Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Саудаўская Арабія змагаецца з карупцыяй. ВІДЭА


Насьледны прынц Мухамэд аль-Сауд
Насьледны прынц Мухамэд аль-Сауд

Урад Саудаўскай Арабіі канфіскуе сродкі, а таксама іншыя актывы падазраваных у карупцыі прадстаўнікоў каралеўскай сям’і і бізнэс-эліты.

Гаворка ідзе пра суму 800 мільярдаў даляраў, піша Wall Street Journal са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Такое рашэньне можа быць прынята ў рамках маштабнага антыкарупцыйнага расьсьледаваньня, якое ўзначаліў насьледны прынц каралеўства.

Прасторны хол гатэлю Рытц Карлтан у сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр Рыяд. На падлозе ляжаць матрацы, па кутах стаяць вінтоўкі. Гэтае відэа зьнята на мабільны тэлефон і трапіла ў сацсеткі. Гатэль Рытц у апошнія дні стаў імправізаваным сьледчым ізалятарам для дзясяткаў арыштаваных прынцаў, высокапастаўленых чыноўнікаў і бізнэсмэнаў, якія падазраюцца ў маштабнай карупцыі.

Іх актывы неўзабаве паступяць у казну каралеўства. Прыблізную суму апублікавала газэта Wall Street Journal. Суразмоўцы выданьня сьцьвярджаюць, што адна з мэтаў антыкарупцыйнай кампаніі ў краіне — папаўненьне дзяржаўнай казны, якая мае патрэбу ў значных уліваньнях з прычыны падзеньня цэнаў на нафту і вялікага замежнага доўгу каралеўства.

Акрамя таго, паведамляе Wall Street Journal, канфіскацыя актываў на суму каля 800 мільярдаў даляраў дапаможа насьледнаму прынцу і адначасова кіраўніку антыкарупцыйнага агенцтва Мухамэду аль-Сауду рэалізаваць інвэстыцыйныя пляны ўраду.

Напярэдадні дзеяньні вышэйшага кіраўніцтва Саудаўскай Арабіі падтрымаў у Twitter’ы Дональд Трамп. Сёньня афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт сказала, што ЗША сочаць за сытуацыяй.

«Мы падтрымліваем ўлады Саудаўскай Арабіі ў іх перасьледзе чыноўнікаў, якія падазраюцца ў карупцыі. Мы спадзяемся, што яны зробяць гэта сумленна і празрыста, мы заклікалі ўрад Саудаўскай Арабіі да гэтага», — сказала яна.

Масавыя арышты пачаліся ў Саудаўскай Арабіі 6 лістапада. Усяго ў рамках расьсьледаваньня затрыманыя больш за шэсьцьдзесят высокапастаўленых грамадзянаў. Сярод вэрсій, паводле якіх кароль і насьледны прынц пачалі кампанію барацьбы з карупцыяй, называліся ўнутрыклянавая барацьба і пытаньні спадчыннасьці трону. Зараз да іх дадаліся і цалкам эканамічныя прычыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG