Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы адвакаты паспрабуюць скасаваць пажыцьцёвы тэрмін для аднаго з найгоршых тэрарыстаў у гісторыі


Ільліч Рамірэс Санчэс, фота 1970-х, 1 сакавіка 2001-га і 9 сьнежня 2013 гадоў.
Ільліч Рамірэс Санчэс, фота 1970-х, 1 сакавіка 2001-га і 9 сьнежня 2013 гадоў.

У Парыжы з 5 сакавіка пачаліся слуханьні ў справе апэляцыі міжнароднага тэрарыста, вэнэсуэльца Раміраса Санчаса Ільіча, больш вядомага як Шакал Карлас. Ягоная абарона абскардзіла вынесены яму ў сакавіку 2017 году прысуд — пажыцьцёвае зьняволеньне — за тэракт у Парыжы ў 1974 годзе.

15 верасьня 1974 году ў наведвальнікаў гандлёвай галерэі «Драгстор» на бульвары Сэн-Жэрмэн з кавярняў у мэзаніне была кінутая граната. Загінулі два чалавекі, 34 атрымалі раненьні.

Францускія сьледчыя ўстанавілі, што мэтай нападу быў ціск на ўрад, каб дамагчыся вызваленьня экстрэміста з радыкальнай групоўкі «Чырвоная армія Японіі». Гэтая арганізацыя была зьвязана з «Народным фронтам вызваленьня Палестыны», у інтарэсах якога Карлас Шакал дзейнічаў у Эўропе.

Сьледзтва зьвязвае тэракт у «Драгсторы» з захопам закладнікаў двума днямі раней у пасольстве Францыі ў Гаазе. Там дзейнічалі члены «Чырвонай арміі Японіі». Захопнікі патрабавалі вызваленьня затрыманага супольніка і пакінулі ў амбасадзе гранаты, аналягічныя выкарыстанай пры тэракце ў «Драгсторы».

Сьледзтва мяркуе, што гранаты былі з адной і той жа партыі, скрадзеная з амэрыканскай вайсковай базы ў Нямеччыне.

У 2011 годзе, падчас новага суду, Карласа Шакала прызналі вінаватым яшчэ ў чатырох нападах у Францыі ў 1982 і 1983 гадах, калі агулам загінулі 11 чалавек, а больш за 140 былі параненыя.

У сакавіку 2017 году Ільліч Рамірэс Санчэс быў асуджаны судом у Парыжы да трэцяга пажыцьцёвага тэрміну за тэракт у парыскай гандлёвай галерэі. Сам Карлас Шакал адмаўляе сваю датычнасьць да нападу. Яго адвакаты абскардзілі прысуд.

Слуханьні праходзяць у спэцыяльным судзе прысяжных, у склад якога ўваходзяць толькі прафэсійныя судзьдзі, якія разьбіраюць справы аб тэрарызьме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG