Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва: Былы кіраўнік кампаніі Трампа схаваў мільёны даляраў, атрыманыя ад Януковіча


Пол Манафорт

Улады ЗША прад’явілі абвінавачваньні экс-кіраўніку выбарчага штабу Дональда Трампа Полу Манафорту і яго дзелавому партнэру Рыку Гейтсу па 12 пунктах, сярод якіх парушэньне правілаў фэдэральнага лябіяваньня, адмываньне грошай і змова супраць Злучаных Штатаў. Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным на сайце Міністэрства юстыцыі ЗША.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Манафорт і Гейтс схавалі мільёны даляраў. Сьцьвярджаецца, што ў пэрыяд з 2006 па 2015 год Манафорт атрымліваў грошы ад «Партыі рэгіёнаў» былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Для сыходу ад падаткаў Манафорт, паводле сьледзтва, выкарыстаў мноства афшорных кампаній — празь іх рахункі было праведзена больш за 75 мільёнаў даляраў. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што Манафорт «адмыў» больш за 18 мільёнаў даляраў. Адзначаецца, што Гейтс правёў праз афшорныя рахункі больш за тры мільёны даляраў.

Гэта першыя абвінавачаньні, выстаўленыя камісіяй спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера. Ён займаецца верагодным умяшаньнем Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.

Паводле Associated Press, Манафорт, які супрацоўнічаў з расейскім мільярдэрам Алегам Дзерыпаскам мог лабіяваць у ЗША інтарэсы ня толькі Дзерыпаскі але і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

З прычыны гэтага скандалу Манафорт і пакінуў пасаду кіраўніка штабу Трампа праз тры месяцы пасля прызначэння.

Рык Гейтс (зьлева) і Пол Манафорт
Рык Гейтс (зьлева) і Пол Манафорт

У свой час Пол Манафорт быў дарадцам у прэзыдэнцкіх кампаніях рэспубліканцаў Джэральда Форда, Рональда Рэйгана, Джорджа-Буша старэйшага, Боба Доўла, Джорджа Буша-малодшага і Джона Маккейна.

Ён таксама займаўся палітычным лабіяваньнем і кансультаваньнем палітыкаў, якія ў сусьветнай супольнасьці ўспрымаліся як дыктатары або асобы зь вельмі непрывабным палітычным воблікам: Жонаса Савімбі ў Анголе, Фэрдынанда Маркаса ў Філіпінах, Мабуту Сэсэ Сэка ў Конга.

Манафорт таксама стаў палітычным кансультантам Віктара Януковіча пасьля Аранжавай рэвалюцыі і, паводле паведамленьняў СМІ, унёс істотны ўклад у зьмену палітычнага іміджу лідэра Партыі рэгіёнаў ды ў ягоную перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году ва Ўкраіне.

Былога кіраўніка выбарчага штабу Дональда Трампа таксама абвінавачвалі ў атрыманьні ня менш як 50 мільёнаў даляраў за працу ў інтарэсах прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паводле Associated Press, адпаведны кантракт Манафорт падпісаў з расейскім мільярдэрам Алегам Дзерыпаскам у 2006 годзе, і ён дзейнічаў мінімум да 2009 году. Штогадовая выплата па ім складала 10 мільёнаў даляраў. У 2005 годзе на фоне пагаршэньня адносінаў Расеі і ЗША Манафорт распрацаваў стратэгічны плян, які, паводле яго слоў, «прынясе значную выгаду» ўраду Пуціна, паведамляла Associated Press.

Дональд Трамп пракамэнтаваў абвінавачаньні ў адрас былога кіраўніка свайго штаба, напісаўшы ў Twitter’ы, што яны адносяцца да падзей, якія адбыліся за некалькі гадоў да таго, як Манафорт стаў чальцом яго перадвыбарчага штабу. Пры нагодзе прэзыдэнт выказаў зьдзіўленьне, чаму расьсьледаваньне не вядзецца і ў дачыненьні да яго суперніцы ў прэзыдэнцкай гонцы ад Дэмакратычнай партыі, Гілары Клінтан.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG