Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адкрылася выстава пра мястэчка Лужкі, якое злучыла лёсы беларусаў і габрэяў


У мястэчку Лужкі, што ў Шаркаўшчынскім раёне, мінулым летам адбыўся мастацкі пленэр. Яго ладзілі ў памяць трагічнай падзеі: у 1942 годзе ў Лужках закатавалі вязьняў мясцовага гета. Па выніках пленэру ў Віцебскім мастацкім музэі адкрылася выстава «Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост».

Дырэктарка музэю Вольга Акуневіч сказала, што адкрыцьцё выставы адбываецца ў сымбалічны дзень і час. 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы, і выстава «Гісторыя аднаго мястэчка. Галакост» — першая ў цэлым шэрагу заплянаваных мастацкіх імпрэзаў на гэтую тэму. Але самае сымбалічнае — што адкрыцьцё адбылося ва Ўсясьветны дзень роднай мовы. Бо мастацкія пленэры, якія ладзіць знакамітая Ада Райчонак — а пленэр у Лужках быў ужо 29-м у яе жыцьці — гэта сапраўдная школа беларускай мовы і беларусазнаўства.

Ада Райчонак (у цэнтры), зьлева — Вольга Акуневіч, дырэктарка мастацкага музэю
Ада Райчонак (у цэнтры), зьлева — Вольга Акуневіч, дырэктарка мастацкага музэю

Ада Эльеўна, якой пайшоў ужо 81-ы год, таксама прыехала на адкрыцьцё. І пра цяперашні стан беларускай мовы ў грамадзтве яна гаварыла зь вялікай горыччу.

«У Лужках нарадзіўся Бэн-Егуда, які лічыцца стваральнікам іўрыту — дзяржаўнай мовы Ізраілю. Толькі падумайце: мову стварыў, па сутнасьці, адзін чалавек! А колькі ж людзей у Беларусі? І што кожны зрабіў для таго, каб беларуская мова квітнела? Напэўна ж, вельмі мала, раз яна гібее! Калі ня будзе мовы, то ня будзе і Беларусі», — сказала спадарыня Ада ў сваім выступе.

Гледачы лужкоўскіх краявідаў
Гледачы лужкоўскіх краявідаў

Яна прыгадала, як цяжка давалася беларуская мова ёй самой, бо давялося скончыць школу з расейскай мовай навучаньня. І на пленэрах адразу ўзялі за правіла: усе мастакі размаўляюць па-беларуску. Хто як можа, і ніхто нікога не крытыкуе. Можна толькі дапамагаць і падказваць адзін аднаму. Гэтак падчас супольнай працы старэйшыя мастакі перадаюць малодшым ня толькі сакрэты прафэсійнага майстэрства, а і любоў да роднага слова.

Аднак калі тэма патрыятызму для Ады Райчонак — гэта крыніца жыцьцёвага натхненьня, то Галакост — гэта тэма заўсёднага жалю і смутку. Толькі ў апошнія гады яна прызналася, што сама была вязьнем гета ў Віцебску.

Інсталяцыя «Апошняя лыжка»
Інсталяцыя «Апошняя лыжка»

«Пасьля вайны гэтая тэма была „закрытая“. Былых вязьняў неахвотна бралі на працу, цяжка было паступіць вучыцца... Я трапіла ў гета маленькай: мяне схапілі на вуліцы. Маці мяне шукала некалькі дзён. Яна была беларуска, і ёй удалося мяне вызваліць. Але я ня маю права забыцца на тых, хто загінуў у гета, у розных гета, па ўсёй Беларусі», — кажа Ада Эльеўна.

Пленэр у Лужках — гэта даніна памяці ўсім вязьням тамтэйшага гета, якіх расстралялі ў ліпені 1942 году. Колькі іх было — дагэтуль невядома. У данясеньні гэбітскамісара гораду Глыбокае генэральнаму камісару Беларусі пазначана, што ў Лужках «ліквідаваныя» 528 вязьняў гета. На мэмарыяльнай пліце, усталяванай у памяць расстраляных, выбіты надпіс: «Тут пахаваныя 916 габрэяў, жорстка закатаваных летам 1942 году». Прычыны гэтага разыходжаньня ня высьветленыя і сёньня, але бясспрэчна адно: 75 гадоў таму ў Лужках заўчасна абарваліся жыцьці соцень ні ў чым не вінаватых людзей.

Выступае мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі
Выступае мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі

Частка твораў, прадстаўленых на выставе, насычана трагічным сэнсам і вяртае гледачоў у мінулае. Але ёсьць карціны, прасякнутыя ня скрухай і жалем, а шчырай любоўю да гэтых мясьцін. Сярод іх — вясковыя замалёўкі, лірычныя краявіды і партрэты саміх удзельнікаў пленэру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG