Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя зьнесла намётавы лягер ля будынка Вярхоўнай Рады Ўкраіны


Паліцыя ў намётавым мястэчку каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны. 3 сакавіка 2018

Затрыманыя 50 чалавек. Пра гэта паведаміў начальнік паліцыі Кіева Андрэй Крышчанка, перадае прэс-служба НПУ.

Паводле яго слоў, працэсуальныя дзеяньні працягваюцца ў рамках крымінальных спраў. Ён растлумачыў, што рашэньне суда дае сьледчым магчымасьць працаваць «на месцы зьдзяйсненьня супрацьпраўных дзеяньняў», зьбіраць рэчавыя доказы і апытваць магчымых сьведак. Крышчанка адзначыў, што выбухатэхнікі знайшлі некалькі прадметаў, якія «візуальна падобныя» да падрыхтаваных гранат.

Ён дадаў, што сьледчыя працуюць у рамках крымінальных спраў, адна зь якіх адкрытая па факце спробы захопу Міжнароднага цэнтра культуры і мастацтваў (Кастрычніцкі палац), а іншыя, паводле яго слоў, тычыцца падзей ля Вярхоўнай Рады, якія адбыліся 27 лютага.

«У адпаведнасьці з пастановай суда паліцыя праводзіць сьледчыя дзеяньні пад Вярхоўнай Радай у рамках расьследаваньня некалькіх крымінальных спраў. Перашкоды гэтым сьледчым дзеяньням спыняюцца ў адпаведнасьці з законам», - напісаў раней у Facebook прэсавы прадстаўнік МУС Украіны Арцём Шаўчэнка. Ён заявіў, што падчас правядзеньня сьледчых дзеяньняў апэратыўная група знайшла два прадметы, падобныя да гранатаў.

Народны дэпутат Сямён Сяменчанка назваў дзеяньні сілавікоў «штурмам».

Іншы народны дэпутат, Ягор Собалеў, заявіў пра дзясяткі затрыманых актывістаў.

«Намётавы лягер на Грушэўскага разьбіты спэцназаўцамі», — напісаў Собалеў.

27 лютага ў Вярхоўнай Радай адбыліся сутыкненьні паміж сілавікамі і актывістамі. Паліцыя заяўляла пра 14 пацярпелых праваахоўнікаў. Па яе вэрсіі, мітынгоўцы прынесьлі пад сьцены будынка шыны і хацелі іх падпаліць.

З трыбуны парлямэнту народны дэпутат Украіны з фракцыі «Народны фронт» Антон Герашчанка заявіў, што пад Вярхоўнай Радай была арганізавана правакацыя. Ён абвінаваціў у падзеях «Рух новых сіл» Міхаіла Саакашвілі, які знаходзіцца за мяжой.

У той жа час Саакашвілі і яго арганізацыя адпрэчвалі дачыненьне да сутыкненьняў пад парлямэнтам.

Намётавы гарадок пад Вярхоўнай Радай усталявалі ў сярэдзіне кастрычніка 2017 года. Сярод патрабаваньняў актывістаў — адмена дэпутацкай недатыкальнасьці, стварэньне антыкарупцыйнага суда і прыняцьце новага закону аб парлямэнцкіх выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG