Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: у шпіталі Масквы і Пецярбурга трапілі дзясяткі параненых


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Сырыі

Зьвесткі пра параненых паступілі пасьля бітвы 7 лютага каля сырыйскага гораду Дэйр-Эз-Зор, дзе, паводле афіцыйных асобаў ЗША, кааліцыйныя сілы на чале з ЗША былі атакаваныя сіламі Асада.

Агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя з праблемай, што на мінулым тыдні ў Сырыі забіта каля 300 чалавек, якія працуюць у зьвязанай з Крамлём расейскай прыватнай вайсковай фірме. Расейскі вайсковы ўрач паведаміў агенцтву, што каля 100 чалавек былі забітыя, а крыніца, які ведае некаторых з байцоў, паведаміла, што колькасьць палеглых перавысіла 80 чалавек.

Паводле пяці крыніц, знаёмых з пытаньнем, параненыя, якіх апошнімі днямі вывезьлі з Сырыі, дастаўленыя ў чатыры расейскіх вайсковыя шпіталі. Сярод іх Трэці шпіталь імя Вішнеўскага ў Краснагорску, шпіталь Бурдэнкі ў Маскве, Вайскова-мэдыцынская акадэмія ў Санкт-Пецярбургу.

Лекар, які працуе ў маскоўскім вайсковым шпіталі і непасрэдна браў удзел у лячэньні параненых, эвакуяваных з Сырыі, сказаў Reuters, што па стане на вечар суботы ў яго лякарні было больш за 50 такіх пацыентаў, зь якіх каля 30 працэнтаў былі цяжка параненымі.

Лекар, які гаварыў на ўмовах ананімнасьці, таму што яму не дазволілі раскрываць інфармацыю пра ахвяраў, сказаў, што сама меней тры самалёты з параненымі былі дастаўлены ў Маскву ў мінулую пятніцу і раніцай у панядзелак. Паводле яго, іх даставілі на спэцыяльна абсталяваных вайсковых грузавых самалётах, кожны зь якіх месьціць дзьве ці тры палаты інтэнсіўнай тэрапіі для выпадкаў цяжкага раненьня і некалькі дзясяткаў пацыентаў зь лёгкімі раненьнямі.

Reuters паведамляе, што яго карэспандэнту, які спрабаваў наведаць шпіталь імя Бурдэнкі ў сераду, пацыенты нічога не сказалі пра эвакуяваных з Сырыі. Прайсьці ў шпіталі ў Краснагорску і ў Балашысе карэспандэнтам Reuters не дазволілі.

Зьвесткі аб параненых паступілі пасьля бітвы 7 лютага каля сырыйскага горада Дэйр-Эз-Зор, дзе, па словах афіцыйных асобаў ЗША, кааліцыйныя сілы на чале з ЗША былі атакаваныя сіламі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада. Расейскія афіцыйныя асобы заявілі, што было забіта пяць чалавек, але яны не маюць дачыненьня да расейскіх узброеных сілаў. Як адзначае Reuters, колькасьць ахвяраў паказвае, што Масква больш глыбока ўцягнутая ў вайну ў Сырыі, чым гэта прызнаецца на афіцыйным узроўні, і рызыкуе апынуцца ў прамой канфрантацыі са Злучанымі Штатамі.

Прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава паведаміла раней, што пяць расейскіх грамадзянаў былі забітыя, але яны не былі расейскімі вайскоўцамі. Паводле яе, паведамленьні пра дзясяткі ці сотні расейскіх ахвяраў былі дэзынфармацыяй, натхнёнай сапернікамі Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG