Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капрызы надвор'я: у ЗША замярзаюць кракадзілы, а ў Аўстраліі кажаны гінуць ад сьпёкі


Ілюстрацыйнае фота. Ратавальнікі нясуць зьмерзлую чарапаху

Студзень зьдзівіў надвор’ем жыхароў многіх краінаў: у ЗША і Канадзе моцныя сьнегапады і маразы, у Эўропе — ураганы і паводкі. У Аўстраліі людзі хаваюцца ад сьпёкі.

Канец 2017-га — пачатак 2018 году ўразілі асабліва анамальнымі ўмовамі надвор’я, якія зьяўляюцца наступствам глябальнага пацяпленьня. Мапу, якая адлюстроўвае анамальныя зьмены, апублікавала NASA.

У NASA адзначылі, што сьнежань і студзень зьяўляюцца ненармальна цёплымі для большасьці краінаў сьвету.

«У Эўропе, большай частцы Азіі і Блізкага Ўсходу ўсталявалася анамальна цёплае надвор’е. У паўднёвым паўшар’і ў Антарктыдзе, ва ўсходняй частцы Аўстраліі, на поўдні і паўночным усходзе Афрыкі цяплей, чым звычайна», — кажуць у NASA.

Напрыклад, у італьянскіх гарадах Рыме, Палерма і Нэапалі 9 студзеня зарэгістраваныя тэмпэратурныя рэкорды апошніх 40 гадоў: у Рыме слупок тэрмомэтра падняўся да 19,6 градуса Цэльсія, у Палерма — да 24,1°C, у Нэапалі — 21,5°C.

У Аўстраліі тэмпэратура дасягнула рэкордных 47 градусаў. Анамальная сьпёка «зварыла» тысячы кажаноў. Эколягі кажуць, што пры тэмпэратуры +44 градусы яны страчваюць над сабой кантроль і дрэнна арыентуюцца ў прасторы. Мозг кажаноў літаральна закіпае, піша Live Science.

Першыя навагоднія дні сталі самымі цёплымі за апошнія гады назіраньняў і ў Беларусі. У лясах каля Горадні мясцовыя жыхары зьбіралі грыбы, у розных рэгіёнах Беларусі цьвілі кветкі, а ў Гомелі нават зьявіліся хрушчы.

Большы холад, чым звычайна, цяпер назіраецца ў Паўднёвай Амэрыцы, афрыканскай Сахары і заходняй Аўстраліі.

Праз анамальныя маразы пакрыўся лёдам Атлянтычны акіян. Жыхар штату Масачусэтс Раян Кэнты з дапамогай дрона зьняў на відэа акіян, пакрыты тоўстым лёдам. На ўзьбярэжжы тэмпэратура паветра склала каля −20°С, пры тым што звычайнай для гэтых месцаў лічыцца тэмпэратура −6 — −8 ° С.

У Паўночнай Караліне ў вадаёмах у нацыянальным парку Shallotte River Swamp Park алігатары ўмерзьлі ў лёд, на паверхні яны пакінулі толькі нос і пашчу. Тэмпэратура паветра месцамі апускалася да −30 градусаў.

У штаце Флорыда ад моцных маразоў ратуюць марскіх чарапах: празь нізкую тэмпэратуру вады яны атрымалі астуджэньне цела і практычна страцілі здольнасьць да перасоўваньня, паведамляе ABC News. З прычыны рэзкага пахаладаньня ў Флорыдзе замярзаюць ігуаны і літаральна падаюць на зямлю з дрэваў.

Днямі ў афрыканскай пустыні Сахара выпаў сьнег.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG