Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банан можа замяніць спартовыя напоі для тых, хто ўжывае вугляводы падчас фізычных практыкаваньняў, а пасьля іх — для хуткага аднаўленьня.

Такую выснову зрабілі аўтары новага дасьледаваньня, у якім параўноўваліся клетачныя эфэкты ад вугляводаў, спажываных падчас заняткаў спортам. Пра гэта піша газэта The New York Times.

Было ўстаноўлена, што банан з ўсімі яго прыроднымі якасьцямі забясьпечвае параўнальныя або нават большыя супрацьзапаленчыя (і іншыя) эфэкты для спартоўцаў, чым спартовыя напоі.

Фактычна, у банана ёсьць толькі адзін недахоп — ён можа выклікаць празьмернае выдзяленьне газаў і надзіманьне жывата.

Перадгісторыя

На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў спартоўцы і трэнэры лічылі, што ўжываньне вугляводаў падчас працяглай нагрузкі дазваляе трэніравацца даўжэй і з больш высокай інтэнсіўнасьцю, а таксама хутчэй аднавіцца пасьля нагрузкі. І цяпер гэта пацьвердзілі дасьледаваньні.

Вугляводы хутка сілкуюць мышцы, памяншаючы фізіялягічны стрэс і запаленьне

Вугляводы хутка сілкуюць мышцы, памяншаючы фізіялягічны стрэс ад нагрузкі і зьмяншаючы запаленьне.

Найбольш засваяльнымі формамі вугляводаў зьяўляюцца цукры — глюкоза, фруктоза або цукроза. Вось менавіта іх і давалі раней спартоўцам у форме спартовых напояў.

Але такія напоі ўтрымліваюць у сабе штучныя рэчывы, узятыя не з прыроды. Там шмат хіміі, араматызатараў. Некаторыя людзі стараюцца пазьбягаць гэтага. Тым часам у бананах хоць і шмат прыроднага цукру, але шмат і іншых карысных рэчываў.

Першы экспэрымэнт

Яшчэ ў 2012 годзе дасьледчыкі з Паўночнай Караліны задумаліся пра садавіну як пра больш здаровую альтэрнатыву спартовым напоям падчас фізычных практыкаваньняў.

Тады ж і быў праведзены першы экспэрымэнт, падчас якога адна група раварыстаў ужывала бананы або спартовыя напоі, а іншая — толькі ваду. Першая група паказала лепшыя спартовыя вынікі, а ў крыві яе ўдзельнікаў былі меншыя ўзроўні запаленьня.

Але сам мэханізм такога ўзьдзеяньня прааналізаваны ня быў.

Новае дасьледаваньне

У новым дасьледаваньні, вынікі якога былі апублікаваныя ў мінулым месяцы ў часопісе PLOS One, навукоўцы выкарысталі больш складаныя мэтады аналізу і адсочвалі малекулярныя зьмены ў арганізьме раварыстаў.

220 добра натрэніраваных спартоўцаў, мужчын і жанчын, у лябараторных умовах некалькі разоў «праехалі» на трэнажорах 75 кілямэтраў. Падчас адной паездкі яны пілі толькі ваду, падчас іншых пілі спартовыя напоі або зьядалі палову банана кожныя 30 хвілін.

у тых, хто піў толькі ваду, пасьля нагрузкі былі больш высокія ўзроўні маркёраў запаленьня ў параўнаньні з тымі, хто спажываў спартовыя напоі або бананы

Пасьля ў спартоўцаў бралі кроў і аналізавалі яе на маркёры запаленьня і ўзровень сотняў малекул, вядомых як мэтабаліты, якія зьмяняюцца падчас і пасьля нагрузкі і паказваюць на ўзровень стрэсу. Таксама кроў аналізавалі і на генэтычным узроўні, каб паглядзець на актыўнасьць пэўных генаў, якія ўдзельнічаюць у запаленьні.

Як і чакалася, навукоўцы выявілі, што ў тых, хто піў толькі ваду, пасьля нагрузкі былі больш высокія ўзроўні маркёраў запаленьня ў параўнаньні з тымі, хто спажываў спартовыя напоі або бананы. Тое самае і з ўзроўнем мэтабалітаў.

Новыя вынікі

Але выявілася, што ў крыві тых спартоўцаў, якія спажывалі бананы, пасьля трэніроўкі аказалася значна менш энзіму COX-2, які павялічвае выпрацоўку простагляндынаў, што, у сваю чаргу, інтэнсыфікуюць запаленьне.

Навукоўцы зрабілі выснову, што банан аказвае на арганізм чалавека такі самы эфэкт, як супрацьзапаленчыя прэпараты, напрыклад, ібупрафэн,

Пры гэтым лекары пакуль так і ня высьветлілі, якім менавіта чынам банан здольны ўплываць на экспрэсію генаў клеткі пасьля фізычнай нагрузкі.

Таксама мэдыкі ня ведаюць, ці зьяўляецца аптымальнай доза, якую яны выкарыстоўвалі падчас экспэрымэнту — прыблізна палова банана кожныя 30 хвілін.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG