Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Hill: ФБР хавала злачынствы Гілары Клінтан


Гілары Клінтан, архіўнае фота

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў (ФБР) ЗША хавала злачынствы былога дзяржсакратара Гілары Клінтан, якая выкарыстала асабісты паштовы сэрвэр для сакрэтнай перапіскі.

Пра гэта паведамляе выданьне The Hill са спасылкай на прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі — чальцоў ключавых камітэтаў Кангрэсу ЗША. Паводле інфармацыі выданьня, рэспубліканцы атрымалі пісьмовыя доказы ў ходзе расьсьледаваньня Кангрэсу.

Празь неабароненую электронную пошту Клінтан праходзілі вялікія аб’ёмы сакрэтнай інфармацыі

Суразмоўцы The Hill распавялі, што ў некалькіх дакумэнтах ФБР знаходзяцца зьвесткі аб тым, што празь неабароненую электронную пошту Клінтан праходзілі вялікія аб’ёмы сакрэтнай інфармацыі. Акрамя таго, у рэспубліканцаў нібыта маюцца доказы, што адзін зь неназваных ключавых сьведкаў у гэтай справе даў ілжывыя паказаньні. Сьцьвярджаецца, што ён працаваў у кампутарнай фірме, якая абслугоўвала паштовы сэрвэр Клінтан пасьля яе сыходу з пасады дзяржсакратара.

У ходзе расьсьледаваньня высьветлілася, што менавіта гэты сьведка сьцёр архіў паведамленьняў Клінтан у 2015 годзе пасьля таго, як Кангрэс запатрабаваў да яго доступ, піша The Hill. У самым пачатку расьсьледаваньня супрацоўнік сказаў сьледчым, што не выдаляў ніякіх лістоў. Пры гэтым супрацоўнікі ФБР не сталі выстаўляць абвінавачаньні сьведку, і нават далі яму імунітэт.

Акрамя таго, рэспубліканцы паведамілі, што ФБР яшчэ да заканчэньня расьсьледаваньня і да апытаньня ключавых сьведкаў рыхтавала заяву аб адсутнасьці прыкметаў злачынстваў у дзеяньнях Клінтан. Крыніцы The Hill запэўніваюць, што ФБР сфальсыфікавала зьвесткі для таго, каб не ўзбуджаць крымінальную справу супраць Клінтан.

Клінтан сьцьвярджала, што сакрэтную перапіску з асабістага сэрвэра не вяла

Выкарыстаньне асабістай пошты паслужыла прычынай скандалу на прэзыдэнцкіх выбарах у 2016 годзе. Тады высьветлілася, што Клінтан, будучы дзяржсакратаром ЗША, у парушэньне правілаў выкарыстала асабісты паштовы сэрвэр для працоўнай перапіскі. Пасьля таго, як гэтая інфармацыя стала публічнай, ФБР пачала расьсьледаваньне. Пры гэтым Клінтан сьцьвярджала, што сакрэтную перапіску з асабістага сэрвэра не вяла. Яна перадала зьмест сэрвэра уладам, аднак выдаліла частку лістоў, патлумачыўшы, што паведамленьні насілі выключна асабісты характар.

У ліпені 2016 году тагачасны генпракурор ЗША Ларэта Лінч заявіла, што вырашыла не выстаўляць Клінтан абвінавачаньняў па справе аб асабістай паштовай перапісцы. Незадоўга да гэтага кіраўнік ФБР Джэймс Комі рэкамэндаваў закрыць справу. Паводле яго словаў, Клінтан дапусьціла нядбайнасьць, але злачынствы не зьдзяйсьняла.

У сваёй кнізе пра выбары «What Happened?» («Што адбылося?») Клінтан назвала факт карыстаньня асабістай поштай «дурным».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG