Беларусы Швайцарыі наладзілі шпацыр на адну з горных вяршынь, дзе ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ўстанавілі бел-чырвона-белы сьцяг.
Беларускі нацыянальны сьцяг залунаў на піку гары Ютлібэрг (Uetliberg) у ваколіцах Цюрыху, куды ўзьняліся некалькі сем’яў зь дзецьмі.
«Установім бел-чырвона-белы сьцяг на самай вяршыні. Ён павінен лунаць высока, каб было відаць здалёк», — адзначыў напярэдадні адзін зь лідэраў швайцарскіх беларусаў Аляксандар Сапега.
У інфармацыйнай улётцы, загадзя падрыхтаванай да падзеі, цытуецца вытрымка з Трэцяй Устаўной граматы БНР: «Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай».
Сам Аляксандар Сапега ў горнай вандроўцы паўдзельнічаць ня змог. 25 сакавіка ён далучыўся да сьвяточных імпрэзаў у Менску, а перад гэтым наведаў Дзярэчын на Гарадзеншчыне — былое ўладаньне магнатаў Сапегаў.
Як паведаміў тэлеканал «Белсат», там ён дапамог Натальлi Мiхно, якая з-за фінансавых праблемаў жыла без сьвятла і цяпла.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com