Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны Літвы вырашыла закупіць нарвэскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны сярэдняй далёкасьці NASAMS. Набыцьцё, якое абыдзецца больш як на 100 млн. эўра, мае запоўніць адзін з найбуйнейшых прабелаў у абароне Літвы, паведамляе delfi.lt.

«Служба абаронных рэсурсаў Міністэрства абароны ўхваліла гэтае набыцьцё, дамова будзе падпісаная праз два тыдні», — паведаміла BNS прадстаўніца міністра для сувязяў з грамадзкасьцю і прэсай Віта Раманаускайце.

Кошт закупу яна не камэнтавала.

У апублікаваным на гэтым тыдні праекце дзяржаўнага бюджэту намячаецца, што ў бліжэйшыя тры гады на набыцьцё і мадэрнізацыю сыстэмаў СПА сярэдняй далёкасьці ў цэлым будзе выдзелена 122 млн. 379 тыс. эўра, прыблізна па роўных частках у 2018, 2019 і 2020 гадах.

Раней паведамлялася, што літоўская армія мусіць быць забясьпечаная гэтымі сыстэмамі да 2020 году. Паветраная абарона — адно з самых слабых месцаў краінаў Балтыі ў вайсковым сэнсе. Літва, Латвія і Эстонія цяпер валодаюць толькі сыстэмамі супрацьпаветранай абароны малой далёкасьці, яны здольныя зьнішчаць аб’екты на адлегласьці 3-5 кілямэтраў.

Нарвэскія ракетныя комплексы могуць ляцець некалькі дзясяткаў кілямэтраў і зьбіваць цэлі на вышыні 15 кілямэтраў.

З мэтай гарантыі бясьпекі паветранай прасторы на трэцім этапе краінам Балтыі спатрэбіцца шчыт СПА вялікі далёкасьці, такі, як ракетныя комплексы Patriot. Гэтым летам ЗША ўпершыню дыслякавалі такія ракеты ў Літве на час вучэньняў. Спэцыялісты ў сфэры абароны разглядаюць магчымасьць таго, што літоўскую паветраную прастору маглі б пакрываць сыстэмы Patriot, якія плянуе набыць Польшча.

У наступным годзе, паводле плянаў, літоўскі абаронны бюджэт мае дасягнуць натаўскага стандарту — 2% ад ВУП, гэта значыць у выпадку Літвы 873 млн. эўра.

XS
SM
MD
LG