Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН спыніць пастаўку харчоў у Данбас празь нястачу грошай


Ілюстрацыйнае фота. Харчовая дапамога жыхарам Данбасу
Ілюстрацыйнае фота. Харчовая дапамога жыхарам Данбасу

Сусьветная харчовая праграма ААН у канцы лютага спыніць пастаўкі дапамогі на ўсход Украіны празь недахоп фінансаваньня. Пра гэта Reuters расказаў прадстаўнік арганізацыі на Ўкраіне Ніл Уокер.

Паводле яго, летась колькасьць людзей, якія маюць патрэбу ў харчовай дапамозе, на ўсходзе Ўкраіны падвоілася. Паводле ацэнак ААН, у 2016 годзе ў Данбасе з праблемай дэфіцыту харчаваньня сутыкаліся парадку 620 тысяч чалавек, сёньня іх больш за мільён. Усяго ў гуманітарнай дапамозе з прычыны канфлікту ў Данбасе маюць патрэбу больш за 3 мільёны чалавек, дадаў Уокер. Сусьветная харчовая праграма ААН праз адсутнасьць сродкаў ня можа забясьпечыць іх усіх ежай, растлумачыў ён. Раней ААН запрасіла на гэтыя мэты 200 мільёнаў даляраў, але пакуль атрымала менш за траціну неабходнай сумы. У панядзелак ААН зьвярнулася да міжнародных арганізацый з заклікам выдзеліць 187 мільёнаў даляраў для пацярпелых ад канфлікту ў Данбасе.

Крызіс на ўсходзе Ўкраіны працягваецца з красавіка 2014 году. Баявыя дзеяньні прывялі да гібелі людзей і пацягнулі за сабой пагаршэньне гуманітарнай сытуацыі, адбіўшыся на насельніцтве рэгіёну. У Данбасе за тры гады вайны загінула больш за тры тысячы мірных жыхароў. Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Крэмль у падтрымцы сэпаратыстаў. Масква не прызнае гэтых абвінавачваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG