Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку ўрагану «Фрыдэрыке» ў Эўропе загінулі ўжо 10 чалавек. Цыклён закране і Беларусь


Ілюстрацыйнае фота. Цагліны, адарваныя ад даху, ляжаць на ходніку перад домам у Ратэрдаме, Нідэрланды. 18 студзеня 2018 году

Ураган «Фрыдэрыке» прывёў да гібелі сама меней шасьці чалавек у Нямеччыне, двух — у Нідэрляндах, таксама ёсьць ахвяры і ў іншых эўрапейскіх краінах. Непагадзь прывяла і да шматлікіх транспартных праблемаў.

Паводле папярэдніх зьвестак, сама меней дзесяць чалавек загінулі ў чацьвер, 18 студзеня, у выніку моцнага ўрагану «Фрыдэрыке», які працягвае лютаваць ў шэрагу эўрапейскіх краінаў.

Шэсьць чалавек загінулі ў Нямеччыне, яшчэ двое — у Нідэрляндах і па адным чалавеку — у Бэльгіі і ў Італіі. Дзясяткі людзей былі траўмаваныя. Часьцей за ўсё прычынай няшчасных выпадкаў станавілася падзеньне дрэваў і розных прадметаў з дамоў, таксама адбыліся шматлікія дарожна-транспартныя здарэньні, адзначае нямецкае агенцтва навінаў DPA.

Ураган прывёў да маштабных транспартных праблемаў у Нямеччыне, Бэльгіі, Нідэрляндах, Вялікай Брытаніі і Італіі. У Нідэрляндах у другой палове чацьвярга быў цалкам прыпынены рух паветранага і чыгуначнага транспарту. У Нямеччыне з 16 гадзінаў па мясцовым часе па ўсёй краіне спыненыя цягнікі далёкага накіраваньня. У шэрагу фэдэральных земляў адмененыя таксама рэгіянальныя чыгуначныя пасажырскія перавозкі. Ураган прывёў да праблемаў у працы шэрагу аэрапортаў у Нямеччыне.

У паўночнай частцы Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі праз моцныя сьнегапады паралізаваныя дарогі, у выніку чаго дзясяткі аўтамабілістаў апынуліся заблякаванымі на засьнежаных дарогах. Таксама з прычыны моцных парываў ветру і падзеньня дрэваў у краіне былі пашкоджаныя лініі электраперадач.

Як паведамляюць у Белгідрамэце, атмасфэрныя франты цыклёну «Фрыдэрыке», які вызначае вельмі складаныя ўмовы надвор’я ў краінах Заходняй Эўропы, 19 студзеня пагоршаць надвор’е і ў Беларусі. Ноччу пераважна па паўднёва-заходняй палове рэспублікі, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі пройдзе сьнег, у асобных раёнах чакаецца завіруха і слабы галалёд, парывісты вецер, па паўднёвым захадзе краіны — месцамі моцны парывісты.

XS
SM
MD
LG