Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луцкевіч Іван Герман Янаў. Нарадзіўся 28.05.1881 г. у г. Шаўлі Ковенскай губ. (цяпер г. Шаўляй, Летува). Памёр 20.08.1919 у г. Закапанэ (Малапольскае ваяводзтва, Польшча). Пахаваны ў Закапанэ. Сымбалічна перапахаваны на могілках Роса ў Вільні. Псэўданім і партыйная мянушка Іван Міхальчук.

Л. Сівіцкая пісала свайму карэспандэнту: «Паміж іншым, ня ведаю, хто і калі пачаў старэйшага Луцкевіча называць Іванам, бо ён у лістах падпісываўся Ян». І другому карэспандэнту: «...ня ведаю, хто і калі зрабіў зь яго Івана, бо ён у лістах падпісываўся Ян». І сама ж Сівіцкая ў сваіх лістах называла Луцкевіча Іванам. І малодшы брат, А. Луцкевіч, і іншыя беларускія дзеячы таксама называлі яго Іванам. Так склалася, так было зручней, бо жыў ён у асяродзьдзі, у якім пераважалі праваслаўныя. Так яго і звалі: Іван Іванавіч, хоць быў сынам Яна Баляслава і, паводле цяперашніх правілаў ды з папраўкай на «праваслаўнасьць», яго належала б назваць Іван Герман Іванавіч Баляслававіч.

Вось такая гісторыя зь імем. А наконт паходжаньня ў літаратуры можна сустрэць цьверджаньне, што Луцкевіч нарадзіўся ў сям’і паўстанца 1863 году. Насамрэч паўстанцам быў родны бацькаў брат. А бацька, удзельнік Крымскай вайны, капітан расейскай арміі, быў чалавекам законапаслухмяным. Пасьля войска служыў на Лібава-Роменскай чыгунцы — спачатку ў Шаўлях, дзе нарадзіўся Іван, а потым у Лібаве (цяпер Лепая, Латвія), дзе Іван хадзіў у гімназію.

У Лібаве Іван трапіў у гурток літоўскіх патрыётаў, якім кіраваў тэлеграфіст Ё. Амбразайціс. Пэўны ўплыў на фармаваньне асобы Луцкевіча мелі таксама паездкі на матуліну радзіму — у фальварак Ракуцёўшчына Вялейскага павету. Там ён чуў жывую мову свайго народу. Патрыятычная адукацыя працягвалася і ў Менску, куды Луцкевіч пераехаў у 1897 і дзе працягваў вучобу ў гімназіі. Аматар даўніны і калекцыянэр-пачатковец, ён трапіў пад уплыў археоляга і калекцыянэра Г. Татура, якога палякі называлі беларускім нацыяналістам. Уплываў на яго і нашчадак старога беларускага роду К. Кастравіцкі, больш вядомы як К. Каганец.

Ведама, на фармаваньне асобы Луцкевіча паўплывалі і публікацыі з гісторыі Беларусі, а таксама працы мовазнаўцаў, фальклярыстаў і этногафаў, якіх нямала было ў 1890-х. Ёсьць зьвесткі, што ў Менскай мужчынскай гімназіі склаўся беларускі гурток, удзельнікі якога ня толькі вывучалі гісторыю і культуру сваёй краіны, але і сацыяльныя тэорыі, у тым ліку марксізм.

Вось з такім ідэйным багажом у канцы лета 1902 Луцкевіч прыехаў у Санкт-Пецярбург, дзе яму належала вывучаць юрыспрудэнцыю. Акрамя таго, ён стаў студэнтам Археалягічнага інстытуту. У сталіцы імпэрыі адбылося яго знаёмства са студэнтамі зь Віленскай губэрні, якія таксама жылі беларускай ідэяй. Выявілася, што віленчукі на чале з В. Іваноўскім ужо ўчынілі захады дзеля стварэньня палітычнай арганізацыі — Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі. Праўда, адозва гэтай партыі да інтэлігенцыі нагадвала хутчэй праграму культурна-асьветнай арганізацыі.

З прыездам у Пецярбург Луцкевіча і яго брата ў тамтэйшым беларускім асяродку адбылося пэўнае перафарматаваньне. Дзеля вядзеньня культурна-асьветнай працы ўвосень 1902 быў створаны Круг Беларускай Народнай Прасьветы і Культуры, у якім першую скрыпку граў Іваноўскі, а браты Луцкевічы пачалі рыхтаваць глебу дзеля стварэньня палітычнай партыі. Падрыхтоўчы працэс доўжыўся год. Ён быў нават прыпынены ў сувязі з арыштам Івана напярэдадні 1 траўня 1903. Пад канец 1903 партыя — Беларуская Рэвалюцыйная Грамада — была заснавана. Увосень 1904 БРГ стала называцца Беларускай Сацыялістычнай Грамадой. Пад такой назвай яна ўвайшла ў рэвалюцыйны 1905-ты.

Луцкевіч быў актыўным удзельнікам рэвалюцыйных падзей. Каб пазьбегнуць арышту, яму ў студз. 1906 давялося пераехаць зь Менску ў Вільню і перайсьці на нелегальнае становішча. Зь імем Луцкевіча зьвязваюць выданьне ў 1906 «Нашай Долі», першай беларускай газэты ХХ ст. Цяпер можна дакладна сказаць, што Луцкевіч быў ініцыятарам выданьня газэты БСГ, але зьдзейсьніў гэты праект ня ён. Калі над радыкальнай «Нашай Доляй» навісла пагроза закрыцьця, Луцкевіч разам з братам наладзіў выданьне газэты «Наша Ніва» (1906–1915). З 1907 дзейнічала таксама выдавецтва «Нашай Нівы», наступнікам якога ў 1913 стала Беларускае выдавецкае таварыства. Апроч таго, Луцкевіч быў сузаснавальнікам выдавецкага таварыства «Наша Хата» (1908–1911). З тае прычыны, што «Наша Ніва» зьяўлялася на той час адзінаю беларускай газэтай, зь ёю супрацоўнічалі людзі розных поглядаў. Пэўна, разумеючы, што газэта ня можа задаволіць усіх, Луцкевіч, як сьведчыў А. Станкевіч, стаў ініцыятарам выданьня грамадзка-палітычнай, літаратурна-мастацкай і рэлігійна-асьветніцкай каталіцкай газэты нацыянал-дэмакратычнага кірунку «Biełarus» (1913–1915).

З пачаткам 1-й сусьветнай вайны Луцкевіч браў удзел у выпрацоўцы тактыкі беларускага руху ў новых умовах. Ён разам зь іншымі дзеячамі ўхіліўся ад эвакуацыі і ня даў расейскім уладам вывезьці яго калекцыі. З прыходам нямецкай улады Луцкевіч разам зь іншымі дзеячамі ўчыняў захады дзеля выданьня газэты «Гоман» і наладжваньня беларускага школьніцтва. Ён выкладаў на заснаваных Беларускім таварыствам дапамогі пацярпелым ад вайны настаўніцкіх курсах і ў адчыненай у м. Сьвіслач беларускай настаўніцкай сэмінарыі. Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны было прыкрыцьцём нелегальнага Беларускага Народнага Камітэту, у працы якога браў актыўны ўдзел Луцкевіч.

Як і яго брат, ён выступаў за стварэньне супольнай беларуска-літоўскай дэмакратычнай дзяржавы. Ён быў аўтарам апублікаванага ў сьнеж. 1915 унівэрсалу Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага.

У студз. 1918 на Беларускай Канфэрэнцыі ён стаў сябрам Беларускай Рады ў Вільні. 16.02.1918 ён разам зь іншымі сябрамі Рады падпісаў рэзалюцыю, паводле якой дзяржаўная сувязь паміж Беларусьсю і Расеяй абвяшчалася разарванай.

Як вядома, у лют. 1918 нямецкае войска дайшло да Дзьвіны, Дняпра і Сожа. І ў сак. 1918 дэлегацыя Беларускай Рады ў Вільні (А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, Я. Туркевіч, Д. Сямашка і Я. Станкевіч) прыехала ў Менск, дзе ўжо немалая частка сябраў БСГ выказвалася за незалежнасьць Беларусі. Як пісаў Зьм. Жылуновіч, браты Луцкевічы ўгаварылі прагаласаваць за незалежнасьць і тых беларускіх сацыялістаў — сябраў Рады БНР, — якія яшчэ вагаліся. На жаль, не захаваўся пратакол гістарычнага пасяджэньня Рады БНР 24–25.03.1918, але ў літаратуры можна сустрэць цьверджаньне, што Луцкевіч быў кааптаваны ў склад Рады БНР.

Самым важным пытаньнем таго часу было пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці БНР Нямеччынай. Меліся сыгналы, што гэта стане магчыма, калі Рада і Ўрад БНР паправеюць. Другі раз Луцкевіч прыехаў у Менск у крас. 1918, каб угаварыць радных кааптаваць у склад Рады БНР правых зь Менскага Беларускага Прадстаўніцтва на чале з Р. Скірмунтам. Яшчэ раз Луцкевіч прыехаў у Менск у ліп. 1918, каб угаварыць левых сябраў Рады БНР падтрымаць сфармаваны 9.07 кабінэт Скірмунта. Аднак гэтым разам сацыялісты не паслухаліся яго.

1918 у біяграфіі Луцкевіча адметны і тым, што ён стаў ініцыятарам стварэньня Беларускага Навуковага Таварыства. Яно было заснавана ў студз. на Беларускай Канфэрэнцыі ў Вільні. Луцкевіч, які стаў намесьнікам старшыні БНТ, перадаў у яго распараджэньне свае калекцыі. Гэтыя калекцыі сталі асновай адчыненага ў 1921 Беларускага музэю ў Вільні.

У 1918 Луцкевіч разам зь нямецкім вучоным А. Іпэлем наладзіў у Вільні і Менску першую ў гісторыі выстаўку беларускага мастацтва. Такім чынам у навуцы зьявіўся тэрмін «беларускае мастацтва». Акрамя таго, у 1918 Луцкевіч надрукаваў у часопісе «Варта» артыкул пра кітабы — напісаныя па-беларуску арабскім пісьмом татарскія рукапісныя кнігі. З гэтага часу пачалося вывучэньне кітабаў як помнікаў беларускай мовы, а ў навуцы зьявіўся тэрмін «кітабы Луцкевіча».

Калі нямецкае войска пачало рух на захад і многія радныя і сябры Ўраду БНР падаліся ў Вільню і Горадзен, паміж Беларускай Радай у Вільні і Літоўіскай Тарыбай было дасягнута пагадненьне пра тое, што прадстаўнікі Рады будуць кааптаваныя ў склад Тарыбы. Сябрам Тарыбы стаў і Луцкевіч, аднак неўзабаве, разгадаўшы антыбеларускія інтрыгі літоўцаў, ён разам з Я. Станкевічам склаў з сябе гэтыя абавязкі. У той час галоўным клопатам для яго было атрымаць магчымасьць разьмясьціць віленскія беларускія ўстановы ў мурах былога базыльянскага манастыра і адчыніць у базыльянскіх мурах Віленскую беларускую гімназію.

Тым часам сухоты дарэшты падтачылі сілы Луцкевіча. Прызначаны 16.03.1919 камісарам Рады Народных Міністраў БНР на Віленшчыну, ён ужо ня змог удзельнічаць у скліканым у чэрв. Беларускім Зьезьдзе Віленшчыны і Горадзеншчыны. У другой палавіне чэрв. ён згадзіўся выехаць на лячэньне ў Закапанэ. Гэта было яго апошняе падарожжа.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG