Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфармацыі — 500. Што беларусам да гэтай гадавіны й колькі ў нас яе пасьлядоўнікаў?


Горадзенская кірха – адзіная дзейсная ў Беларусі

У гэты дзень былы нямецкі манах Марцін Лютэр публічна асудзіў тагачасную каталіцкую царкву. Ён прыбіў да дзьвярэй царквы свае крытычныя тэзы. Новая хрысьціянская канфэсія хутка запанавала ў паўночнай Эўропе. Пра яе зьяўленьне й сучасны стан у Беларусі нам распавялі лютэране — горадзенскі пастар Уладзімер Татарнікаў і кіраўнічка менскае суполкі Хельга Штокман.

Чаму пачалася Рэфармацыя?

Рэфармацыя — гэта рэлігійны рух XVI стагодзьдзя. Але пра патрэбу рэформы хрысьціянства выказваліся й раней: напрыклад, ангелец Джон Ўікліф і чэх Ян Гус. Што ім не падабалася? Тагачасныя вернікі маглі пазбавіцца Боскай кары за грахі, у тым ліку за забойства, сплаціўшы пэўную суму. Але царква адышла ад першакрыніцы — Бібліі — ня толькі ў гэтым. Зьявіліся новыя вучэньні, напрыклад пра чысьцец, пачалі шанаваць сьвятых, маліцца мошчам і абразам.

Простыя вернікі мусілі ўва ўсім слухацца сьвятароў. І верыць, што ім кажуць, бо самастойна спраўдзіць у Бібліі не маглі. Па-першае, кнігі ў тыя часы каштавалі вельмі дорага, бо іх пісалі ўручную, па-другое, царква не ўхваляла пераклады на родныя мовы. Напрыклад, у 1468 годзе архібіскуп майнцкі Бэртальд забараніў друкаваць рэлігійныя кнігі. Нібыта нямецкая мова не прыдатная для правільнай перадачы хрысьціянскіх думак. Масава Біблію пачалі чытаць толькі ў часы Рэфармацыі дзякуючы вынаходзтву Ёгана Гутэнбэрга — друкарскаму станку.

Былая берасьцейская кірха
Былая берасьцейская кірха

Хто такія лютэране і ў што яны вераць?

Лютэране — гэта адны зь першых пратэстантаў, таксама як кальвіністы, англікане, анабаптысты. Назва ў гонар Марціна Лютэра — пачынальніка Рэфармацыі. Лютэр адвучыўся ва ўнівэрсытэце ў роднай Турынгіі ды пайшоў у кляштар. Жыцьцё там было суворае: забаранялася размаўляць уголас нават сам з сабою. Знакамітым Лютэр стаў, калі 31 кастрычніка 1517 году прыбіў да дзьвярэй вітэнбэрскага храму 95 тэзаў з асуджэньнем дзеяньняў каталіцкай царквы. Лютэр пераклаў Біблію на нямецкую мову.

Новая хрысьціянская канфэсія ўкаранілася толькі празь дзесяцігодзьдзі войнаў. Як і ўсе пратэстанты, лютэране вызнаюць Біблію за галоўны аўтарытэт. Яны вучаць, што чалавек можа атрымаць збаўленьне й вечнае жыцьцё толькі празь веру ў Ісуса Хрыста ды ягоную місію на Зямлі. Не праз таемствы, аскетызм ці добрыя справы. Пратэстанты адмовіліся ад літургіі, паломніцтва, цэлібату, манаства, шанаваньня мошчаў і абразоў, пакінулі толькі прычасьце й хрышчэньне. Іхныя малітоўныя дамы ня маюць аўтароў, іконаў, званоў, багатага ўбраньня. Службы яны пачалі праводзіць на родных мовах, а не на лацінскай, як было раней. Адметнасьць ад большасьці іншых пратэстантаў: лютэране практыкуюць хрышчэньне ў дзіцячым, а не ў сьвядомым узросьце, іхныя сьвятары маюць адмысловае адзеньне.

Сустрэча менскіх лютэранаў
Сустрэча менскіх лютэранаў

Як Рэфармацыю сустрэлі продкі беларусаў?

Пратэстантызм, пераважна кальвінісцкі, імкліва распаўсюдзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вацлаў Ластоўскі пісаў, што ў тагачасным Сэнаце засталіся толькі два каталікі — біскупы Віленскі й Жмудзкі. У Наваградзкім ваяводзтве з больш чым 600 праваслаўных сем’яў захавалі сваю веру толькі 16. Амаль уся беларуская эліта перайшла ў пратэстантызм. Шмат для яго пашырэньня зрабіў Мікалай Радзівіл Чорны. Ён адкрыў 163 зборы, фінансаваў друкаваньне Бібліі.

Эпоха Рэфармацыі ў ВКЛ скончылася з прыходам заможнага ордэну езуітаў. Каталікі імкліва будавалі свае храмы, манастыры й навучальныя ўстановы. Пашырэньню каталіцтва спрыяла й стварэньне ў 1569 годзе агульнай з палякамі дзяржавы — Рэчы Паспалітае. Але гісторыя прапанавала альтэрнатыву: ў 1655 годзе вялікі гетман Януш Радзівіл і больш за тысячу шляхцічаў падпісалі Кейданскую вунію з пратэстанцкай лютэранскай Швэцыяй. Па-першае, Радзівіл сам быў пратэстантам і падзяляў антыпольскія настроі пэўнай часткі эліты, па-другое, расейскае войска заняло большую частку княства зь Вільняй. Зьвяз са Швэцыяй дазволіў выратаваць рэшту дзяржавы. Палякі ж лічаць яго здрадай: нібыта продкі беларусаў ня мелі права заключаць міжнародныя пагадненьні.

Ці вызнавалі тут лютэранства?

Ажно да ХХ стагодзьдзя большасьць тутэйшых лютэранаў былі немцамі, пакуль іх масава ня вывезьлі ўглыб СССР ці не забілі. Немцы зьявіліся тут як гандляры ў XII стагодзьдзі й былі тады каталікамі. Шмат перасяленцаў прыехалі ў час Лівонскай вайны, ратуючыся ад расейскіх войскаў, пры ўладзе нямецкага караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Саса, а таксама пасьля далучэньня да Расейскай імпэрыі.

Галоўная менская лютэранская кірха знаходзілася на месцы дому на пр. Незалежнасьці, 22
Галоўная менская лютэранская кірха знаходзілася на месцы дому на пр. Незалежнасьці, 22

Менавіта нямецкай дыяспары Менску належалі дзьве мясцовыя кірхі. Адна зь іх была на сёньняшнім праспэкце Незалежнасьці, на месцы пасьляваеннага дому ля Кастрычніцкага пляцу. Яшчэ адна — на месцы скрыжаваньня сёньняшніх вуліц Карла Лібкнэхта й Каржа. Там і месьцілася нямецкая слабада — жылы раён. Там былі нямецкія могілкі — цяпер Лютэранскі сквэр, былі й уласныя прадпрыемствы: у 1895 годзе пачаў працаваць мылаварны завод, у 1904 — парфумэрная фабрыка «Вікторыя».

Дзейсную суполку зарэгістравалі ў 1994 годзе. Яна ня мае культавага будынку, вернікі — у асноўным прадстаўнікі нямецкай дыяспары — зьбіраюцца на сустрэчы ў прыватным доме на вул. Пятроўшчына разы два на месяц. У доме размясьцілі экспазыцыю, прысьвечаную Марціну Лютэру.

Немцы адкрылі й адзіную цяпер дзейсную кірху ў Беларусі. Будынкаў засталося тры: яшчэ ёсьць у Берасьці й Полацку, але вернікі там не зьбіраюцца. Самым знакамітым немцам Горадні быў Антоні Тызэнгаўз, нашчадак крыжакоў. Ён 15 гадоў працаваў на пасадзе мясцовага старасты ды распачаў прамысловае й культурнае пераўтварэньне: адкрыў дзясяткі фабрык, тэатар, бібліятэку, кадэцкі корпус, заклаў найбуйнейшы ў Эўропе батанічны сад.

Пастар лютэранскай кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў
Пастар лютэранскай кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў

Горадзенскую лютэранскую грамаду залажылі ў 1779 годзе. Улады Рэчы Паспалітай яе дзейнасьці не перашкаджалі, кароль падараваў ёй трохпавярховы будынак карчмы — яго тутэйшыя немцы й перабудавалі ў кірху. Сучасны выгляд яна набыла ў 1912 годзе. У савецкія часы да 1994 году тут месьціўся абласны архіў.

Дзейсную суполку зарэгістравалі ў 1993 годзе. У ёй 70 вернікаў. Кірху ім ува ўласнасьць не перадалі, але лютэране могуць у ёй праводзіць набажэнствы. Сустракаюцца штонядзелі. Цяпер у Беларусі дзьве лютэранскія юрысдыкцыі: Эвангельска-лютэранская царква (у зьвязе з Расеяй, Украінай, Казахстанам і краінамі Сярэдняй Азіяй) ды Самастойная Эвангельска-лютэранская царква (у зьвязе зь Літвой). У першай жанчыны могуць быць пастаркамі, у другой — не, у першай пасада біскупа выбарная, у другой ягоны сан пажыцьцёвы й пераемны.

Як беларускія лютэране адзначацьмуць 500-годзьдзе Рэфармацыі?

Асноўныя захады пройдуць ў Горадзенскай кірсе. 31 кастрычніка а 18 гадзіне там адбудзецца канцэрт «Горадзенскай капэлы». Урачыстасьць наведае амбасадар Нямеччыны Пэтэр Дэтмар, ён адкрые выставу пра Марціна Лютэра.

Падобныя выставы адкрылі таксама ў 7-й і 14-й бібліятэках Менску. Сьвяточны захад пройдзе ў той жа дзень а 16 гадзіне ў першай зь іх. Там пакажуць фільм пра Лютэра ды зладзяць канцэрт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG