Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разбуранае жыцьцё — закінуты сьвет». У Нямеччыне адкрылася выстава пра Чарнобыльскую зону


Ілюстрацыйнае фота. У Чарнобыльскай зоне

У нямецкім Патсдаме, піша Märkische Allgemeine адкрылася выстава «Разбуранае жыцьцё — закінуты сьвет зоны адчужэньня» — вынік наведаньня групы нямецкіх турыстаў-фотааматараў закінутых населеных пунктаў у 30-кілямэтровай чарнобыльскай зоны.

Таксама гэтымі днямі баварскі тэлеканал PHOENIX паказаў перадачу пра вяртаньне ў Чарнобыльскую зону дзікіх жывёлаў.

І турысты-фотааматары, які падарожнічалі па закінутым людзьмі сьвеце, і навукоўцы, якія вывучалі жывы сьвет у Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку, спрабавалі адказаць на пытаньне, што такое Чарнобыль сёньня. Ці ёсьць гэта акно ў мінулае, або, наадварот, пэрспэктыва будучыні, таго, што стане з цывілізацыяй далей?

Мёртвая зона

Аўтарка патсдамскай выставы — Андрэа Ёліге (Аndrea Johlige), дэпутатка ландтагу, дызайнэрка паводле прафэсіі. Ёй было сем гадоў, калі здарылася аварыя на ЧАЭС. Пазьней яна стала актывісткай антыядзернага руху. У турпаездку на месца радыяцыйнай катастрофы яна накіравалася праз 30 зь лішнім гадоў пасьля выбуху рэактару ЧАЭС. Дзеля таго, каб дакумэнтаваць, што адбываецца, калі ядзерная энэргія выходзіць з-пад кантролю.

— Я думаю, што людзі забываюць пра беды занадта хутка. Тым ня менш, чарнобыльская радыяцыя як была, так і застаецца небясьпечнай, — казала падчас адкрыцьця ўласнай фотавыставы Андрэа Ёліге. — Кароткатэрміновае знаходжаньне ў зоне, аднак, не праблема. Ёсьць розныя папераджальныя знакі, да якіх трэба паставіцца сур’ёзна, да таго ж нельга піць рачную ваду. Гэта робяць мясцовыя жыхары, у якіх няма альтэрнатывы, але ж мне здалося, што гэта збольшага людзі нездаровыя.

Нямецкія падарожнікі наведалі мёртвы горад Прыпяць ды некаторыя пакінутыя людзьмі ўкраінскія ды беларускія вёскі. Назва выставы «Разбуранае жыцьцё — закінуты сьвет» якраз нарадзілася пад гэтым уражаньнем.

Некаторыя бязьлюдныя паселішчы захаваліся ў добрым стане. Ёсьць абсалютна цэлыя дамы з абсалютна цэлай мэбляй. У асноўным жа назіраецца трансфармацыя так званых штучных ляндшафтаў (былыя населеныя пункты) ў прыродныя. Паколькі чалавек цягам дзесяцігодзьдзяў ня ўмешваецца ва ўсе гэтыя працэсы, былыя жылыя тэрыторыі становяцца ўсё больш дзікімі і набываюць натуральны выгляд. Нават у горадзе Чарнобыль, дзе вахтавым мэтадам пражываюць супрацоўнікі зоны і працуе некалькі кавярняў для турыстаў, пэўныя яго кварталы паступова трансфармуюцца ў прыродныя экасыстэмы.

Дзікае жыцьцё ў мёртвай зоне

Ілюстрацыйнае фота. У Чарнобыльскай зоне
Ілюстрацыйнае фота. У Чарнобыльскай зоне

​Пасьля выбуху рэактарнага блёку ЧАЭС у 1986-м, калі ў атмасфэру трапіла сотня тысячаў тон радыеактыўных рэчываў, многія экспэрты выказваліся за тое, што тэрыторыя вакол атамнай станцыі на стагодзьдзі застанецца мёртвай зонай. За тры дзесяцігодзьдзі пасьля катастрофы ў зоне адчужэньня вырас густы лес. Мясцовыя жыхары, госьці ды біёлягі заўважылі ў ім жывёлаў, якіх часам цяжка знайсьці ў многіх частках Эўропы. У Палескім радыяцыйным запаведніку апошнім часам зьявілася шмат драпежнікаў, галоўным чынам ваўкоў, а таксама лісіц, янотаў, аленяў, у зоне аселі ласі ды рысі. Гэта нягледзячы на тое, што, паводле сьведчаньняў НАН Беларусі, радыеактыўнасьць з таго часу павялічылася ў сотні разоў.

Сёньня, падае ў сваёй перадачы тэлеканал PHOENIX, галоўнымі гаспадарамі тэрыторыі ў месцы адчужэньня лічацца ваўкі. Менавіта яны кіруюць сёньня ўсім жывёльным сьветам у зоне, іх папуляцыя ўвесь час расьце.

Знаныя экспэрты ў галіне папуляцыі ваўкоў аўстрыйцы Крыстаф і Барбара Промбэргер (Christoph & Barbara Promberger) і іх беларускі калега, прафэсар інстытуту заалёгіі НАН Беларусі Вадзім Сідаровіч называюць чарнобыльскую зону беспрэцэдэнтнай экалягічнай лябараторыяй на адкрытым паветры. Іх супраца ў Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку пачалася ў 2009 годзе. Навукоўцы сталі першымі ў зоне, каму з дапамогай адмысловых перадатчыкаў (калі на драпежніка праз стрэл з ружжа са шпрыцам снатворнага надзявалі аброжак з сыстэмай GPS) удалося сабраць унікальны матэрыял пра тэрытарыяльныя і міграцыйныя паводзіны ваўкоў, ступень іх радыяцыйнага забруджваньня і стан здароўя. Сёньня прафэсар Сідаровіч разам з сваімі калегамі працягвае распачатыя з аўстрыйцамі дасьледаваньні.

Гаспадары «зоны» — ваўкі

Ілюстрацыйнае фота. Ваўкі ў Чарнобыльскай зоне
Ілюстрацыйнае фота. Ваўкі ў Чарнобыльскай зоне

​Усе свае назіраньні за дзікімі жывёламі дасьледчыкі фіксавалі на відэа, якое ўвайшло ў дакумэнтальны фільм «Ваўкі Чарнобыля. Дзікая прырода мёртвай зоны». На кадрах відаць, наколькі камфортна адчуваюць сабе гэтыя драпежнікі ў зоне адчужэньня. Іншая справа, ці спраўляюцца жывёлы з радыяцыяй, наколькі яны здаровыя ды стабільныя, ці гэта ваўкі-імігранты, якія трапілі сюды зь іншых мясьцінаў, або гэта ўжо новыя пакаленьні так званы «мясцовых»? Усе гэта пакуль у значнай ступені застаецца загадкай для навукоўцаў і патрабуе працяглага вывучэньня. На думку заолягаў, якія займаюцца іншымі відамі чарнобыльскага жывёльнага сьвету, напрыклад, грызунамі (якія ўвесь час ў забруджанай зямлі), у гэтага віду ёсьць навыкі адаптацыі да радыяцыі. Тое ж самае тычыцца і дзікіх коней (Перавальскага), ў арганізьме якіх, з гледзішча экспэртаў, канцэнтрацыя радыенуклідаў у сярэднім у тры разы меншая, чым у свойскіх коней з больш аддаленай і крыху менш забруджанай мясцовасьці. Вызначыць жа, наколькі здаровыя драпежнікі, значна цяжэй. Як правіла, у дзікай прыродзе ня ўбачыш слабых асобінаў, бо ў тых умовах выжывае мацнейшы.

Назіраньні навукоўцаў ды мясцовых жыхароў, сьведчаць пра тое, што ў паводзінах чарнобыльскіх ваўкоў адбыліся пэўныя зьмены. Расказвалі, што некалькі разоў узімку ваўкі падыходзілі да рыбакоў, садзіліся побач і глядзелі за лоўляй. Пазбаўленыя ўплыву антрапагеннага фактару, драпежнікі даволі моцна зьмянілі свой сутачны графік жыцьцядзейнасьці. Цяпер час актыўнага няспаньня больш зрушыўся на дзень, а таму практычна ў любы час можна застаць практычна любога зьвера на кармленьні. Таксама можна ўбачыць, як зграя ваўкоў гоніцца за аленем, а потым убачыць гэтых драпежнікаў з поўнымі брухамі ад зьедзенай здабычы. Ваўкі з зоны, сьведчаць дасьледчыкі з Палескага запаведніку, адрозьніваюцца ад сваіх братоў, якія насяляюць малыя лясы побач з паселішчамі. «Чарнобыльскія» ніколі ня пойдуць у вёску рэзаць кароў, бо прызвычаіліся да дзікага паляваньня, напрыклад, на лася ці дзіка.

На думку навукоўцаў, пры бессыстэмным адстрэле гэтых жывёлаў разьбіваюцца іхныя зграі. Ваўкі-адзінцы пачнуць выходзіць за межы запаведніка, і тады непазьбежна пачнуць нападаць на свойскіх жывёл, а іхныя сустрэчы зь людзьмі стануць вельмі небясьпечнымі для апошніх.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG