Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гішпаніі пачаўся судовы працэс у справе «расейскай мафіі»


Уладзіслаў Рэзьнік
Уладзіслаў Рэзьнік

Дэпутат Дзярждумы Расеі Ўладзіслаў Рэзьнік і яшчэ 17 падазраваных паўсталі перад судом у Гішпаніі па абвінавачваньні ў адмываньні грошай для дзьвюх расейскіх мафіёзных бандаў.

«Я прыйшоў на пасяджэньне, таму што я ні ў чым не вінаваты, і я давяраю гішпанскай сыстэме правасудзьдзя», — заявіў Уладзіслаў Рэзьнік у судзе Мадрыду.

Пракуроры просяць для большасьці падазраваных да 5,5 года зьняволеньня і штрафаў у межах да 100 млн эўра.

Пра так званую «справу расейскай мафіі у Гішпаніі» стала вядома ў 2008 годзе, пасьля таго як там арыштавалі некалькі расейцаў, якія падазраюцца ў сувязях з «тамбоўскай АЗГ». Усяго ў справе фігуруюць 18 расейцаў. Па вэрсіі сьледзтва, усе яны ўваходзілі ў тамбоўска-малішэўскую аб’яднаную злачынную групу і былі датычныя да адмываньня больш як 50 млн з 1996 году. Лідэры групоўкі — Генадзій Пятроў і Аляксандар Малышаў — знаходзяцца ў вышуку.

Доказам віны Рэзьніка сьледчыя называлі тэлефонныя перамовы зь Пятровым. Адвакат дэпутата сьцьвярджае, што на запісе гучыць голас іншага чалавека. Рэзьнік ёсьць сябрам кіроўнай партыі «Единая Россия» і чальцом камітэту па бюджэце і падатках Дзяржаўнай думы. Ягоная жонка Дыяна Гіндзіна таксама паўстала перад судом разам зь пяцьцю гішпанцамі, якіх абвінавачваюць у аказаньні дапамогі расейскім кампаніям у адмываньні грошай.

Тамбоўская і Малішэўская банды ўзьніклі ў Санкт-Пецярбургу ў канцы 1980-х гадоў. Лічыцца, што яны кантралявалі дзясяткі прамысловых прадпрыемстваў і займаліся гандлем наркотыкамі, прастытуцыяй, «дахаваньнем» і адмываньнем грошай. Пік адмываньня грошай расейскімі бандамі ў Гішпаніі прыпаў на 1990-я, калі багатыя расейцы пачалі скупляць вілы ў гэтай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG