Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Арлоў: «Давялі да сьмеху некалькі кніг графаманаў»


Уладзімер Арлоў

Штотыдзень у рубрыцы «Варта» мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Калі цяпер — гэта 2018 год, то ў сьпісе «Колеры Беларусі» Міхала Анемпадыстава, які так трагічна рана пакінуў нас. Адно цяпер дайшлі рукі да падарожнага антыраману ляўрэата прэміі Ежы Гедройця Макса Шчура «Завяршыць гештальт». На стале таксама дасьледаваньне Ўладзімера Лякіна «Ліцьвіны ў гвардыі Напалеона». А пачаўся год для мяне як чытача з «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Гэта, бясспрэчна, «Мілажальніцы» Джанатана Літэла. The Times назвала раман «выдатнай літаратурнай падзеяй, да якой чытачы і дасьледчыкі будуць зьвяртацца цягам многіх дзесяцігодзьдзяў», і залічыла «Мілажальніц» у пяць самых значных твораў пра Другую ўсясьветную вайну. Не магу запярэчыць.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Найперш нешта іншае — чуйка (інтуіцыя). Хтосьці, здаецца Эразм Ратэрдамскі, даў прыблізна такую параду: ты мусіш чытаць тое, што ўрэшце ператворыцца ў тваю кроў і плоць, а не асядзе ў адной памяці. Бяз чуйкі тут не абыдзесься.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам...

Зараз я шмат каго разьвесялю. Сярод маіх блізкіх сваякоў былі выдатныя пчаляры, але толькі нядаўна я даведаўся, што пчаліная матка займаецца працягам роду не на нейкай сваёй утульнай пасьцельцы ў вульлі, а — уявіце сабе — у палёце на хуткасьці трыццаць кілямэтраў на гадзіну. Матка можа аддаліцца ад вульля на 20 км, і на гэтай дыстанцыі самыя спрытныя і дужыя трутні павінны здагнаць яе, зьдзейсьніць у палёце на шалёнай хуткасьці сваю справу і адысьці ў іншы сьвет дзеля зьяўленьня новага пакаленьня руплівых супляменьніц. Вось такое пчалінае «каханьне». Цікава, ці ведаў пра гэта Марыс Мэтэрлінк, калі, паставіўшы перад сабой сподак зь мёдам, каб прывабліваць гераіняў, пісаў «Жыцьцё пчолаў»?

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Каханьне падчас халеры» Габрыэля Гарсія Маркеса ў выдатным перакладзе на беларускую незабыўнага Карласа Шэрмана.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Не рызыкну складаць такі пералік. Па-першае, у мяне алергія на любыя (ня толькі на чорныя, дзе я, кажуць, таксама фігурую, але і на белыя) сьпісы. Па-другое, такія сьпісы звычайна сканчаюцца вусьцішнымі словамі «ды іншыя», што выклікаюць у мяне яшчэ большае непрыняцьце. Па-трэцяе, любоў да літаратараў, а пагатоў да крытыкаў і журналістаў, у мяне вельмі пераменлівая.

Трэцяе падарожжа Ўладзімера Арлова

Вось, напрыклад, да Мішэля Ўэльбэка я ставіўся без асаблівага натхненьня, хоць некалі і дачытаў да канца ягоную «Магчымасьць выспы» (дзякуючы Зьмітру Коласу гэтая кніга існуе і па-беларуску). Але тая карціна недалёкай будучыні, якую стварыў Уэльбэк у сваім апошнім рамане «Пакора», зьмяніла мае пачуцьці. Ёсьць штосьці жудліва-містычнае ў тым, што менавіта гэтаму твору прысьвячаўся выпуск сатырычнага часопісу Charlie Hebdo за 7 студзеня 2015 году. На першай старонцы акарыкатураны Ўэльбэк абяцаў чытачу, што ў 2022 годзе (у гэтым годзе ў рамане прэзыдэнтам Францыі ў выніку складаных палітычных гульняў становіцца мусульманін) будзе датрымоўвацца правілаў рамадану. Нагадаю, што, крывавая атака ісламскіх тэрарыстаў на рэдакцыю часопісу адбылася ў той самы дзень, 7 студзеня. Сярод забітых быў, дарэчы, і адзін зь сяброў пісьменьніка.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Давялі да сьмеху некалькі кніг графаманаў, якія мусіў пагартаць, бо атрымаў іх з дарчымі подпісамі. Імёнаў называць, даруйце, ня буду. Добра памятаю, як у маім родным Полацку адзін такі аўтар, чалавек — адрозна ад многіх графаманаў — неагрэсіўны і нават далікатны, пачуўшы (не ад мяне) жорсткую ацэнку сваёй творчасьці, выйшаў пакурыць і памёр ад інфаркту.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Магу заплакаць не над кнігай, а над таленавітым чалавекам, калі ён ужо нічога ня зможа напісаць, бо адплывае на плячах у сяброў у свой вечны прыстанак.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Часам злавалі ўжо згаданыя «Сабакі Эўропы» — раман, якія складаецца з шасьці аповесьцяў. Зрэшты, на тое яны і «Сабакі», каб злаваць. Нейкія фрагмэнты выглядалі занадта шматслоўнымі. Нейкія фіналы — пасьпешліва-кінэматаграфічнымі. Дэсакралізацыя «сьвятых кароваў» — падкрэсьлена знарочыстай. Але злосьць у мяне выклікаюць якраз таленавітыя кнігі. Такая злосьць — эмоцыя наогул плённая. Паспрабуй, напрыклад, стварыць настолькі пераканаўчы антыўтапічны сьвет-жахалку, як у аповесьці «Людзі, гусі, лебедзі». Або такі партрэт Менску, нават з адметнымі водарамі розных станцый мэтро...

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Коміксы. Не хапае мастацкай адукацыі.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Кнігі чытаю выключна на паперы, бо тады дзейнічае зусім іншы, якраз і неабходны мне мэханізм успрыманьня.

Некалькі кніг магу чытаць паралельна ў тым выпадку, калі адна зь іх належыць да мастацкай прозы, другая — паэтычная, трэцяя — навуковая ці навукова-папулярная. Калі не трымацца гэтага правіла, у гаротнай галаве ўзьнікае небясьпечная кантамінацыя.

Чытаю ўвечары, бо ўдзень працую пісьменьнікам. Але калі я ў дарозе, то магу чытаць у любую пару дня і ночы. Тады — у залежнасьці ад кнігі — час то вусьцішна запавольваецца, то, наадварот, пагрозьліва разганяецца, як цягнік у навэлі Фрыдрыха Дзюрэнмата «Тунэль».

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Каб жа кнігі адно стаялі і ляжалі... Яны, заразы, у мяне ходзяць, левітуюць, гуляюць у хованкі. Бывае, пакрыёма сыходзяць да калег і сяброў або проста ў сваю кніжную невараць.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Шмат каго наймацней зьдзіўляе сама колькасьць тамоў. Аднойчы юная журналістка нясьмела пацікавілася, навошта мне столькі кніг, калі ўсе яны павінны быць у сеціве. Уключыў свой Acer, пачалі шукаць і не знайшлі адну, другую, трэцюю...

Ну а ў бібліяфілаў вочы маглі б загарэцца, каб убачылі, да прыкладу, «Пана Тадэвуша» ў перакладзе Вінцука Марцінкевіча — выданьне суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» (1907 г.). Або Коласавага «Сымона музыку», надрукаванага ў 1918-м газэтай «Вольная Беларусь». Рарытэт сёньня і раман Генрыка Сянкевіча «Quo vadis» у перакладзе Пятра Татарыновіча, выдадзены лацінкаю ў 1956 годзе ў Рыме.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Увосень 2011 году я нечакана трапіў на гасьціны да швэдзкага паэта Тумаса Транстрэмэра, за якога толькі што прагаласаваў Нобэлеўскі камітэт. У той стакгольмскі вечар (яму прысьвечанае маё эсэ «Келіх чырвонага з нобэлеўскім ляўрэатам») я і атрымаў, відаць, найлепшы кніжны падарунак — важкі том выбраных твораў гаспадара. Пасьля інсульту ў Транстрэмэра засталася жывой і цёплай адно левая рука. Аўтограф з шаснаццаці літараў свайго імя і прозьвішча Тумас выводзіў хвіліны дзьве. Танец дрогкіх літарак на жаўтлявым тытульным аркушы заўсёды кранае маё ня надта сэнтымэнтальнае сэрца.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Шмат якія мае тэксты і нават цэлыя кнігі напісаныя ад першай ці ад другой асобы (маюцца на ўвазе займеньнікі), што, зрэшты, у дадзеным выпадку амаль тое самае. Даволі часта мяне ўдаецца пераканаць, што гэты «я» (або «ты») — і ёсьць аўтар. У выніку звыкаюся з думкай, што мой улюбёны герой (і антыгерой) гэта я сам. Антыгерой мне падабаецца болей.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Тут будзе адначасова і працяг адказу на папярэдняе пытаньне.

Назаўсёды ў памяці мамін падручнік гісторыі старажытнага сьвету. Аднойчы, нядаўна развучыўшы літары, я разгарнуў яго і ўбачыў малюнак жудаснага чалавека. Мужнасьці хапіла, каб па складах прачытаць, што яго завуць пі-тэ-кан-трап. На гэтай сустрэчы знаёмства з падручнікам скончылася. Гады тры я прыціскаў яго нанач татавымі кнігамі па юрыспрудэнцыі, але пітэкантрап усё адно зноў і зноў вылазіў з-пад іх у мае сны. Кожны раз сустракаючыся з гэтым пэрсанажам, я там, у сьне, думаў, што зараз памру ад страху ці ў лепшым варыянце ўсікаюся. Такім чынам маім першым, праўда, ня надта ўлюбёным антыгероем зрабіўся пітэкантрап.

Сярод маіх дзіцячых кніжак былі кітайскія народныя казкі. На вокладцы дыхаў дымам і полымем шматгаловы, аднак зусім нястрашны цмок. Але ўлюбёнымі героямі з той кніжкі былі кемлівыя, спрытныя і хітраватыя саноўнікі-мандарыны. Галоўная прычына маёй сымпатыі, зьмешанай з зайздрасьцю, палягала ў тым, што — у маім уяўленьні — мандарыны-людзі штодня маглі дасхочу ласавацца мандарынамі-пладамі, якія мне перападалі адно раз на год у колькасьці дзьвюх штук у навагоднім падарунку.

Уладзімер Арлоў: вялікі пісьменьнік малой літаратуры

Потым прыйшлі больш дарослыя героі — Мішка Квакін са сваёй хуліганістай кампаніяй з кнігі Аркадзя Гайдара «Цімур і яго каманда». Квакінцы былі «нехарошыя», але заўсёды падабаліся мне значна больш за «харошых» і правільных цімураўцаў. Часам з гэтай нагоды нават рабілася сорамна і думалася, што, можа, я таксама нейкі «няправільны», але каманда Квакіна ўсё роўна была бліжэй.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Мяркуючы па шэрагу выказваньняў і нават распараджэньняў кшталту таго, паводле якога над Дзьвіной каля Сафійскага сабору летась зьявіўся помнік «Полацак — калыска беларускай дзяржаўнасьці», прэзыдэнт гэтую кнігу ўжо мог прачытаць. Маю на ўвазе сваю «Краіну Беларусь».

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

На гэтае пытаньне я ўжо адказаў у сваёй «Вандроўнай паэмцы». Праўда, там маіх віртуальных гасьцей двое — Чарлз Букоўскі і Багуміл Грабал. Трэці — аўтар гэтых адказаў. Мы злоўжываем моцнымі напоямі.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Уладзімера Арлова.

Што вы перачытваеце?

Хорхэ Люіса Борхэса, Хуліё Картасара, Мілана Кундэру, Валянціна Акудовіча... Хачу вярнуцца да раману Эліяса Канэці «Асьляпленьне». Як і ягоны герой прафэсар Пэтэр Кін, сам Канэці таксама быў геніяльным чытачом. Іначай не пакінуў бы такога бліскучага выказваньня: «Больш за ўсё на сьвеце хацелася б — якая сьціпласьць! — неўміручасьці, каб чытаць».

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Пляную прачытаць — карэктуру сваёй кнігі балядаў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG