Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэаліі 92-га: «Дзе, у якой краіне дзяржаўнае тэлебачаньне ваюе з сувэрэнітэтам?»


Шэсьце БНФ 27 ліпеня 1992

З кожным днём ўсё больш адчувалася нарастаючая хваля арганізаванага супраціву дэмакратызацыі і нацыянальнаму Адраджэньню. Не стыхійнага, а менавіта – арганізаванага.

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

У лістападзе 1992-га штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» надрукаваў ліст студэнта Інстытуту культуры, у якім той распавёў, як заварушыліся выкладчыкі, калі прыйшла «камісія Трусава», і як пасьля яе сыходу ўсё вярнулася да «вялікарасейства».

У гэтай гісторыі прыкметна тое, што выкладчыкі не пажадалі публічна агучваць гэтае самае «вялікарасейства». І тлумачылася гэта агульным настроем, які панаваў у Беларусі: людзі разумелі, што так або інакш, але да мовы трэба вяртацца. Тут трэба прызнаць станоўчую ролю Станіслава Шушкевіча, які ў народзе ўспрымаўся кіраўніком дзяржавы і пры гэтым гаварыў па-беларуску.

Я не магу сказаць, што ў 1992 годзе было немагчыма тое, што зрабілася звычайным у 2017-ым, калі, як напісала «Наша Ніва», у адной са школаў настаўніца раіць вучням для чытаньня вершык: «Что мы Родиной зовём? Флаг России над Кремлём». Але гэткае магло быць хутчэй па інэрцыі, і калі такое заўважалася — імгненна спынялася (у адрозьненьне ад 2017-га, калі кіраўнікі сыстэмы адукацыі на такое не рэагавалі).

На другім годзе беларускай Незалежнасьці я не сустракаў чалавека, які б паскардзіўся мне на тое, што ягонае дзіця пайшло ў беларускую школу ці пачало вучыцца на беларускай мове. Кажу не пра актывістаў Народнага Фронту ці нацыянальна арыентаваную інтэлігенцыю (ад якіх чакаць падобных скаргаў асабліва не выпадала), а пра сотні людзей, якія ня мелі ніякага дачыненьня да нацыянальнага Адраджэньня і зь якімі даводзілася сустракацца і асабіста, і на розных сходах у Менску, і ў Віцебску, і ў іншых месцах.

Пратэсты супраць пераходу школьніцтва (малодшых клясаў) на беларускую мову — былі адзінкавымі, у параўнаньні зь лістамі, якія атрымлівалі мы ў Вярхоўным Савеце за беларускую мову і з трывогай за тое, што беларусізацыя ідзе марудна.

Асаблівасьці вяртаньня беларускай мовы трапна акрэсьліў у жніўні 1992-га аглядальнік газэты «Зьвязда» Валянцін Жданко: «Ні Закон аб мовах, ні Дзяржаўная праграма разьвіцьця беларускай мовы ня ставілі жорсткіх рамак беларусізацыі — меркавалася расьцягнуць гэты працэс на тры, пяць і нават дзесяць гадоў… Усенароднага трыюмфу і сьвяткаваньня (як гэта было ў Прыбалтыцы) у Беларусі з нагоды разьняволеньня роднай мовы не назіралася. Гэта балюча ўсьведамляць, але немагчыма не прызнаць: спружына нацыянальнага Адраджэньня, якая ў іншых рэспубліках — ледзь толькі яе перасталі заціскаць — прыйшла ў рух і прынесла імгненныя вынікі, у нас засталася нерухомай, нібы яе і не адпускалі. (Размова, зразумела, пра агульную карціну, а не пра асобныя фрагмэнты). Такое ўражаньне, што гэты стан сьціснутасьці стаў натуральным станам, і цяпер, каб прымусіць спружыну рухацца, трэба чарговы раз прыкласьці сілавое намаганьне і распраміць яе».

І далей — тлумачэньне: «Сытуацыя парадаксальная і трагічная: калі давялося выбіраць паміж уласным камфортам і будучыняй нацыі, — большасьць робіць выбар на карысьць першага. Менавіта ў гэтым — у жаданьні асэнсаваць і ўсьвядоміць, у гатоўнасьці дзеля высокай мэты ахвяраваць часам і прыкласьці зусім невялікія намаганьні, — уся справа. Жаданьня гэтага, гэтай гатоўнасьці катастрафічна мала. Ва ўсіх краінах, дзе давялося сутыкнуцца з праблемай, падобнай на нашу, магутным каталізатарам моўнага адраджэньня была нацыянальная інтэлігенцыя. Менавіта дзякуючы ёй напаўжывыя мовы шпаркімі тэмпамі набывалі прэстыж, а разам зь ёй вярталі сваю жыцьцёвую прастору. У нас гэтага не адбылося» («Зьвязда», 15 жніўня 1992).

У жніўні 1992-га на міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Фармаваньне і разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў» Адам Мальдзіс прывядзе лічбу, якая пацьвярджае зробленыя Валянцінам Жданко высновы: «74% апытаных ня здолелі вызначыцца, што для іх лепей — беларусізацыя ці поўная русыфікацыя».

Меў рацыю Валянцін Жданко і ў іншым: вялікая частка інтэлігенцыі замест таго, каб дапамагчы, паводле мэтафары Валянціна Жданко, распраміць спружыну — занялі іншую пазыцыю.

У заканамерным і справядлівым працэсе аднаўленьня права народу на сваю моўную спадчыну яны бачылі «прыцясьненьне» расейскамоўнага насельніцтва. Іх незадаволеныя рэплікі ўсё часьцей зьяўляліся ў афіцыйным друку. Так, 17 верасьня 1992 году кіраўнік выдавецтва «Эридан» Аляксандар Патупа надрукаваў у «Народнай газэце» прысьвечаны беларусізацыі артыкул, сутнасьць якога была выкладзеная ўжо ў загалоўку: «Нужно ли прибегать к приёмам большевицкой пропаганды?» Сярод іншага, Патупа выказаў перакананьне, што калі правесьці рэфэрэндум, дзьве траціны беларусаў выказаліся б за двухмоўе. Ён фактычна заклікаў Вярхоўны Савет «прарэагаваць» на «рэальную моўную сытуацыю ў рэспубліцы».

Пройдзе некалькі гадоў, Вярхоўны Савет пад прымусам Лукашэнкі і пасьля зьбіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ «адрэагуе», прызначыўшы рэфэрэндум, праграма беларусізацыі будзе згорнутая, за беларускае слова пачнуць цягаць у міліцэйскі пастарунак — але абаронцы «прынцыпу роўнасьці моваў» ні слова ня вымавяць у абарону мовы карэннай нацыі.

“Усе надпісы на сшытках — па-расейску. З кнігарняў зьнікла дзіцячая літаратура на беларускай мове”

Адзін з актывістаў Таварыства беларускай мовы Валер Паўсьцюк надрукаваў у «ЛіМе» аналіз становішча ў сыстэме адукацыі. Вось якое яно было ў верасьні 1992-га, у пачатку новага навучальнага году.

Большасьць студэнтаў пэдагагічных інстытутаў арыентаваныя на расейскую, а не на беларускую мову. У школах не хапае друкаваных матэрыялаў, ад азбукі і дзёньнікаў, атласаў і да звычайных падручнікаў на беларускай мове. Усе надпісы на сшытках — па-расейску. З кнігарняў зьнікла дзіцячая літаратура на беларускай мове. «Апошні факт можа здацца дробным, але ён паказальны — яскрава выяўляюцца адносіны дзяржавы да беларускага слова, — адзначыў аўтар і нагадаў пра адметнасьць ня менш паказальную. - Хто чытае «Народную газэту», пэўна, заўважыў, што афіцыйныя дакумэнты Вярхоўнага Савету, падпісаныя С. Шушкевічам, друкуюцца па-беларуску, а ўрадавыя дакумэнты, падпісаныя В. Кебічам, у асноўным па-расейску… Мне расказвалі і пра тое, як для высокапастаўленага дэпутата Вярхоўнага Савету рабіўся тэзісны пераклад на расейскую мову прамоваў ягоных калегаў, сказаных па-беларуску. Відавочна, «товарищи не понимают» мовы народу, якім кіруюць».

Выснову актывіст ТБМ зрабіў палітычную: «Адзіны цывілізаваны спосаб адхіліць намэнклятуру ад улады — рэфэрэндум».

Зь вялікай часавай адлегласьці асабліва маштабнымі ўяўляюцца тыя дасягненьні і прарывы ў справе нацыянальнага Адраджэньня, якія прыпалі на 1992 і 1993 гады, падобнага не было ў папярэднія дзесяцігодзьдзі і доўгі час яшчэ ня будзе.

Але — вось трывалае, штодзённае адчуваньне тых часоў: таго, што робіцца — замала. У незалежнай дзяржаве павінна быць па-іншаму. А яшчэ ўсё больш адчувалася нарастаючая хваля арганізаванага супраціву дэмакратызацыі і нацыянальнаму Адраджэньню.

І ў гэтым — галоўная адметнасьць працэсаў у грамадзтве ў 1992-1993 гады, як мне падаецца, уласьцівая з усіх постсавецкіх дзяржаваў толькі Беларусі: наступ на дэмакратыю сумяшчаўся з наступам на незалежнасьць краіны. Палітычныя сілы, якія выступалі супраць дэмакратычнага авангарду грамадзтва — Беларускага Народнага Фронту — мелі выразна антыбеларускі, праімпэрскі і прарасейскі, а часта і шавіністычны характар.

Дэнацыяналізаваная кіруючая эліта

Акрамя ўплыву Расеі, што зразумела, гэта тлумачыцца і практычна поўным дэнацыяналізаваным характарам большай часткі кіруючай эліты.

У 1989-1991 гадах кіраўніцтва кампартыі пад ціскам новаўтворанага Народнага Фронту было вымушана прызнаць неабходнасьць адраджэньня беларускай мовы і спрыяць прыняцьцю адпаведнага закону. Паколькі ЦК кантралявала ў Беларусі ўсё, у тым ліку і друк, тэлебачаньне і радыё, у СМІ было немагчымае зьяўленьне адкрытых шавіністычных ці антыбеларускіх заяваў.

З падзеньнем кампартыі рэальная ўлада перайшла да Савету Міністраў, які пераважна клапаціўся выключна пра тое, каб гэтую ўладу ўтрымаць. Нейкія ідэі іх не цікавілі — цікавілі найперш улада і ўласнае ўзбагачэньне. А для ўтрыманьня ў крэслах трэба было нэўтралізаваць найбольш небясьпечнага палітычнага апанэнта — Народны Фронт, галоўнай ідэяй, мэтай якога было нацыянальнае Адраджэньне. Менавіта таму з самага пачатку 1992 году ў саўмінаўскай прэсе пачалі зьяўляцца антыбеларускія ў сваёй сутнасьці публікацыі, якія ставілі пад сумнеў само існаваньне беларускай дзяржавы.

Спачатку галасы супраць Незалежнасьці гучалі асьцярожна, потым — усё сьмялей. Ужо ўлетку 1992-га па ўсёй Беларусі дзяржаўны друк (за выключэньнем «Народнай газэты», «Зьвязды», «Чырвонай зьмены», яшчэ некалькіх выданьняў — але нешматлікіх) разгарнуў кампанію супраць сувэрэнітэту Беларусі, якая дасягне свайго апагею ў наступным, 1993-ім годзе.

На ўжо згаданай канфэрэнцыі ў Маладэчне Адам Мальдзіс заўважыў, што «ні ў воднай цывілізаванай дзяржаве не засталіся б беспакаранымі заявы аб тым, што «ў Беларусі ідэя нацыянальнай дзяржавы проста абсурдная, паколькі ў падмурку яе закладзена неіснуючая нацыя». Гэта цытата зь «Витебского курьера». Наўрад ці ў якой іншай дзяржаве дазволілі б так зьдзекавацца зь беларускай нацыянальнай сымболікі, як гэта робіць газэта «Мы и время».

Менавіта ў 1992 годзе было створанае так званае «Народное движение Беларуси», якое ўзначаліў кіраўнік аднаго з упраўленьняў Савету Міністраў Сяргей Гайдукевіч. Вакол яго аб'ядналіся праімпэрскія, шавіністычныя сілы. Гайдукевіч выказваў уголас тое, што было некамільфо вымаўляць з парлямэнцкай трыбуны дэпутатам праўрадавай групы «Беларусь».

У рэгіёнах жа кіраўнікі сябе ня стрымлівалі. А тое, што дазвалялі сабе мясцовыя чыноўнікі і падкантрольная ім прэса, немагчыма ўявіць ні ў якай іншай дзяржаве. Ня толькі ў дэмакратычнай — увогуле ні ў якай. Дзяржаўнасьць Беларусі падвяргалася самаму натуральнаму шальмаваньню, а нашыя пратэсты супраць гэткіх публікацый успрымаліся як наступ на свабоду слова. Замест таго, каб умацоўваць дзяржаўнасьць на грунце нацыянальных каштоўнасьцяў, чынавенскі апарат ставіў іх існаваньне пад сумнеў і ўвогуле адмаўляў права беларусаў на сувэрэнную дзяржаву.

Толькі адзін прыклад: у Віцебску ў ліпені 1992 году гарадзкія ўлады правялі «сход працоўных калектываў гораду», на якім быў прыняты зварот да дэпутатаў з патрабаваньнем выступіць ініцыятарамі «аднаўленьня СССР і аднаўленьня дзеяньня Канстытуцыяў СССР і БССР».

“… Я не ўскладаю надзей на цяперашні Вярхоўны Савет і ўрад”

Газэта Савету Міністраў мела назоў па-беларуску — «Рэспубліка» — але практычна ўсе публікацыі ў ёй былі па-расейску. Рэдакцыя не давала слова актывістам БНФ, у зьедлівым тоне пісала пра ініцыятывы Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, але 10 чэрвеня 1992 году зьмясьціла вялізны тэкст школьніка з Барысава. «Хіба не цікава, што 16-гадовы чалавек думае пра наш час», — патлумачыла рэдакцыя.

Аб’ём публікацыі быў вялізны, на паласу — мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, пра такое ў «Рэспубліцы» і марыць не маглі.

А пісаў юнак пра распад СССР і зьяўленьне незалежнай беларускай дзяржавы як пра найвялікшае зло, пра тое, што «воляй лёсу мы апынуліся юрыдычна і палітычна ізаляванымі ад Расеі» («гэта часовы разрыў»). Натуральна, выказвалася поўная падтрымка пракамуністычнаму Вярхоўнаму Савету і ўраду і нагадвалася пра неабходнасьць «супрацьпаставіць «нацыянал-дэмакратам», як яны самі сябе называюць, магутную патрыятычную арганізацыю, якая б аб’яднала людзей, якія ўсьведамляюць пагібельнасьць залежнасьці ад Захаду».

Аўтарам публікацыі быў Усевалад Янчэўскі — праз дваццаць пяць гадоў «галоўны ідэоляг» лукашэнкаўскай адміністрацыі.

Ніводнаму маладому беларускаму патрыёту «Рэспубліка» слова не дала.

Але ў тыя самыя дні «ЛіМ» надрукаваў ліст іншага 16-гадовага юнака, Яўгена Касьцюшкі з Гомелю. «Два гады назад я нават не задумваўся, хто я (вядома ж, рускі), але паступова пад узьдзеяньнем новага ў жыцьці нашага грамадзтва ў маёй сьвядомасьці пачаўся пераварот… Канчаткова павязка з маіх вачэй упала летам — восеньню 1991 году. Я адчуў гонар за тое, што належу да беларускай нацыі, якая пасьля шматвяковага рабства, панаваньня чужынцаў…знайшла ў сабе сілы зноў пачаць нацыянальнае Адраджэньне».

Аднак году хапіла, каб юнак убачыў тое, чаго не жадалі бачыць дзяржаўныя мужы. «Цяпер аб нацыянальнай палітыцы нашага ўраду. Яна выклікае ў мяне рэзкую крытыку і абурэньне. Канешне, у ёй ёсьць добрыя бакі, але калі прадстаўнікі найвышэйшай улады нашай дзяржавы ходзяць на задніх лапках перад «старшей сестрою» і кожны раз азіраюцца на яе, ці ж дагадзілі, то ў мяне няма слоў… Я не ўскладаю надзей на цяперашні Вярхоўны Савет і ўрад, таму агітаваў сваіх родзічаў паставіць подпіс у падтрымку рэфэрэндуму» («Літаратура і мастацтва», 17 ліпеня 1992).

Ліст Янчэўскага кантрастуе зь лістом таксама 16-гадовага Яўгена Касьцюшкі, і, здавалася б, усё гэта пацьвярджала існаваньне плюралізму — на старонках пэрыядычнага друку можна было знайсьці розныя меркаваньні.

Але ніякага плюралізму насамрэч не было: дзяржаўныя, фінансаваныя Саўмінам выданьні, якія ў адрозьненьне ад «Свабоды» ці «ЛіМу» выходзілі гіганцкім накладам, давалі слова пераважна праціўнікам беларускай незалежнасьці (як правіла, без крытычных ацэнак). І я ня памятаю ні ў «Советской Белоруссии» ні ў «Белорусской ниве», ні ў «Рэспубліцы», агульны наклад якіх у пэўныя пэрыяды набліжаўся да мільёну асобнікаў, ніводнай публікацыі ніводнага ліста ў абарону Адраджэньня.

Затое супраць — колькі заўгодна.

“…ідзе апалячваньне поўным ходам, і яму дадзена зялёнае сьвятло”

Але прапаганда была ня толькі прарасейская. Сытуацыя ў заходніх рэгіёнах Беларусі не нашмат адрозьнівалася ад таго, што адбывалася ва ўсходніх — адначасна ішла як расейская, гэтак і польская экспансія.

Вось урыўкі з публікацыі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» пра канфэрэнцыю Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь».

Выступае Сяргей Законьнікаў, галоўны рэдактар часопіса «Полымя»: «… у нас ніякага тэлебачаньня няма. Пасьля Бураўкіна, які паклаў шмат працы і крыху вывеў тэлебачаньне ў людзі, — цяпер усе тыя набыткі згубленыя… у якой краіне можа быць такое, калі дзяржаўнае тэлебачаньне ваюе са сваёю моваю; дзе, у якой краіне дзяржаўнае тэлебачаньне ваюе са сваім сувэрэнітэтам? Тут прыгадвалася праграма «Крок». Я таксама глядзеў іх. Людцы родныя! Дзе ж гэта мы жывем, і што гэта за ўрад такі, калі можна так абразьліва гаварыць па нацыянальным тэлебачаньні пра сваю мову, пра свой сувэрэнітэт, сьмяяцца з гэтага!.. Я пазнаёміўся са статыстыкай, якая яшчэ нядаўна была засакрэчаная. Скажам, па нашай сталіцы горадзе Менску. Кіруючы апарат, пачынаючы зь Вярхоўнага Савету, Савету Міністраў і заканчваючы дырэктарамі навучальных установаў, прадпрыемстваў, выглядае так, што беларусы знаходзяцца на самым апошнім месцы. Сярод рабочай клясы сытуацыя адваротная — беларусы ў абсалютнай большасьці. Па Менску сярод кіруючых кадраў амаль паўсюдна пераважае расейская нацыянальнасьць…».

Алесь Белакоз, настаўнік зь вёскі Гудзевічы Іўеўскага раёну: «У нас на Гарадзеншчыне гандаль, мэдыцына, суд, улада ў большай ступені ў руках «палякаў». У нас там ідзе апалячваньне поўным ходам, і яму дадзена зялёнае сьвятло… Апалячваньне ідзе найперш праз касьцёл, праз польскіх ксяндзоў».

“…тэлебачаньне беспакарана зьневажае беларускую мову”

Васіль Дубейка, сябра Баранавіцкай раённай рады ТБМ: «Місіянэры, падрыхтаваныя людзі вядуць пасьпяховую палянізацыю. Супраць іх мы нічога ня можам зрабіць… Місіянэры дзейнічаюць у вёсцы Новая Мыш. За гэты час дзеткі пачалі ставіць канцэрты, сьпяваць, складаць вершы на польскай мове, яны прасякаюцца польскім патрыятызмам… Зноў я паўтару пытаньне да ўраду: чаму ў касьцёлах разьвешваюць польскія дзяржаўныя сьцягі, хто дапусьціў у нашы вёскі місіянэраў? Кебіч, Шушкевіч павінны даць адказ, але яны маўчаць… Вось што самае крыўднае для нас, беларусаў — што мы цярпім абразу… Не магу не паўтарыцца, не сказаць пра тэлебачаньне, якое беспакарана зьневажае беларускую мову. Давайце ўявім сабе, што было б калі б Астанкінскае тэлебачаньне абразіла расейскую мову?»

Алесь Міткавец, мэтадыст гарадзкога аддзелу народнай адукацыі, Гомелю: «Колішняя партыйная газэтка «Вечерний Гомель» цяпер зьмяніла назву, але па-ранейшаму выдаецца на расейскай мове, распачала атаку на сьвядомасьць чытачоў, даказваючы, што Гомель — горад не беларускі, што беларусаў у ім няма, што нібыта бальшавікі прышчапілі яго да Беларусі толькі ў дваццаць шостым годзе. Усе тыя асобы, якія жылі ў ранейшым СССР, уяўляючы яго як вялікую Расею, не прымаюць нашу беларускую дзяржаўнасьць, нашу мову».

Алесь Касьцень, старшыня Пастаўскай раённай рады ТБМ: «Я ведаю, што ёсьць прыклады, калі каталіцкія сьвятары вядуць набажэнствы па-беларуску і прэса наіўна разьдзімае гэтыя прыклады, але я жыву ў глыбінцы заходняй Беларусі, там, дзе жыцьцё бруіць, і бачу, што польскі каталіцкі касьцёл, як і расейская праваслаўная царква — ворагі ўсялякай беларускасьці... У старажытным, маляўнічым мястэчку Дунілавічы зьявіўся паляк-ксёндз… Сёньня гэты ксёндз мала таго, што польскую мову ў касьцёле ўвёў, — ён нясе яе ў школу… Больш таго, польскія сьцягі сталі неад’емнай часткай гэтага касьцёла… Людзі, зь якімі я гутарыў і спрабаваў пераканаць, але безвынікова, выдатна размаўляюць па-беларуску, называюць сябе палякамі. У час размовы я чуў ад іх: мы былі крэсамі ўсходнімі і хочам імі быць. Гэта людзі шчырыя: як іх падвучылі, так яны і выказваюцца».

Яраслаў Клімуць, старшыня Магілёўскай гарадзкой рады ТБМ: «Калі бачыш, у які наступ ідуць, каб адабраць наш яшчэ не ўмацаваны сувэрэнітэт, робіцца сапраўды балюча і трывожна. Сапраўды, на Магілёўшчыне Руская праваслаўная царква спрабуе даказаць, што гэта землі «истинно русские», з захаду мы бачым тую самую палянізатарскую экспансію каталіцкага касьцёлу». («Літаратура і мастацтва», 29 траўня 1992).

На гэтай канфэрэнцыі ТБМ прысутнічалі і выступілі віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч, міністар культуры Яўген Вайтовіч і намесьніца міністра народнай адукацыі Людміла Сухнат. Аўтар справаздачы напісаў, што «прамовы афіцыйных асоб не пакінулі надзей на хуткую зьмену ў лепшы бок дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да беларускай мовы» («Літаратура і мастацтва», 29 траўня 1992). І гэта пры тым, што, нягледзячы на неідылічныя адносіны вышэйназваных кіраўнікоў з БНФ, і Дзямчук, і Бутэвіч, і Вайтовіч — найбольш за ўсіх ва ўрадзе рабілі для беларусізацыі (у гэты шэраг варта таксама паставіць і міністра замежных справаў Пятра Краўчанку).

Тое станоўчае, што імкнуліся рабіць Бутэвіч, Вайтовіч, Дзямчук, Краўчанка, — было іхняй прыватнай ініцыятывай і ня мела належнай падтрымкі на ўзроўні Кебіча і «нефармальнага» атачэньня прэм’ера ў апараце Саўміну. Тое атачэньне, наадварот, завязвала ўсё больш цесныя сувязі з Крамлём і Лубянкай.

Мы, дэпутаты, імкнуліся рэагаваць на выпадкі абразы беларускай мовы, самой беларускай дзяржавы — але наш арсэнал быў небагаты: дэпутацкі запыт, выступ на сэсіі ці ў прэсе. Па канкрэтных справах прымаліся патрэбныя рашэньні, але сыстэма не мянялася.

У свой час выбітны дзяяч украінскага Адраджэньня Грушэўскі сказаў: «Бяда Ўкраіны ў тым, што ёю кіруюць людзі, якім яна не патрэбная». Гэтыя словы можна было прымяніць і да Беларусі першага поўнага году яе адноўленай дзяржаўнасьці.

Тут сапраўды патрэбнае было палітычнае рашэньне — зьмена ўлады.

І калі я прыгадваю 1992 год, гутаркі з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Арловым, зь іншымі творцамі, чыя грамадзянская пазыцыя мела выразна нацыянальны, беларускі характар — дык ня памятаю ніводнага выпадку, калі б нехта зь іх паставіў пад сумнеў неабходнасьць правядзеньня рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах. І нават тыя, каго лёс закінуў далёка ад Беларусі, падтрымлівалі гэтую ідэю. У чэрвені і ліпені 1992-га на запрашэньне амэрыканскай амбасады я быў у ЗША, у Вашынгтоне — адтуль паехаў у Нью-Ёрк, дзе тады на пасадзе сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН працаваў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. У сям'і Бураўкіных я правёў два дні — усю ноч мы прагаварылі, Бураўкін з роспаччу распавядаў, як беларуская дзяржава страчвае магчымасьці на міжнародным узроўні, дадзеныя ёй лёсам. «Гэты час прапусьцім — потым ня вернем», — казаў Бураўкін. Ён таксама выказваўся за рэфэрэндум, бо разумеў, што лёс нацыянальнага Адраджэньня наўпрост завязаны на сфармаваны яшчэ пры камуністах урад, на недзеяздольны Вярхоўны Савет, і першае, што можа гарантаваць незваротнасьць Адраджэньня — гэта зьмена ўлады.

Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG