Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АБСЭ заявілі аб зьніжэньні ўзроўню гвалту на Данбасе да аднаго з найніжэйшых за два гады


Ілюстрацыйнае фота. Назіральнікі ад АБСЭ і расейскія і ўкраінскія прадстаўнікі ў Аб'яднаным цэнтры па кантролі і каардынацыі пытаньняў аб спыненьні агню на Данбасе

Пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы 14 сакавіка ўпершыню прайшло без удзелу пасярэдніка ад АБСЭ амбасадара Марціна Сайдзіка, з-за нялётнага надвор’я ён ня змог прыбыць з Кіева ў Менск, паведамілі ў МЗС Беларусі. Але пасяджэньне адбылося.

Па яго выніках быў апублікаваны прэс-рэліз ад АБСЭ, у якім адзначаецца, што ў сувязі з абвешчаным зь 5 сакавіка рэжымам цішыні на Данбасе, колькасьць абстрэлаў упала да двухгадовага мінімуму, а колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва зьменшылася ў тры разы ў параўнаньні зь мінулым годам.

Адной з галоўных тэмаў у эканамічнай падгрупе было абнаўленьне мабільнай сувязі ў акупаваных раёнах Данбасу. З удзелам прадстаўніка Vodafone-Ukraine працягнулі абмеркаваньне практычных крокаў для забесьпячэньня сувязі. І ёсьць дамоўленасьці адносна альгарытму такой працы пры ўдзеле АБСЭ з захаваньнем украінскага заканадаўства.

Былі абмеркаваныя таксама пытаньні водазабесьпячэньня на Данбасе, аплаты працы чыгуначнікаў, якія знаходзяцца ў акупаваных раёнах, вяртаньне адтуль ва Ўкраіну вагонаў і лякаматываў.

Гуманітарная падгрупа абмяркоўвала тэму вызваленьня і абмену палоннымі ў сувязі з узброеным канфліктам у Данбасе, але безь якіх-небудзь рашэньняў.

З заявамі па выніках учорашніх перамоваў выступілі прадстаўнікі бакоў. Тут цікавая розьніца ў танальнасьці паведамленьняў ад Украіны і Расеі.

У прыватнасьці сьпікер Леаніда Кучмы Дар’я Аліфэр заявіла, што для аднаўленьня міру на Данбасе Расейская Фэдэрацыя павінна ажыцьцявіць «ўплыў на асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей і спыніць пастаўкі тэхнікі, ўзбраеньня, паліва і наймітаў празь некантраляваны ўчастак расейска-ўкраінскай мяжы».

А вось прадстаўнік Расеі Барыс Грызлоў заявіў, што «Расея, як і АБСЭ зьяўляецца пасярэднікам у вырашэньні канфлікту на Данбасе», і Расея тут дамагаецца абмеркаваньня палітычных мерапрыемстваў, прадугледжаных менскіх дамовамі, у прыватнасьці асаблівага статусу і амністыі для ўдзельнікаў баявых дзеяньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG