Справу адкрылі па факце магчымага незаконнага ўзбагачэньня «службовай асобай, якая займае асабліва адказны пост»(Артыкул 368–2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).
Прэс-сакратар НАБУ Сьвятлана Аліфіра паведаміла, што адпаведнае рашэньне прыняў Саломенскі раённы суд Кіеву ў кастрычніку.
Былы намесьнік генэральнага пракурора Рэнат Кузьмін заявіў у Фэйсбуку, што справа на Луцэнка (ужо пятая, паводле падлікаў Кузьміна) была заведзеная паводле яго звароту. Адначасова стала вядома, што Генэральная пракуратура, якую ўзначальвае Луцэнка, распачала крымінальную вытворчасьць у дачыненьні да дырэктара НАБУ Арцёма Сытніка, які падазраецца ў разгалашэньні сьледчай інфармацыі. Вытворчасьць была заведзеная на падставе апублікаванага ў інтэрнэце аўдыёзапісу, дзе чалавек з голасам падобным да Сытніка распавядае журналістам дэталі некаторых рэзанансных спраў.
****
Юры Луцэнка быў міністрам унутраных справаў Украіны пры Віктары Юшчанку ад лютага 2005 году па сьнежань 2006 і ад сьнежня 2007 па студзень 2010. Пры прэзыдэнцтве Віктара Януковіча 26 сьнежня 2010 году ён быў арыштаваны Генэральнай пракуратурай Украіны па абвінавачаньні ў растраце дзяржаўных сродкаў у асабліва буйных памерах.
У лютым 2012 году суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да 4 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй ягонай маёмасьці. Праз паўгода, 17 жніўня 2012, Пячэрскі раённы суд Кіева прызнаў Луцэнка вінаватым яшчэ па адной крымінальнай справе, па абвінавачаньні ў халатнасьці пры апэратыўна-вышуковых захадах у рамках расьсьледаваньня атручаньня Віктара Юшчанкі. Па гэтай справе Луцэнка атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі.
Аднак ужо ў красавіку 2013 года Луцэнка быў вызвалены пасьля таго, як Януковіч яго памілаваў. 12 траўня 2016 году, ужо пры прэзыдэнцтве Пятра Парашэнкі, Луцэнка стаў генэральным пракурорам Украіны.