэта хутчэй за ўсё быў дэпазыт. „Заначка“, якая зьбіралася, магчыма, гадамі, а можа, стыхійна ў вайну», — разважае Лялевіч.

У сеціве пачалі зьяўляцца прапановы знайсьці ўласьнікаў гэтага дому і аддаць золата іхным нашчадкам. Аднак зрабіць гэта наўрад ці рэальна.

Брама на тэрыторыю дому са скарбам зачыненая на замок падчас выходных
Брама на тэрыторыю дому са скарбам зачыненая на замок падчас выходных

Дом пабудаваны ў 1894 годзе. Першы вядомы гаспадар — габрэй Хаім. Аднак ягоныя нашчадкі маглі ўжо і ня жыць у гэтым будынку. Зьмесьціва скрыні магло належаць адной сям’і або некалькім, як складчына. Неканечне гаспадаром быў чалавек, які да вайны жыў у гэтым доме. Калі ў міжваенны час у такім двухпавярховіку маглі месьціцца па чатыры сям’і, то пасьля стварэньня гета — па дваццаць.

У скрыні знайшлі паперы з надпісамі. Аднак нават яны не дапамогуць раскрыць загадку гаспадара. На дакумэнтах відаць прозьвішча «Фінкельман» і 1937 год.

Дакумэнты ў скрыні са скарбам належалі будаўнічай краме і ня сьведчаць пра ўласьніка багацьця
Дакумэнты ў скрыні са скарбам належалі будаўнічай краме і ня сьведчаць пра ўласьніка багацьця

​«Як мы ўкручваем нешта ў газэты, так, напэўна, і яны схапілі першае, што трапілася пад руку, і ўшчыльнілі зьмесьціва скрынкі. Першае, што ўбачылі на паперах, — гэта прозьвішча „Фінкельман“, і пасьпяшаліся зрабіць выснову, што гэта і ёсьць уласьнік. Але нельга сказаць, што гэта схавалі ў 1937 годзе. Гэта глупства», — мяркуе гісторык.

Гэтыя выходныя дакумэнты былі высланыя зь нейкай будаўнічай крамы, хутчэй за ўсё, горадзенскай. У іх ідзецца пра тачыльныя дыскі.

«У 1939 годзе нацыяналізавалі (сканфіскавалі ў гаспадароў) дробныя прадпрыемствы, склады, крамы. Архівы гэтых прадпрыемстваў, у тым зыходныя дакумэнты, ліставаньне, бальшавікі потым сьпісалі і аддалі габрэям. Тыя іх хутчэй за ўсё прадалі на другаснае выкарыстаньне паперы, што мы часта сустракаем на дакумэнтах: раней чарнавікі, чыстыя з аднаго боку, прадавалі на другаснае выкарыстаньне паперы», — тлумачыць Ян Лелевіч.

Лёс скарбу мусяць вырашаць у Горадні

Паводле закону, палова скарбу належыць дзяржаве, рэшта пароўну дзеліцца паміж чалавекам, які знайшоў скарб, і ўласьнікам будынку.

Палова скарбу, паводле закону, належыць дзяржаве, рэшта дзеліцца пароўну паміж тым, хто знайшоў скарб, і ўласьнікам будынку
Палова скарбу, паводле закону, належыць дзяржаве, рэшта дзеліцца пароўну паміж тым, хто знайшоў скарб, і ўласьнікам будынку

​Ужо цяпер можна меркаваць, што скарб прызнаюць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

«Яго мусяць зрабіць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Калі зрабілі „Антонаўскі“ (знойдзены ў 2016 годзе на вуліцы Антонава ў Горадні), то гэты дакладна зробяць. Па-першае, ён па вазе золата ў чатыры разы цяжэйшы. Па-другое, ён цікавейшы. Антонаўскі быў 110 рублёў золатам і чатыры пярсьцёнкі. Тут манэтаў удвая больш і цікавейшыя, пярсьцёнкаў утрая больш, лому яшчэ колькі», — сьцьвярджае Лялевіч.

Рашэньне наконт папярэдняга скарбу прымалася каля году. Тады пытаньне разглядала Міністэрства культуры. Цяпер, пасьля прыняцьця летась новага Кодэксу аб культуры, лёс скарбу мусіць вырашацца на рэгіянальным узроўні.

Гэта 25-ы скарб, знойдзены ў пасьляваенны час на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці, у Горадні ён трэці і найцікавейшы. Першы — гаманец з манэтамі пры раскопках на вуліцы Вялікай Траецкай, другі — на вуліцы Антонава пры пабудове гандлёвага цэнтру.

На пачатку чэрвеня ў Горадзенскім гісторыка-архэалягічным музэі плянуюць адкрыць выставу, дзе можна будзе пабачыць усе скарбы, знойдзеныя ў Горадзенскай вобласьці. Цяпер золата захоўваецца ў фондах музэю.

Цікава, што «дом са скарбам» фігуруе як знак габрэйскага супраціву фашыстам у адной са сцэнаў фільму «Сьляды апосталаў» (2013), які здымалі ў тым ліку ў Горадні. Паводле сюжэту, з гэтага будынку герой страляе з кулямёту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG