У Луганску будынак пракуратуры гэтак званай Луганскай народнай рэспублікі («ЛНР») узялі штурмам узброеныя людзі, якія напярэдадні заблякавалі шэраг адміністрацыйных будынкаў гораду. Як паведамляе «Новая газета», у выніку былі арыштаваныя генэральны пракурор «ЛНР» Віталь Падобры і вайсковы пракурор Сяргей Разно. Паводле выданьня, астатніх супрацоўнікаў пракуратуры адпусьцілі.
У штурме ўдзельнічаў спэцназ узброеных сэпаратыстаў «Данецкай народнай рэспублікі» («ДНР»), а таксама супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў «ЛНР». Кіраўнік гэтага ведамства Ігар Карнет раней быў звольнены з пасады лідэрам сэпаратыстаў Ігарам Платніцкім, але адмовіўся пакідаць пост. Паведамлялася, што ён патрабаваў выдаць яму галоўнага пракурора, вайсковага пракурора і іх намесьнікаў.