Генэральны дырэктар Amazon Studios Рой Прайс пакінуў свой пост неўзабаве пасьля таго, як прадусар Айса Хэкет публічна абвінаваціла яго ў непрыстойных паводзінах — ён нібыта намякнуў ёй на інтымную блізкасьць падчас сустрэчы па дзелавых пытаньнях.
Прайс быў часова адхілены ад пасады пасьля таго, як абвінавачваньні Хэкет надрукавала выданьне The Hollywood Reporter. Кампанія Amazon Studios — адзін з буйных гульцоў на рынку кінабізнэсу. Яна канкуруе з Netflix і Apple. З прычыны нядаўняга скандалу Amazon Studios адмяніла прэзэнтацыю новых тэлешоў ў Лёндане.
Amazon Studios, акрамя іншых, супрацоўнічала з кампаніяй Weinstein Co. У пачатку кастрычніка аднаго зь яе заснавальнікаў Харві Вайнштэйна западозрылі ў сэксуальных дамаганьнях да акторак і супрацоўніц, якія працягваліся некалькі дзясяткаў гадоў. Аб непрыстойных паводзінах прадусара заявілі актрысы Анджэліна Джалі, Гвінет Пэлтроу, Эшлі Джад, Кара Делевінь і іншыя.
Пасьля скандалу ў прэсе Вайнштэйна выключылі з Амэрыканскай кінаакадэміі (яна штогод прысуджае прэміі «Оскар»), а праваахоўныя органы ЗША і Вялікабрытаніі пачалі расьсьледаваньне ў дачыненьні да яго.