Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: у гэты дзень пачаў дзейнічаць Трэці Статут ВКЛ


Статут ВКЛ у Музэі беларускага кнігадрукаваньня ў Полацку

Падзеі 17 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

17 кастрычніка 1588 году пачаў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага. Часам гісторыкі называюць яго першай эўрапейскай канстытуцыяй. Гэты кодэкс права на працягу 250 гадоў быў дзейным законам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Ўкраіны і складаў аснову ўсёй прававой сыстэмы Вялікага Княства.

Таксама ў гэты дзень

1448 — туркі разьбіваюць вугорскія войскі ў другой бітве на Косавым полі

1483 — папа рымскі Сыкст IV стварае гішпанскую інквізыцыю з мэтай выгнаньня з Гішпаніі арабаў ды габрэяў.

1696 — нарадзіўся Аўгуст III, вялікі князь літоўскі і кароль польскі. Аўгуст III ня меў сваіх палітычных канцэпцыяў, і таму кіравалі яго фаварыты. Цэнтральная ўлада амаль ня дзейнічала, а мясцовыя ўлады ў паветах праводзілі сваю самастойную палітыку.

1831 — Майкл Фарадэй адкрыў зьяву электрамагнітнай індукцыі.

1869 — па заданьні газэты «Нью-Ёрк Геральд» Генры Стэнлі адправіўся шукаць экспэдыцыю Дэвіда Лівінгстона, які зьнік у Афрыцы

1905 — Мікалай II падпісаў Маніфэст аб дараваньні лібэральных свабод і наданьні Дзяржаўнай Думе заканадаўчых паўнамоцтваў.

1918 — Вугоршчына аб’явіла аб незалежнасьці ад Аўстрыі.

1924 — у Пінску заснаваны Музэй Беларускага Палесься.

1933 — Альбэрт Айнштайн прыехаў у Нью-Ёрк як бежанец з нацысцкай Нямеччыны.

1959 — паўднёваафрыканская кампанія «Дэ Бірс» аб’явіла аб тым, што ёю былі зроблены першыя штучныя алмазы.

1961 — адкрыўся XXII зьезд КПСС (праходзіў да 31 кастрычніка), на якім была прынятая 3-я Праграма КПСС і аб’яўлена задача пабудовы камуністычнага грамадзтва да 1980 году. Зьезд прыняў рашэньне аб вынасе цела Сталіна з Маўзалею.

1961 — у нью-ёрскім Музэі сучаснага мастацтва была выстаўлена карціна Анры Матыса «Човен». Толькі 3 сьнежня нехта зьвярнуў увагу на тое, што карціна вісіць нагамі ўгору.

1962 — гурт The Beatles упершыню выступіў на брытанскім телебачаньні.

The Beatles
The Beatles

1964 — ў Беларусі было адкрытае першае прамысловае радовішча нафты. Вучоныя кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.

1967 — у Нью-Ёрку адбылася прэм’ера мюзікла «Валасы».

1968 — пачаўся паэтапны вывад союзных войскаў з тэрыторыі Чэхаславакіі.

1988 — у Лёндане ўпершыню выканана 10-я сымфонія Людвіга ван Бэтховэна, якую доўгі час не маглі знайсьці. Яна была адрэстаўравана ангельскім дасьледчыкам Бары Купэрам на падставе знойдзеных у Бэрліне папераў вялікага кампазытара.

1990 — прэм’ера спэктаклю «Тутэйшыя» ў Купалаўскім тэатры.

У гэты дзень нарадзіліся

1785 — Тадэвуш Валянскі, польскi гісторык і археоляг.

1865 — Люцыян Жалігоўскі, генэрал, дзяржаўны і ваенны дзеяч Сярэдняй Літвы і Польшчы.

1900 — Ібрагім Гембіцкі, беларускі графік.

У памяці

1849 — Фрэдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст.

1976 — Радаслаў Астроўскі, беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч, дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады.

Радаслаў Астроўскі
Радаслаў Астроўскі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG