Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У прыбіральню трэба з аўтаматам хадзіць». Як праходзіць мабілізацыя ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Выстава ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі MILEX - 2017

Тыдні ў намётах на вуліцы, бязь лекаў і амаль задарма. Як праходзіць мабілізацыя ў Беларусі і чаму ад яе вызваляюць дэпутатаў парлямэнту, настаўнікаў і жывёлаводаў.

У Беларусі працягваецца другі тыдзень пробнай мабілізацыі. Дзяржаўны сакратарыят Рады Бясьпекі праводзіць праверку Ўзброеных сілаў. З запасу прызываюць каля 2 тысяч вайсковаабавязаных. Адзін месяц яны правядуць у вайсковых частках і на палігонах.

31-гадовы Дзьмітры з Магілёва трапіў пад аналягічную мабілізацыю летась. Як праходзяць вайсковыя зборы і што шкодзіць іміджу беларускага войска, ён расказаў Свабодзе.

Больш за месяц пераяжджалі зь месца на месца

— Я так разумею, сёлета такая самая мабілізацыя, як і летась была. Толькі год таму яна пачалася ў лютым, а зараз вырашылі на цяплейшы час перанесьці.

Мабілізацыя — гэта не звычайныя вайсковыя зборы «партызан». Я думаў, паеду на два тыдні, і там ты нічым ня будзеш займацца. Але тут іншае — усё набліжана да ваеннага часу. Прызываюць людзей па вайсковых спэцыяльнасьцях. У нас быў батальён гаўбічнай артылерыі, і першыя два тыдні ў Барысаве рамонтная рота рыхтавала машыны. 5–6 чалавек, што былі непасрэдна рамонтнікамі, — ім менш за ўсіх пашчасьціла. Яны ад раніцы да вечара праводзілі час з тымі машынамі.

Потым нас некалькі разоў перакідвалі. Езьдзілі на палігон пад Барысавам. Жылі ў намётах тыдзень. Потым рабілі марш-кідок у Асіповічы — за 150 кілямэтраў. Адтуль цягнікамі ў Баранавічы, ізноў на палігон.

Ежа стала лепшай, сала штодня ўжо не гатуюць

— Я трапіў у тую самую частку ў Барысаве, дзе служыў 10 год таму. Гарачай вады як не было, так і няма. Хаця, казалі, у некаторых казармах цяпер ставяць бойлеры. Але збольшага можна разьлічваць на лазьню раз на тыдзень. І гэта толькі ў часы, калі мы жылі ў казарме ў Барысаве.

Калі паехалі на палігон, там была палявая лазьня. Але гарачай вады на палігоне пад Барысавам хапіла толькі на дзьве хвіліны.

Ежа ў войску стала лепшай, гэта дакладна. Я харчаваўся ў той самай сталоўцы, што і 10 год таму. Тады нам амаль штодня на абед давалі варанае сала. Аднойчы мы былі ўзрадаваліся, што прыгатавалі катлеты. Але гэта аказалася вараным салам у кляры.

За адзін месяц захварэлі пад 90% чалавек

— Зь лекамі было жахліва, канечне. У Барысаве мы давалі грошы і складалі сьпісы лекаў, каму што трэба. А на палігоне ты ня сходзіш у аптэку — навокал лес. Зь лекараў — такія самыя прызваныя вайскоўцы запасу. Быў у нас адзін «лекар» ці не з вэтэрынараў.

Як лекавацца? Калі прастыў, проста ідзеш у намёт і адлежваесься, пакуль ня стане лепш. Лекары мелі толькі асьпірын і антыбіётык. Але ашчаджалі яго, бо вельмі шмат людзей хварэла. У санчастку адвозілі, толькі калі ў цябе тэмпэратура падымалася да 39 градусаў. 38 — яшчэ нармальна.

Таксама арганізацыя кульгае ва ўсім войску. Перасоўваньні займалі вельмі шмат часу. Калі трэба было пагрузіцца на цягнік у Асіповічах, мы прабылі на вуліцы пад дажджом 12 гадзін — ад 15-й гадзіны да 3-й раніцы. Гэта канец лютага быў. Усе былі настолькі разьюшаныя, што афіцэры баяліся зьяўляцца сярод салдат.

Ляжыць у сьнезе, як чарапаха, і ня можа падняцца

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

— Нашыя ўмовы былі набліжаныя да ваенных. Нам выдалі рэчы, зь якімі мы паўсюль перасоўваліся. Спалі не пад коўдрай, а ў спальніках. Потым выдалі асабістую зброю, і трэба было ўвесь час хадзіць з аўтаматам. Нават спалі ў абдымку з аўтаматам. Каб схадзіць у прыбіральню, трэба было пакідаць камусьці з хлопцаў, каб паглядзелі за зброяй. Хадзіць з аўтаматам у прыбіральню нязручна.

Перасоўвацца паўсюль трэба было з усім абмундзіраваньнем. Акрамя вопраткі — гэта зімовая шапка і бушлат, на табе вісіць заплечнік, спальнік з дыванком, каска, валёнкі, зброя, плашч-намёт і агульнавайсковы абарончы камплект — гэта плашч і гумовыя штаны.

Усё гэта цяжкое і нязручнае. На адной з пагрузак хлопец упаў на сьпіну ў сьнег, ня мог падняцца, бы чарапаха. Яго два чалавекі падымалі.

За месяц збораў — 10 рублёў

— За месяц збораў я атрымаў каля 10 рублёў. Рэшту грошай, як нам сказалі, сьпісалі за харчаваньне і пражываньне.

Не прызываюць дэпутатаў, настаўнікаў, жывёлаводаў і маладафронтаўцаў

Трэніроўка клюбу "Ваяр". Архіўнае фота
Трэніроўка клюбу "Ваяр". Архіўнае фота

Скантактавацца з прызванымі ў войска зараз — складана. Як і ў звычайным войску, карыстацца тэлефонамі можна вельмі абмежавана.

«Жывём у старых казармах без рамонту, — коратка адпісаў у мэсэнджэры Свабодзе Аляксандар зь Менску, якога нядаўна прызвалі. — Панцырныя ложкі, спальныя мяшкі».

Позву яму прынесьлі на працу. Яўка — на наступную раніцу. Чатыры гадзіны ён правёў у пункце збору, яшчэ чатыры — у аўтобусе.

Сёлетняя мабілізацыя праходзіць па даручэньні прэзыдэнта. Па маштабах яна меншая за леташнюю. Цяпер прызываюць каля 2 тысяч чалавек, а летась было 3 тысячы.

Як пішуць у сацыяльных сетках, пасьля прызыву многіх адпраўляюць дахаты. Вайскоўцаў запасу вызваляюць ад мабілізацыі праз стан здароўя, у кагосьці ёсьць непаўналетнія дзеці. Таксама мае значэньне прафэсія. Па законе «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» на вайсковыя і спэцыяльныя зборы не прызываюць судзьдзяў і пракурораў, дэпутатаў парлямэнту і сябраў Савету Рэспублікі, пэдагогаў і працаўнікоў жывёлагадоўчых фэрмаў.

Таксама пад мабілізацыю ня трапілі «палітычныя». Зьмітру Дашкевічу невядома, каб хто з вайсковаабавязаных сябраў «Маладога фронту» атрымаў позву. Хоць раней войска разглядалі як палітычную высылку і прымусова забіралі на тэрміновую службу найбольш заўважных актывістаў.

«У нейкія гады яны нікога не хацелі браць, палітычных актывістаў было забаронена. Потым ім стрэльнула ўсіх забіраць і гвалтам цягнуць», — сказаў Дашкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG