Гэта адбылося ўвечары 18 сакавіка. Службовы аўтамабіль беларускай амбасады Huyndai у двары аднаго з дамоў зачапіў прыпаркаваны аўтамабіль Toyota і пакінуў месца здарэньня.
Паводле delfi.lt, літаральна праз некалькі хвілін паліцыя знайшла парушальніка. Як высьветлілася, у машыне знаходзіўся 45-гадовы дарадца беларускай амбасады, які адмовіўся праходзіць тэст на цьвярозасьць.
Тэлеканал «Белсат» зьвязаўся з амбасадай, дзе чыноўнікі патлумачылі сваю вэрсію здарэньня.
«Дыплямат пры выезьдзе з двара зачапіў аўтамабіль. На бампэры засталася драпіна. Каб не загароджваць уезду, ад’ехаў на мэтраў дваццаць і чакаў там паліцыі. Паліцыя прыехала, аформілі пратакол. На гэтым інцыдэнт быў вычарпаны», — адзначылі ў амбасадзе.
Наконт адмовы праходзіць тэст на цьвярозасьць, дыпляматы патлумачылі, што гэта міжнародная практыка, і ні беларускія дыпляматы за мяжой, ні замежныя ў Беларусі звычайна не праходзяць гэтую працэдуру.
Цяпер дыплямат будзе разьбірацца з уладальнікам пашкоджанага аўтамабіля. Амбасада, у сваю чаргу, ужо пачала праверку па факце інцыдэнту.