Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністы-апазыцыянэры ўсклалі кветкі да помніка Леніну ў Менску


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» 5 лістапада ўсклалі кветкі да помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці з нагоды 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У акцыі ўдзельнічалі каля 40 чалавек. Афіцыйнага дазволу на яе правядзеньне партыя не брала. Дзяжурны міліцыянт падышоў да старшыні партыі Сяргея Калякіна, каб удакладніць мэту мерапрыемства, аднак ня стаў перашкаджаць яго правядзеньню. Акцыя доўжылася некалькі хвілінаў. Актывісты ўсклалі кветкі, а потым Калякін павіншаваў прысутных са 100-годзьдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У камэнтары БелаПАН Калякін назваў падзеі 100-гадовай даўніны «гістарычнай і актуальнай датай». «Прайшло 100 гадоў, але пра гэтую дату працягваюць гаварыць і спрачацца. Адны яе ўсхваляюць, іншыя праклінаюць», — сказаў ён. Сяргей Калякін падкрэсьліў, што стаўленьне да падзеі, якая адбыўся 100 гадоў таму, залежыць ад «клясавага падыходу».

«З пункту гледжаньня прыгнечаных людзей, працоўных гэта была вялікая падзея, якая зьмяніла сьвет. Для ўлады, элітаў гэта было нешта страшнае, бо яны ўсё страцілі», — сказаў лідэр партыі.

Калякін таксама лічыць, што сёньня рэвалюцыя «вельмі моцна прысутнічае ў розумах людзей». Пры гэтым ён ня змог адказаць на пытаньне, калі можа адбыцца новая рэвалюцыя, да прыкладу, у Беларусі. Па словах Калякіна, гэта можа адбыцца як «у бліжэйшы час, так і празь дзясяткі гадоў».

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» (да 2009 года Партыя камуністаў Беларуская, ПКБ) — левая палітычная партыя ў Рэспубліцы Беларусь. Заснаваная ў 1991 годзе. У 1996 годзе частка сябраў ПКБ, якія падтрымлівалі палітыку Аляксандра Лукашэнкі, аддзялілася ад партыі і заснавала прапрэзыдэнцкую Камуністычную партыю Беларусі. У цяперашні час «Справядлівы сьвет» выступае супраць рэжыму Лукашэнкі. З 1994 года бязьзьменным лідэрам партыі зьяўляецца Сяргей Калякін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG