Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіну Каржанеўскую зьнялі з выбараў за распаўсюд «Народнай волі»


Перадвыбарчы пікет БХД у Менску

13 лютага Фрунзэнская выбарчая камісія зьняла з выбараў актывістку незарэгістраванай партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, кандыдатку ў дэпутаты Менскага гарсавету па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33 Галіну Каржанеўскую.

Афіцыйная прычына — распаўсюд удзельнікамі яе пікету газэты «Народная воля», паведаміў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. У выданьні сярод іншага быў надрукаваны матэрыял пра Галіну Каржанеўскую.

Гэта ўжо было другое папярэджаньне вынесенае кандыдатцы, першае тычылася яе плякатаў. Як адзначыў Садоўскі, рашэньне аб зьняцьці з выбараў будзе абскарджанае ў Менскай гарадзкой камісіі.

«Камісія парушыла ня толькі выбарчае заканадаўства, мае месца факт парушэньня свабоды сродкаў масавай інфармацыі, бо падставай для зьняцьця незалежнага кандыдата стала тое, што на пікеце раздалі некалькі асобнікаў «Народнай волі», якая прадаецца ва ўсіх шапіках, у тым ліку на тэрыторыі гэтай акругі.

«Лягічным крокам Цэнтарвыбаркаму будзе забарона ўсім незалежным СМІ друкаваць інфармацыю пра кандыдатаў, калі яна не праплачана. Гэты прыклад — ня толькі парушэньне выбарчага заканадаўства, але і працяг цынічнага зьнішчэньня свабоды слова ў нашай краіне», — адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова мяркуе, што, паводле Выбарчага кодэксу, пры наяўнасьці двух папярэджаньняў выбарчая камісія можа, але не абавязаная здымаць кандыдата.

«Улічваючы тое, што Галіна Анатольеўна не была зарэгістраваная камісіяй адпачатку і яе нерэгістрацыю давялося абскарджваць у Менскай гарадзкой камісіі, я думаю, што гэта мэтанакіраванае зьняцьце кандыдата з выбараў», — падкрэсьліла Кавалькова.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG