Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Зямлю падае вялікая касьмічная станцыя. Што трэба ведаць?


Ілюстрацыйнае фота. Зямля з ілюмінатара Міжнароднай касьмічнай станцыі.

Кітайская касьмічная станцыя Tiangong-1, запушчаная 29 верасьня 2011 году, страціўшы ў сакавіку 2016-га сувязь зь Зямлёй, мае найбліжэйшымі днямі ўпасьці на нашу плянэту.

Што за станцыя?

Кітайская касьмічная станцыя Tiangong-1 (кіт. Нябесны палац) была запушчаная 29 верасьня 2011 году з касмадрому Цзюцюань, найбуйнейшай пускавой пляцоўкі Кітаю. Станцыя працавала да сакавіка 2016 году, калі сувязь была канчаткова страчана. За гэты час на самой станцыі пабывала дзьве экспэдыцыі, якія абслугоўвалі яе і праводзілі розныя экспэрымэнты.

Даўжыня модуля касьмічнага апарата, які ўпадзе на Зямлю, складае прыблізна 12 мэтраў, а дыямэтр — 3,3 мэтра. Прыблізная маса невялікая — на старце яна складала каля 8,5 тонаў. Таму, паводле меркаваньня спэцыялістаў, да паверхні Зямлі даляцяць толькі досыць дробныя аскепкі, а асноўная частка згарыць у атмасфэры.

Што ўвогуле адбываецца?

Касьмічная станцыя, страціўшы сувязь зь Зямлёй, паступова пачала зьніжацца са сваёй арбіты, вышыня якой складала 300-400 кілямэтраў. Гэта лічыцца нізказемнай арбітай, на якой знаходзіцца, напрыклад, Міжнародная касьмічная станцыя, а таксама цэлы шэраг спадарожнікаў.

Пра тое, што кітайскі Tiangong-1 падае, стала зразумела адразу пасьля страты сувязі. Аднак жа заставалася шмат пытаньняў наконт таго, дзе і ў якіх маштабах адбудзецца падзеньне.

Першапачаткова кітайскія навукоўцы плянавалі накіраваць станцыю такім чынам, каб яна спачатку згарэла ў атмасфэры як мага больш, пасьля чаго ўжо разьбілася дзесьці ў паўднёвых водах Ціхага акіяну. Аднак жа з прычыны страты сувязі з апаратам пачалося некантраляванае падзеньне.

Калі гэта стала зразумела, кітайскае касьмічнае агенцтва выступіла з афіцыйнай заявай і паведаміла пра гэта ў камітэт ААН па касьмічных справах, а таксама запрасіла паставіць аб’ект на маніторынг у Міжнародны каардынацыйны касьмічны камітэт. У гэты камітэт уваходзяць экспэрты з 13 буйных арганізацыяў, такіх як NASA, ESA (Эўрапейскае касьмічнае агенцтва), «Роскосмос» і іншыя.

Цяпер да пільнага назіраньня падключаныя ўсе магчымыя радары, у тым ліку армейскія. Так, армія ЗША нават падрыхтаваная да таго, каб у выпадку пагрозы зьбіць станцыю.

Дзе і калі адбудзецца падзеньне?

Наўпрост цяпер дакладна не вядома, дзе ўсё ж разабʼецца касьмічны абʼект. Вядома толькі, што гэта адбудзецца паміж 42,8 градусамі паўночнай шыраты і 42,8 паўднёвай. Гэта вялізарны абшар, у які уваходзіць ЗША, Паўднёвая Амэрыка, Афрыка, Паўднёвая Эўропа і Азія, а таксама Аўстралія.

З прычыны нізкага эксцэнтрысітэту і непалярнага нахілу арбіты (іншымі словамі, паколькі арбіта касьмічнай станцыі вакол Зямлі круглая і пад вуглом адносна экватара) станцыя праводзіць больш часу паблізу краёў магчымых шыротаў, то яна праходзіць праз экватарыяльную вобласць Зямлі. Гэта прыводзіць да большай верагоднасці падзеньня паблізу краёў шыраты, то бок верхняй і ніжняй частак паласы.

Што датычыцца часу — то ён ужо вядомы больш дакладна. Верагодней за ўсё, станцыя абрынецца на Зямлю 1 красавіка а 17-й гадзіне паводле менскага часу, аднак увесл працэс падзеньня можа расьцягнуцца на 16 гадзін або нават заняць некалькі дзён. Ва ўсялякім выпадку, згодна з апошнім прагнозам Эўрапейскага касьмічнага агенцтва, дакладная інфармацыя зьявіцца толькі калі застанецца менш за 24 гадзіны да падзеньня.

Ці варта баяцца?

Паводле экспэртаў — не. Гэта зьвязана з тым, што сама станцыя, як мяркуецца, амаль поўнасьцю згарыць у атмасфэры, а калі нешта і даляціць да паверхні Зямлі — то наўрад ці больш за досыць дробныя кавалкі.

Да таго ж, гэтая касьмічная станцыя адносна невялікая. Так, падчас пачатку падзеньня маса Tiangong-1 складала калі 7,5 тон. Для параўнаньня — у 1979 годзе на Зямлю зваліўся амэрыканскі SkyLab, які важыў 74 тоны, што амаль у дзесяць разоў больш.

Агулам на плянэту штогод падае каля 100 тон нядзейных спадарожнікаў, некантраляваных касьмічных апаратаў, адпрацаваных ступеняў ракет і іншых прадметаў. Яны зацягваюцца верхняй атмасфэрай Зямлі, скончваючы сваё «жыцьцё» палаючымі дугамі па небе.

Некаторыя з гэтых абʼектаў вялікія і кароткія, і кавалачкі зь іх усё ж «выжываюць», далятаючы да паверхні. Аднак наша плянэта — гэта вялікае месца, у асноўным пакрытае вадой, і многае з таго, што падае, ніколі нікім ня будзе знойдзена, бо апускаецца на дно акіяну або падае вельмі далёка ад чалавечага жытла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG