Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне выкрылі падпольны распродаж вайсковай тэхнікі


У Жытомірскай вобласьці Ўкраіны паліцыя выйшла на схему крадзяжу вайсковай і іншай спэцыяльнай тэхнікі. Пра гэта паведамляе прэс-служба абласной паліцыі.

Паводле яе інфармацыі, сьледчыя натрапілі на тэхніку ў часе расьсьледаваньня пашкоджаньня магістральнага нафтаправоду.

«На працягу двух тыдняў быў праведзены шэраг ператрусаў у Наваград-Валынскім раёне і канфіскавана амаль 200 аб’ектаў, падрыхтаваных да продажу. Сярод выяўленай тэхнікі — БТРы, БМП, Зілы, Уралы, ГАЗ, КУНГі, прычэпы, аўтацыстэрны, аўтавежы, цягачы зь лябёдкамі і іншая тэхніка, у тым ліку для транспартаваньня людзей па сушы і на вадзе», — гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама канфіскаваная вялікая колькасьць запчастак, акумулятарныя батарэі, шыны і дакумэнты аб паходжаньні тэхнікі.

Цяпер праваахоўнікі высьвятляюць прыналежнасьць знаходак, ці знаходзяцца яны на ўліку ў вайсковых частках.

Адначасна высьветлілася, што фізычная асоба разьмясьціла ў інтэрнэце абвестку аб продажы названай тэхнікі.

Адкрытая крымінальная вытворчасьць па ч. 3 арт. 191 КК (прысваеньне, растрата маёмасьці або завалоданьне ёй шляхам злоўжываньня службовым становішчам), што прадугледжвае абмежаваньне волі на 3-5 гадоў або зьняволеньне на 3-8 гадоў.

Паліцыя падала ў суд хадайніцтва аб арышце тэхнікі да высьвятленьня ўсіх абставінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG