Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пагражае выхадам з Усясьветнай гандлёвай арганізацыі


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту ў Жэнэве супраць уступленьня Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, 2011 год

Масква заявіла, што можа выйсьці са складу Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі ў выпадку, калі прайграе пазоў Эўразьвязу аб спагнаньні амаль 1,5 мільярда эўра.

Пра гэта сказаў першы намесьнік кіраўніка эканамічнага камітэту Савету фэдэрацыі Сяргей Калашнікаў.

Як нагадвае выданьне Politiсo, Усясьветная гандлёвая арганізацыя накіравала ў арбітражны суд патрабаваньне Эўразьвязу аб спагнаньні з Расеі штрафу за абмежаваньні імпарту сьвініны. Гэтая кампэнсацыя роўная агульнаму кошту паставак сьвініны з ЭЗ у Расею ў 2013 годзе і яе памер будзе штогод павялічвацца на 15%.

Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе ў 2014 годзе Эўразьвяз увёў эканамічныя санкцыі супраць Масквы. У адказ на гэта ў жніўні 2014-га Расея забараніла ўвоз прадуктаў з краінаў, якія далучыліся да санкцыйнага ціску.

У жніўні 2016 году Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя падтрымала Эўразьвяз у гандлёвай спрэчцы з Расеяй аб законнасьці забароны на імпарт эўрапейскай сьвініны. Экспэрты пастанавілі, што расейскія «антысанкцыі» супярэчаць пагадненьню аб ужываньні санітарных захадаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG